Жировичи: один день в вечности. Паломники из Волколат посетили Свято-Успенский Жировичский монастырь

Паломнікі з Валкалат перад Успенскім саборам.

Паломнікі з Валкалат перад Успенскім саборам.

Для чаго варта наведаць Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр? Думаецца, адказ на гэта пытанне ў кожнага свой. Хтосьці едзе туды як звычайны турыст, які цікавіцца гісторыяй і архітэктурай Беларусі. Нехта верыць у моц  адной з галоўных святынь беларускай зямлі Жыровіцкай іконы Божай Маці і святых крыніц і спадзяецца з іх дапамогай пазбавіцца ад хваробы ці душэўнай пакуты. Многія кіруюцца ў манастыр у выпадках, калі не знаходзіцца адказу на вострае пытанне, калі навальваюцца праблемы, не стае сіл перажыць гора, трывожаць перамены ў жыцці. Мусіць, шмат і тых, хто хоча проста правесці нейкі час у цішыні намоленых сцен, каб гарманізаваць свой унутраны свет. “Ищите и обрящете”, – сказаў Ісус Хрыстос. Шматвекавая гісторыя Жыровіцкага манастыра таму пацвярджэнне.

ЕН 2311

Прадмова

Нялёгкая задача, шаноўныя чытачы, распавесці вам пра гэту святыню, не збіваючыся на простае апісанне ўбачанага і разам з тым залішне не паглыбляючыся ў свет уласных эмоцый і ўражанняў – усё ж такі гэта рэч інтымная. Адно лічу бясспрэчным: пабываць у манастыры варта хаця б раз у жыцці, каб – бяру на сябе нахабства крыху перафразаваць геніяльнага Барадуліна – душою сваёй пачысцець і памножыць святое штосьці.

Пра адзін дзень у вечнасці – гэта не для прыгожага слоўца. Успрыманне часу пакінула, як толькі апынулася на тэрыторыі манастыра, у акружэнні храмаў. Дзіўным чынам зніклі нават гукі навакольнага – мірскога – жыцця. А вось тая самая повязь часоў – яна якраз наадварот адчулася настолькі яскрава, калі не сказаць востра, што нават халадок па целе прайшоў. І яшчэ адна дзіўная метамарфоза адбылася: першы раз прыехала ў гэта святое месца, а падалося, што была тут раней, і не аднойчы…

Кароткі экскурс

Свята-Успенскі Жыровіцкі мітрапаліцкі мужчынскі манастыр быў заснаваны ў 1520 годзе і на працягу пяці стагоддзяў не зачыняўся. На яго тэрыторыі знаходзяцца Успенскі сабор, Нікольская, Яўленская, Крыжаўзвіжанская, Георгіеўская цэрквы, Вадасвяцкая капліца, а таксама Мінская духоўная семінарыя, званіца, брацкі корпус, манастырскія могілкі, дом паломніка для мужчын, царкоўная лаўка і трапезная.

s

На пярэднім плане Яўленская царква, далей — Крыжаўзвіжанская.

 

У Крыжаўзвіжанскай царкве.

У Крыжаўзвіжанскай царкве.

Галоўная святыня манастырскага комплексу – цудатворная нерукатворная ікона Божай Маці Жыровіцкай, якая захоўваецца ва Успенскім саборы, а на зіму пераносіцца ў Нікольскую царкву. Ікона самая маленькая з ікон Божай Маці ў хрысціянскім свеце: яе памер 5,6 на 4,4 сантыметра. На авальнай пласціне з ружовай яшмы – рэльефная выява Дзевы Марыі і маленькага Ісуса. Абраз цудадзейны яшчэ і тым, што бліжэйшае месцанараджэнне яшмы – Уральскія горы. Таксама ў саборы знаходзіцца крыж-машчавік, а ў іншых цэрквах – часцінкі мошчаў святых Мікалая Цудатворца, Опцінскіх старцаў, Еўфрасінні Полацкай, Аляксандра Свірскага, Матроны Маскоўскай і інш. На месцы першага з’яўлення іконы Божай Маці, а таксама паблізу яго б’юць цудатворныя крыніцы, у якіх хворыя па веры сваёй атрымліваюць цялеснае ці духоўнае вылечванне. Паломнікі набіраюць святой вады і могуць акунуцца ў купелі.

Святыя крыніцы.

Святыя крыніцы.

У Мінскай духоўнай семінарыі, якая з’яўляецца вышэйшай багаслоўскай навучальнай установай Беларускай Праваслаўнай Царквы, рыхтуюць святароў, багасловаў, педагогаў, іншых царкоўных служыцеляў. У семінарыі ёсць Царкоўна-археалагічны музей, дзе, на жаль, пабываць не давялося. На манастырскім падворку (а землі манастыра, між іншым, каля 100 гектараў, з якіх ворыўных – 60) ёсць сад, агароды і пасека, рыбная гаспадарка, птушка- і свінафермы, утрымліваюцца табун коней, статак авечак. Да ўсяго яшчэ манахі пякуць свой хлеб, які дазволена купіць паломнікам. Ёсць і “Эдэмскі сад”, дзе можна палюбавацца на дзікіх жывёл і птушак. Звесткі гэтыя толькі вяршыня айсберга, скажам так, пункцірнае акрэсліванне ўсяго таго, пра што трэба шмат чытаць і, вядома ж, бачыць на ўласныя вочы.

Фрагмент манастырскага двара.

Фрагмент манастырскага двара.

Суб’ектыўнае эмацыйнае

Як на маю думку, у манастыр (ды і ў любы храм) усё ж лепш ехаць у адзіночку ці з некалькімі блізкімі людзьмі, загадзя падрыхтаваўшыся да паездкі ў інфармацыйным плане, каб не траціць каштоўныя хвіліны (якіх, паўтаруся, не адчуваеш) на засваенне новых ведаў. Так, манахі-экскурсаводы, безумоўна, на вышыні, але знаходжанне ў пэўных рамках для поўнага пранікнення ў атмасферу святыні не ёсць правільна. Кожная з цэркваў манастыра – асобны маленькі свет, адчуванне якога рэч настолькі тонкая, што не перадаецца словамі. У кожным храме знаходзіцца “свая” ікона, каля якой хочацца затрымацца надоўга. Ва Успенскім саборы, дзе мелі магчымасць падаць запіскі і паставіць свечкі за памерлых родных і блізкіх (была якраз памінальная бацькоўская Пакроўская субота), у мяне лавінай хлынулі слёзы, і, мусіць, упершыню за доўгія гады гэтыя слёзы былі не балюча-пакутлівыя, а нейкія светла-ачышчальныя, ад якіх станавілася лягчэй на душы. Ці трэба казаць, што зыходзіць з храма зусім не хацелася… У Крыжаўзвіжанскай царкве, дзе да алтара вядзе высокая драўляная лесвіца, міжволі ўзнікла жаданне падняцца па ёй на каленях, як гэта рабілі раней багамольцы, прыкладаючыся да мошчаў, што былі ўроблены ў спецыяльных каўчэжцах у кожную прыступку. А калакольны звон – гэта ўвогуле штосьці незямное: падаецца, што ўзносішся ўвысь разам з чароўным гучаннем званоў, вырываешся з рэальнасці, ляціш туды, дзе няма ні болю, ні трывог, ні марнай мітусні, а ёсць толькі святло і спакой…

Звіняць званы – душа ўзлятае....

Звіняць званы – душа ўзлятае….

Замест пасляслоўя

Самая найлепшая ацэнка любога месца на зямлі – гэта жаданне пабываць там яшчэ і яшчэ. Спадзяюся на тое.

У мінулым годзе Жыровіцкі манастыр адсвяткаваў сваё 555-годдзе. Па даручэнні Прэзідэнта падчас візіту ў 2021-м, да юбілею праведзена значная рэканструкцыя ў першую чаргу Успенскага сабора, дзе работы па рэстаўрацыі вядуцца і зараз, а таксама Яўленскай царквы. Працягваецца і рэканструкцыя Георгіеўскай царквы, пабудаванай у 18 ст. з дрэва. Храм узнаўляюць у новым матэрыяле, але ў тым жа гістарычным абліччы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *