В Докшицах состоялось мероприятие, приуроченное ко Дню народного единства
У Докшыцах адбыўся канцэрт, прымеркаваны да Дня народнага адзінства. Гэта свята, якое сімвалізуе згуртаванасць беларускага народа, пераемнасць пакаленняў і адказнасць за будучыню краіны.
Перад прысутнымі выступіў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала.
– Дзень 17 верасня – гэта адна з трох гістарычных дат, разам з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці, якія даюць магчымасць азірнуцца ў мінулае, каб мацаваць сённяшні дзень і абараняць будучае, – адзначыў Сяргей Уладзіміравіч. – Гісторыя нашага раёна – сведчанне каштоўнасці народнага адзінства. Да 1939 года Докшыцы і Бягомль былі падзелены мяжой. Гістарычны верасень назаўсёды сцёр бар’еры і вярнуў землякам радасць разам жыць і працаваць на роднай зямлі. Сёння мы ўпэўнена глядзім у будучыню, разам гатовы супрацьстаяць любым выклікам і сваёй стваральнай працай рабіць усё, каб наша краіна заставалася паспяховай і незалежнай дзяржавай. Няхай гэта свята напаўняе сэрцы пачуццём гонару і любові, дапамагае цаніць тое, што ў нас ёсць: мір, стабільнасць і дабрабыт.
Сімвалічна, што ў раёне ў Дзень народнага адзінства прымаюць у рады грамадскіх аб’яднанняў новых членаў – актыўных, таленавітых, якія імкнуцца ўнесці асабісты ўклад у развіццё Беларусі. Для ўручэння білетаў РА РГА “Белая Русь” і раённага аддзялення Віцебскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” на сцэну былі запрошаны іх старшыні Алёна Таляронак і Алена Камінская. Да грамадскіх аб’яднанняў ва ўрачыстай абстаноўцы далучыліся Алеся Бакшцеева, Лілія Бальчэўская, Аксана Белавус, Святлана Плыгаўка, Алена Паляніна, Аксана Гушчык, Аляксандр Трахінін, Анжаліка Ра-дзюш і Дзмітрый Сіўцэвіч.
Музычная частка канцэртнай праграмы парадавала сваёй разнастайнасцю. Гучалі шчырыя і пранікнёныя песні пра любоў да роднага краю, мірнае неба, сяброўства і згуртаванасць беларусаў. Свае лепшыя вакальныя і інструментальныя нумары гледачам падарылі добра вядомыя калектывы раёна, таленавітыя маладыя выканаўцы.
Свята даказала, што сіла беларусаў у іх адзінстве, вернасці сваім караням і адданай працы для шчаслівай будучыні роднай зямлі.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.
















