16 торговых объектов в деревнях и агрогородках Докшицкого района обслуживает УП «Полоцкий рынок г. Витебска»
Па прычыне рэарганізацыі Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства ў шэрагу населеных пунктаў нашага раёна ў перыяд з 10 кастрычніка па 10 лістапада адкрыты гандлёвыя аб’екты, якія знаходзяцца на абслугоўванні ўнітарнага прадпрыемства “Полацкі рынак г. Віцебска”. Станоўчыя змены, звязаныя з гэтым пераходам, ужо адзначылі жыхары чатырнаццаці вёсак і аграгарадкоў Докшыччыны. Учора адкрыццё адбылося яшчэ ў двух аграгарадках – Крулеўшчыне і Бярозках.
– Імкнёмся зрабіць як мага больш для таго, каб людзі ў сельскай мясцовасці маглі адчуваць сябе ў плане гандлёвага абслугоўвання гэтак жа камфортна, як і ў гарадах, – каментуе падзею намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Наталля Лукша. – Узмоцнена працуем над тым, каб у бліжэйшы час абслугоўванне населеных пунктаў аўтакрамамі было перададзена ад абласнога спажывецкага таварыства таварыству з абмежаванай адказнасцю “Еўраторг” – буйнейшаму харчоваму рытэйлеру ў Беларусі, які кіруе вядомымі гандлёвымі сеткамі “Еўраопт”, “Хіт!” і “Грошык”. Дакументы ўжо ў стадыі падрыхтоўкі, і, мяркую, да канца бягучага года справа будзе вырашана. Акрамя таго, райвыканкам звярнуўся да суб’ектаў малога бізнесу з прапановай адкрыцця гандлёвых кропак яшчэ ў некалькіх населеных пунктах, такіх, напрыклад, як Чырвонае Беразіно, Вітунічы. Спадзяёмся, ініцыятыва зацікавіць прадпрымальнікаў і ў выніку паявяцца новыя гандлёвыя аб’екты на карысць абодвум бакам.
Сапраўды, шмат станоўчых водгукаў давялося пачуць ад сельскіх жыхароў аб асартыменце тавараў у крамах, якія стала абслугоўваць ТАА “Полацкі рынак г. Віцебска”. Але ж, як вядома, чым сто разоў пачуць, лепш адзін раз пабачыць. Заехалі ў некаторыя крамы і ўпэўніліся: у іх ёсць усё неабходнае для здаровага і разнастайнага харчавання, асартымент паступова расшыраецца, прадукты завозяцца свежыя і своечасова. Прадаўцы адзначаюць, што паток спажыўцоў значна павялічыўся, а адпаведна і выручка становіцца большай. Ну і працуецца з лепшым настроем, бо ў работнікаў гандлю настрой ствараюць, канешне ж, задаволеныя пакупнікі.
Мікалай Мароз, жыхар аграгарадка Барсукі:
– Калі гаварыць пра асартымент нашай крамы ў плане “было – стала”, то гэта, да ўсеагульнай радасці маіх аднавяскоўцаў, канешне ж, каласальны зрух у лепшы бок. Не трэба зараз думаць, куды паехаць, каб купіць той ці іншы харчовы тавар, ды і прадметы першай неабходнасці ў быце таксама ў наяўнасці. Я вось працую ў жывёлагадоўлі і не маю дужа часу, каб ехаць па пакупкі ў Порплішча – у краму хлебазавода або прыватную, ці ў Докшыцы. А прыходзілася, бо прадуктаў да нядаўняга часу ў “Родным куце” было кот наплакаў – не тое што далікатэсаў, а паўсядзённых, звычайных. Здорава, што пытанне нарэшце вырашылася, – наведваюся ў магазін з задавальненнем.
Антаніна Бабарыка, старэйшына аграгарадка Валкалаты:
– Цудоўна, што крамы на сяле перайшлі на абслугоўванне ўнітарнага прадпрыемства “Полацкі рынак”. Так, жыхароў Валкалат абдзеленымі ў плане гандлёвага абслугоўвання назваць нельга: выдатна працуе ў гэтым плане паштовае аддзяленне, прыязджаюць аўталаўкі з Мядзельскага, Вілейскага раёнаў, прыватныя гандляры. Аднак жа аўталаўка прыехала і паехала, а калі штосьці спатрэбіцца тэрмінова, бяжыш у краму. І калі там, даруйце, у сезон нарыхтовак няма цукру ці воцату, калі асартымент, скажам, малочкі не толькі бедны, але яшчэ і тых найменняў, што завозяцца, на ўсіх не хапае, дык з гэтым трэба было нешта рабіць. Думаю, мяне падтрымаюць усе жыхары Валкалат і навакольных вёсак, калі выкажу вялікую падзяку кіраўніцтву раёна за станоўчае вырашэнне набалелага пытання.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара і Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.



