Для бывшего передового механизатора колхоза «Заря коммунизма“, нынешнего ОАО «Торгуны», кавалера трех орденов Николая Москаленка 7 ноября праздник двойной

IMG_9567 с

Для былога перадавога механізатара калгаса “Зара камунізму”, які пасля стаў ААТ “Таргуны”, кавалера трох ордэнаў Мікалая Маскалёнка 7 лістапада свята двайное. Справа ў тым, што адна з яго высокіх узнагарод – менавіта ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

У свае “за семдзесят” легенда нашага раёна, якому сёлета прысуджана высокае званне “Ганаровы жыхар горада Докшыцы”, не жыве аднымі ўспамінамі, а вядзе звыклае, а гэта значыць, неадрыўнае ад тэхнікі жыццё: водзіць машыну, маючы ўласны трактарок, дапамагае аднавяскоўцам апрацоўваць соткі і агароды, цікавіцца палітычным і культурным жыццём краіны, падтрымлівае сяброўскія зносіны, з’яўляецца мудрым дарадчыкам для дзяцей і ўнука.

Мікалай Антонавіч нарадзіўся і вырас у Таргунах. Нават думкі не ўзнікала ў яго паехаць па шчасце і доўгі рубель, як гаварылі, у свет. На парозе дарослага жыцця юнак бачыў сябе толькі на радзіме, сярод людзей, якіх паважаў і з якіх хацеў браць прыклад, у працы на зямлі – вечнай, высакароднай, святой, ва ўласным доме, ля якога пасадзіць сад, з каханай і вернай жанчынай і дзецьмі побач. Так усё і сталася. Атрымаўшы ў Глыбокім правы трактарыста-машыніста, а затым у Докшыцах – вадзіцеля, адслужыўшы ў арміі, дарэчы, на славутым Байкануры, Мікалай вярнуўся дадому і апантана ўзяўся за працу. Згадвае, у той час старшынёй калгаса быў Людвіг Петрашкевіч, чыя, можна сказаць, бацькоўская падтрымка і натхняла, і давала ўпэўненасць у сваіх сілах. Тыя ж адносіны да сябе адчуваў і ад Уладзіміра Новікава, што праз некалькі гадоў змяніў Петрашкевіча на пасадзе кіраўніка “Зары камунізму”. Камфортна пачувалася маладому хлебаробу і ў калектыве, дзе заўсёды мог разлічваць на дапамогу і добрую параду. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: ужо ў 24 гады, як сам зазначае, у камсамольскім узросце, Мікалай Маскалёнак за працоўныя дасягненні быў прадстаўлены да ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.

З Уладзімірам Новікавым.

З Уладзімірам Новікавым.

Праз дзесяць гадоў на парадным пінжаку Мікалая Антонавіча заззяў яшчэ адзін ордэн – той самы, Кастрычніцкай Рэвалюцыі. А яшчэ праз год, у 1987-ым, у складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці перадавы механізатар едзе ў Маскву на святкаванне 70-годдзя гэтай знамянальнай падзеі. Да гэтага ў сталіцы Савецкага Саюза бываць ужо даводзілася – і на ВДНГ, і на Краснай плошчы, і ў многіх іншых адметных месцах “златоглавой”. А вось тая паездка асабліва запомнілася. Уразіў велізарны Крамлёўскі палац з’ездаў, памятае цёплае і эмацыянальнае выступленне Міхаіла Гарбачова, які напрыканцы выказаў надзею сустрэцца на 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі… Пра тое, што гэтаму не суджана збыцца, даведаліся ўсяго праз некалькі гадоў, калі вялікая дзяржава пад назвай СССР перастала існаваць.

23 працаўнікі нашага раёна ўзнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, з іх 20 – работнікі сельскай гаспадаркі.

– Але, якія б палітычныя змены ні адбываліся, расціць хлеб – справа вечная, – слушна рэзюмуе Мікалай Антонавіч.

Гэтай справе ён аддаў амаль паўвека. Успамінае, як пачынаў на камбайне СК-4, у якім нават кабіны не было. Затым перасеў на “Ніву”, што адслужыла яму верна дзесяць гадоў. А на камбайне Е-516 вытворчасці тады яшчэ ГДР працаваў ажно дзевятнаццаць! Ну а апошні этап працоўнай дзейнасці звязаны з “Мега-204”. “Нямецкі таксама, толькі выраблены ў ФРГ, – згадвае, і ў вачах загараюцца агеньчыкі: – Адзіны на ўвесь раён быў такі!” Цікавімся, як ішлі справы з яго рамонтам. “Рамантавалі, калі была патрэба. Ці ж мы дурнейшыя за немцаў?” – смяецца.

Мікалай Антонавіч тройчы займаў першае месца ў абласных спаборніцтвах, быў іх шматразовым прызёрам. Дзесяць разоў меў гонар прымаць удзел у рэспубліканскіх “Дажынках”, дзе ўзнагароджваўся рознага роду каштоўнай бытавой тэхнікай, а ў 2001 годзе ў Мазыры Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў яму аўтамабіль. Праз тры гады Мікалай Маскалёнак зноў стаў ардэнаносцам – гэтым разам быў удастоены ордэна “Знак Пашаны”.

Каля будынка райвыканкама пасля ўручэння ўзнагарод (злева направа): механізатары Іван Чуро, Мікалай Маскалёнак, даярка Марыя Сайковіч, механізатар Вячаслаў Каралевіч і вадзіцель Яўген Рабец. 1986 год.

Каля будынка райвыканкама пасля ўручэння ўзнагарод (злева направа): механізатары Іван Чуро, Мікалай Маскалёнак, даярка Марыя Сайковіч, механізатар Вячаслаў Каралевіч і вадзіцель Яўген Рабец. 1986 год.

Грамат, падзяк розных узроўняў, пасведчанняў пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва ў Мікалая Антонавіча дакладна больш за сотню – спрабавалі злічыць і збіліся. Усё вельмі акуратна захоўваецца – у папках, прыгожых каробках, нават у партфелях. “Не для таго, каб ганарыцца: вось які я герой! – зазначае шчыры суразмоўца. – Гэта для памяці. Гляджу на дату ўручэння, згадваю, дзе і як тое адбывалася, хто яшчэ са мной быў узнагароджаны…”

Размаўлялі з Мікалаем Антонавічам доўга, і размова тая была не толькі пра яго самога, а і пра тых людзей, з кім яму давялося працаваць, сябраваць, пра тых, на якіх раўняўся, якіх вельмі паважаў і цаніў як спецыялістаў, і гэтак далей. Столькі добрых слоў для ўсіх знайшлося ў нашага героя! Аднак папрасіў нічыё імя не ўпамінаць у артыкуле, “каб не пакрыўдзіліся тыя, каго выпадкова не ўспомніў”.

Адзначыце свята?” – цікавімся перад развітаннем. “Абавязкова, – адказвае. – Канешне, са сцягамі і шарамі па Таргунах не пойдзем, – смяецца, – а вось сабрацца за сяброўскім сталом і прыгадаць былое – гэта святое”. І цудоўна. Тым болей – прыгадаць сапраўды можна многае.

Без малога адзінаццаць дзесяцігоддзяў аддзяляюць нас ад таго часу, калі выстрал легендарнай “Аўроры” абвясціў аб пачатку ўзброенага паўстання ў Петраградзе – штурме Зімняга палаца і арышце Часовага ўрада, што прывяло ў далейшым да прыходу да ўлады партыі бальшавікоў, ліквідацыі капіталістычнага ладу ў Расіі, утварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. І калі ў Расіі свята 7 лістапада паступова страціла сваё асноўнае значэнне і перастала быць выхадным днём, то мы, беларусы, па-ранейшаму святкуем Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, аддаючы даніну павагі гістарычным падзеям, што сталі кропкай адліку фарміравання нашай нацыянальнай дзяржаўнасці.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА і з архіва героя публікацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *