В Докшицком районе прошел слет молодых специалистов
Знаёмства з равеснікамі, шчырая размова пра важнае з кіраўніцтвам раёна, работа на інтэрактыўных пляцоўках і вайб на забаўляльнай праграме – такім атрымаўся злёт маладых спецыялістаў 2026 года ў Докшыцах.
Маштабнае мерапрыемства стартавала ў кінаканцэртнай зале “Іскра”, дзе маладыя спецыялісты пазнаёміліся з дзейнасцю шматлікіх клубных фарміраванняў гарадскога Цэнтра культуры. Перад імі выступілі творчыя калектывы.
Па традыцыі ўдзельнікі злёту ўсклалі кветкі да Брацкай магілы на плошчы імя І.С. Палявога, дзе прайшоў мітынг памяці.
А пасля пачалася работа ў групах на розных інтэрактыўных пляцоўках: у Цэнтры дзяцей і моладзі, ФСК “Ураджай”, Турыстычна-інфармацыйным цэнтры, Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Моладзь пазнаёмілася з культурна-турыстычным патэнцыялам раёна, магчымасцямі аздараўлення і адпачынку, дзейнасцю раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Дарэчы, ад “Белай Русі” ўдзельнікі форуму атрымалі падарункі.
А ў Цэнтры дзяцей і моладзі юнакоў і дзяўчат чакала сустрэча з намеснікамі старшыні райвыканкама Аксанай Палачанінай і Сяргеем Карчэўскім, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццянай Гайчук. Спецыялісты расказалі пра ўражанні на першым працоўным месцы і створаныя жыллёва-бытавыя ўмовы, агучылі прапановы па арганізацыі баўлення вольнага часу, якія прадстаўнікі ўлады ўзялі на заметку.
Не менш шчырым атрымаўся адкрыты дыялог з удзелам кіраўніцтва раёна, які адбыўся ў вялікай зале райвыканкама.
– Вельмі рады, што працоўныя рады раёна папоўнілі новыя кадры, – звярнуўся да маладых спецыялістаў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала. – Хочацца пажадаць вам поспехаў і ўпэўненасці на прафесійным шляху.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што Докшыччына славіцца сваімі людзьмі, а маладзёжная супольнасць займае асаблівае месца. Моладзь актыўна праяўляе сябе ў грамадскіх аб’яднаннях, эканамічнай, сацыяльнай і іншых галінах.
– Аднак не адзінай працай жыве чалавек, – зазначыў Сяргей Уладзіміравіч. – Кожнаму пачаткоўцу патрэбны зносіны з аднадумцамі, падтрымка калег, насычанае культурнае і спартыўнае жыццё. Мы імкнёмся стварыць усе ўмовы, каб вы адчувалі сябе камфортна не толькі на рабоце, але і ў побыце.
Перад спецыялістамі выступілі намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Клігус і дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 209 ААБ “Беларусбанк” Наталля Юковіч, якія паведамілі аб магчымасцях набыць жыллё і льготных крэдытах.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Явід расказала пра мерапрыемствы, акцыі і конкурсы, якія праходзяць у раёне і дзе кожны можа рэалізаваць лідарскія, творчыя ці спартыўныя здольнасці.
Пра першыя крокі ў прафесіі на докшыцкай зямлі распавялі зубны тэхнік ЦРБ Юлія Шышова і настаўнік пачатковых класаў СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч Анастасія Васілевіч, таксама маладыя спецыялісты.
У рамках дыялогу старшыня райвыканкама Сяргей Абірала адказаў на разнапланавыя пытанні ўдзельнікаў злёту. Яны тычыліся як яго асабістага станаўлення ў прафесіі, вялікай адказнасці перад землякамі, так і актуальных спраў у раёне – напрыклад, падрыхтоўкі да абласнога свята “Дажынкі-2027”, што адбудзецца ў Докшыцах.
На памяць пра сустрэчу маладыя спецыялісты падарылі Сяргею Абіралу маляванку “Герб горада Докшыцы”, якую стварылі сваімі рукамі падчас злёту, і падзякавалі за садзейнічанне ў вырашэнні рабочых і жыллёвых пытанняў.
Завяршыўся гэты насычаны дзень культурна-забаўляльнай праграмай “Злавіць агульны вайб” у ККЗ “Іскра”.
Сёлета ў Докшыцкі раён прыбылі 86 маладых спецыялістаў: у сельскую гаспадарку – 22; ахову здароўя – 17; сферу адукацыі – 11; праваахоўныя органы, РАНС – 11; лясную гаспадарку – 7; жыллёва-камунальную гаспадарку – 6; будаўнічыя, меліярацыйныя і дарожныя арганізацыі – 3; галіну спорту – 2; сферу размеркавання газападобнага паліва і прамысловасць – 2; культуру – 2; сувязь – 1; іншыя галіны – 2.
Уражаннямі ад свята падзяліліся Дзіяна Спічонак, Антаніна Гайдук, Алеся Карпека, маладыя спецыялісты Бягомльскага лясгаса, і Вікторыя Баранава, настаўнік па класе цымбал ДШМ імя Н. Сакалоўскага.
Алеся:
– Мы мясцовыя, вучыліся ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы і задаволены, што вярнуліся на адпрацоўку дамоў. У лясгасе нас сустрэлі прыветліва, назначылі індывідуальных настаўнікаў, якія дапамагаюць разабрацца ў нюансах работы. Асабіста за мной замацаваны ўчастак плошчай у паўтары тысячы гектараў, і напачатку я надта хвалявалася наконт таго, каб справіцца з усімі абавязкамі як мае быць.
На злёце прыемна было пазнаёміцца з такімі ж маладымі спецыялістамі, абмеркаваць надзённыя пытанні.
Дзіяна:
– Форум каштоўны зносінамі з кіраўніцтвам раёна. З залы прагучалі цікавыя пытанні, на якія былі дадзены такія ж цікавыя адказы. Мы адчулі, што ў любой няпэўнай сітуацыі можна звярнуцца да прадстаўнікоў улады па дапамогу і атрымаць яе.
Антаніна:
– Спадабалася работа ў групах: калі яшчэ наведаеш за адзін дзень столькі аб’ектаў? Асабліва, думаю, гэта было карысна для прыезджых з іншых рэгіёнаў. Вялікі дзякуй арганізатарам за сапраўднае свята.
Вікторыя:
– Родам я з Расон. Дабірацца да Докшыц не вельмі зручна, але ж у цэлым на новым месцы жыхарства ўсё па душы. Сярод гарадскіх пейзажаў прыцягвае ўвагу возера – кожны раз, праходзячы побач, захапляюся яго прыгажосцю.
Закончыла Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж і люблю ўсё, што звязана з музыкай. Вобразна кажучы, мне добра там, дзе ёсць сцэна. Тым больш што ў Докшыцах трапіла ў цудоўны калектыў школы мастацтваў. А дзякуючы злёту маладых спецыялістаў у мяне склалася больш поўная карцінка пра горад, раён, мясцовых жыхароў і тутэйшыя традыцыі.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.




















