18 отделений почтовой связи работает в Докшицком районе
9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты
9 кастрычніка 1874 года прадстаўнікі некалькіх дзясяткаў краін падпісалі Бернскі дагавор, якім быў заснаваны Генеральны паштовы саюз. Дзень падпісання дакумента сёння адзначаецца як Сусветны дзень пошты.
У аснове работы РУП “Белпошта” дэвіз «Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць”. За гэтымі словамі стаяць захаванне стандартаў прыёму, апрацоўкі, перасылкі і дастаўкі паштовых адпраўленняў, укараненне новых тэхналогій і штодзённая праца калектыву.
У нашым раёне дзейнічаюць адно гарадское і 17 сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі.
Малады спецыяліст Кацярына Аліноўская (на здымку) са жніўня працуе спецыялістам па паштовай дзейнасці ў АПС № 1 г. Докшыцы. Яна скончыла Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Выбар прафесіі, як прызнаецца Кацярына, быў спантанным. Хацелася вучыцца ў Віцебску – горадзе, які яна палюбіла яшчэ ў школьныя гады: тады ж Кацярына захаплялася лёгкай атлетыкай, займалася ў Докшыцкай ДЮСШ і прадстаўляла раён на спаборніцтвах у абласным цэнтры. Докшыцы – яе малая радзіма, і гэта, лічыць дзяўчына, дапамагае ў рабоце.
– Сярод кліентаў пошты прыемна сустракаць суседзяў, аднакласнікаў, проста знаёмых, – расказвае Кацярына. – Сёння адчуваю сябе ўпэўнена, хоць напачатку, зразумела, былі складанасці. Для мяне галоўнае – знайсці падыход да кожнага кліента, выслухаць чалавека і аказаць паслугу, якая яму патрэбна. Асобна хачу сказаць пра наш працоўны калектыў, адметныя рысы якога – паразуменне і ўзаемная дапамога. Менавіта таму вельмі ўдзячна сваім калегам: такія зносіны дазваляць працаваць эфектыўна і якасна.
Першым настаўнікам маладога спецыяліста стала начальнік участка паштовай сувязі Докшыцы Пастаўскага РВПС Ганна Маркава. Яна адзначае стараннасць Кацярыны і яе жаданне вучыцца. А гэта важныя якасці для чалавека, чыя работа патрабуе ўважлівасці, адказнасці і добразычлівасці.
Начальнік участка паштовай сувязі Докшыцы Пастаўскага РВПС Ганна Маркава:
– Карыстаючыся выпадкам, напярэдадні Сусветнага дня пошты жадаю ўсім паштавікам моцнага здароўя, дабра, дасягнення пастаўленых мэт і высокіх паказычкаў. Няхай кожны працоўны дзень прыносіць радасць, пазітыў і добры настрой.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

