Инновационный проект методистов Докшицкого районного центра детей и молодежи признан лучшим в республике

photo_2026-10-27_17-

Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі святкуе чарговую перамогу: інавацыйны праект “СЭРЦА.BY: Палёт Дабра. Светлыя гісторыі пад белымі крыламі” метадыстаў Алесі Вайцяховіч і Алены Чаркасавай прызнаны найлепшым у рэспубліцы.

Праект увасоблены падчас летняй аздараўленчай кампаніі на базе лагера “Усмешка”, дзе юныя адпачывальнікі вялі ўнікальныя дзённікі.

– У назву праекта мы заклалі дакладную педагагічную формулу: сэрца – гэта вытокі Докшыцкай зямлі і, галоўнае, сэрцы саміх дзяцей: іх чуласць, спагадлівасць і дабрыня, – патлумачыла Алеся Вайцяховіч. – BY – наша Беларусь. Гэта рэальныя высакародныя ўчынкі тут і зараз – для родных людзей і свайго краю. Палёт Дабра – адлюстраванне бесперапыннага дзеяння. Каб зрабіць карысную справу, дзецям патрэбна было прыкласці намаганні.

Як расказалі метадысты, падчас лагернай змены дзеці не сядзелі ў кабінетах. Кожны новы дзень адкрываў для іх родны край. Напрыклад, рабяты ездзілі ў Альпака-парк – вучыцца дабрыні і клопату пра жывёл. Пакланіліся подзвігу лётчыкаў каля помнікаў экіпажу Мікалая Гастэлы і Івану Палявому, дакрануліся да старажытнага Варацішына крыжа. А колькі было захаплення на сплаве на байдарках па Бярэзіне! Лес, паходны чай з кацялка і жывыя зносіны – зусім без тэлефонаў. Так размовы пра важнае станавіліся для дзяцей каштоўным жыццёвым вопытам.
Алеся Вячаславаўна прэзентавала праект на рэспубліканскім семінары-нарадзе “Кіраўніцкія і арганізацыйныя аспекты правядзення летняй аздараўленчай кампаніі 2026 года: рэспубліканскі вектар і рэгіянальная практыка”, які адбыўся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У выніку прадстаўленая работа была ўдастоена дыплома I ступені ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэй!”.
А напярэдадні гэты праект, як і праект “Падарожжа спадарыні Усмешкі”, рэалізаваны ў тым жа выхаваўча-аздараўленчым лагеры “Усмешка” загадчыкам аддзела цэнтра Юліяй Стадольнік і педагогам-арганізатарам Вітай Савулавай, удастоены дыпломаў І ступені ў розных намінацыях на абласным этапе.

Высокі ўзровень педагагічнага майстэрства ў арганізацыі летняга аздараўлення ў Цэнтры дзяцей і моладзі пацвярджаецца і іншымі перамогамі. Да прыкладу, у мінулым годзе праект Алесі Вайцяховіч і Алены Чаркасавай змены “Дзяцінства пад белымі крыламі” быў удастоены дыплома І ступені Міністэрства адукацыі, а сёлета Алеся Вячаславаўна да таго ж стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Лабараторыя канікул “Лета-2026”.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота прадастаўлена Цэнтрам дзяцей і моладзі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *