ОАО «Торгуны» делает акцент на плющенное зерно кукурузы
Для паўнацэннага кармлення буйной рагатай жывёлы кукуруза без сумнення неабходная. Апошнім часам паўсюдна, і ў нашым раёне ў тым ліку, назіраецца перамяшчэнне акцэнту з сіласнага кірунку на зерневы. Першай ластаўкай у гэтым працэсе стала адкрытае акцыянернае таварыства “Таргуны”, дзе плошча пад кукурузу на зерне самая значная – больш за траціну ад агульнай па раёне.
– Ключавой тэхналагічнай асаблівасцю апошніх гадоў стала маштабнае ўкараненне плюшчання кукурузнага зерня, – адзначае кіраўнік праекта ААТ “Таргуны” Васілій Чараднік. – Дадзеная тэхналогія дазваляе пачаць уборку раней, і, што важна, вільготнасць зерня можа даходзіць да сарака працэнтаў, а гэта не толькі змяншае затраты на сушку, але і павышае засваяльнасць корму жывёлай. Плюшчаннем кукурузы займаемся ўжо добры дзясятак гадоў, і эфектыўнасць выкарыстання такога зерня ў рацыёне БРЖ стабільна дае станоўчыя вынікі ў плане павышэння надояў і сярэднясутачных прываг на адкорме. Сеем у асноўным гібрыды, у тым ліку і беларускай селекцыі: яны характарызуюцца высокай кармавой прадукцыйнасцю, устойлівасцю да многіх неспрыяльных прыродных і кліматычных фактараў, высокай ураджайнасцю і здольнасцю хутка аддаваць вільгаць.
Пабывалі на палетках гаспадаркі каля Тумілавіч, дзе чатыры камбайнеры – Юрый Малюжанец, Уладзімір Сайковіч, Сяргей Ралавец і Валерый Сухоцкі – вядуць уборку кукурузы на зерне. Царыца палёў там вырасла на славу, і ўраджайнасць зерня складае амаль 100 цэнтнераў з гектара. Нездарма паласавацца сакавітымі пачаткамі прыходзяць і лясныя жыхары. Гул камбайнаў, відаць, спудзіў дзіка, што, добра паснедаўшы, задрамаў у густэчы кукурузных насаджэнняў, – памчаў вяпрук па скошаным участку да бліжэйшага лясочка з хуткасцю ракеты.
На збожжатаку таксама на ўсю моц кіпела работа. Гара залацістага зерня ўвачавідкі змяншалася. Да КВК, на якім рупіўся Аляксандр Трус, каштоўную масу падвозіў на кампактным пагрузчыку Аляксандр Маскалёнак. Нагадаем, што абодва Аляксандры былі героямі сёлетніх “Дажынак” у Міёрах. Непадалёк абслугоўваннем плюшчыльнай машыны, з якой зерне адразу ж паступае ў палімерныя рукавы на захоўванне, займаўся на трактары МТЗ-1221.3 малады механізатар Дзяніс Саковіч. Хлопец працуе ў гаспадарцы трэці год, але зарэкамендаваў сябе дастойна, таму і даверана яму такая адказная праца. У рукаў памяшчаецца ад 80 да 105 тон “плюшчанкі”, якая выдатна захоўваецца на працягу доўгага часу, не страчваючы пажыўных якасцей.
Валавы збор кукурузы на зерне ў “Таргунах” плануецца прыкладна шэсць тысяч тон. Работа набліжаецца да завяршэння, і па стане на раніцу ўчарашняга дня намалочана 5093 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 87,7 цэнтнера з гектара. Заплюшчана 1933 тоны зерня.
Выдатнымі тэмпамі ідзе ўборка кукурузы і ў ААТ “Барсучанка”, дзе пад зерне яе адведзена 400 гектараў. Намалацілі амаль тры тысячы тон, заплюшчылі больш за дзве. Сярэдняя ўраджайнасць складае 82,3 цэнтнера з гектара, а на асобных участках – амаль 180! Перасягнулі экватар уборкі аграрыі КУСГП “Гняздзілава-Агра”, завяршылі работы ў “Бягомльскім”, набіраюць тэмпы ў КУСГП “АграСітцы” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Пакуль стаіць надвор’е, трэба спяшацца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.



