Клопат пра зарплату — справа годная

Размова пра тое, што зроблена і што трэба зрабіць, каб павялічыць зарплату працаўнікам народнай гаспадаркі, ішла ў панядзелак на чэрвеньскім пасяджэнні райвыканкома. Старшыня райвыканкома Алег Леанідавіч Пінчук адзначыў, што паказчык узроўню заработнай платы – гэта адзін з самых галоўных паказчыкаў дзейнасці прадпрыемстваў, ён залежыць ад выканання асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Таму былі падрабязна прааналізаваны вынікі работы за 5 месяцаў бягучага года, магчымыя вынікі за 6 месяцаў, а таксама прычыны невыканання асобных з прагнозных паказчыкаў. Штодзённая работа па іх выкананні, бачанне перспектывы развіцця прадпрыемства яго кіраўніком замест толькі пошуку суб’ектыўных прычын невыканання забяспечвае выйсце на планавыя заданні прадпрыемствам.

На пачатку пасяджэння райвыканкома было заслухана пытанне “Аб выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў студзені – маі 2010 года, выкананні паказчыкаў, якія запланаваны ў першым паўгоддзі бягучага года”. З дакладам па пытанні выступіла намеснік старшыні райвыканкома Л.В. Мальчык. Яна адзначыла, што ў студзені – маі 2010 года забяспечана станоўчая дынаміка развіцця народна-гаспадарчага комплексу раёна, не дапушчана сур’ёзных збояў у рабоце бюджэтнай сферы. Па выніках работы за студзень – красавік 2010 года ў раёне няма стратных прадпрыемстваў. Забяспечана выкананне заданняў па стварэнні працоўных месцаў, зніжэнні ўзроўню беспрацоўя ў цэлым па раёне і ў малых гарадскіх паселішчах. Забяспечана выкананне графіка скарачэння запасаў гатовай прадукцыі.

Разам з тым, не выкананы ўстаноўленыя на 2010 год заданні па большасці прагнозных параметраў, за выключэннем імпарту тавараў і паслуг, уводу жылля, мэтавага паказчыка па энергазберажэнні. Не дасягнуты ўзровень аналагічнага перыяду 2009 года па экспарце тавараў, інвестыцыях па прадпрыемствах мясцовага падпарадкавання і па бязведамасных прадпрыемствах. Не выканана зацверджанае заданне па вытворчасці прамысловай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, па рознічным тавараабароце, платных паслугах, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Рэнтабельнасць ад рэалізацыі прадукцыі ў цэлым па раёне склалася на ўзроўні 0,1 працэнта супраць 3,5 працэнта за студзень – красавік 2009 года. На даведзеныя заданні па прадукцыі прамысловасці і па спажывецкіх таварах не выйшаў філіял РУВП “Віцебскхлебпрам” “Докшыцкі хлебазавод”. Прагнозныя заданні па вытворчасці прамысловай прадукцыі не забяспечыла КУВП “Докшыцкі КБМ”.

Не дасягнулі зацверджанага паказчыка па рознічным тавараабароце Докшыцкае райста, філіял РУВП “Віцебскхлебпрам” “Докшыцкі хлебазавод”, Докшыцкі вытворчы цэх ААТ “Лепельскі МКК”, Круляўшчызненскі філіял РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт”, РУПС, ДУ “Санаторый “Баравое” і іншыя. З 55 арганізацый, якія аказваюць платныя паслугі насельніцтву, не выканалі заданне 47. У бягучым годзе не прыступілі да паставак на экспарт тавараў Докшыцкае райста, сельгаспрадпрыемствы, КУВП “Докшыцкі КБМ”.

Заданне па вытворчасці валавой прадукцыі не выканала ні адно сельгаспрадпрыемства.

Сярэднямесячная заработная плата, якая налічана работнікам за студзень – май бягучага года, склала ў сярэднім па раёне 856,4 тысячы рублёў, што адпавядае 291,1 долара, у тым ліку ў маі 932 тысячы рублёў, або 310,8 долара. Па выніках работы за 5 месяцаў у дзвюх арганізацыях не забяспечаны выхад на 200-доларавы ўзровень: КУПБА “Бытавік” і дзіцячы сад № 34 станцыі Круляўшчызна.

Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт прызнаў недастатковай работу па забеспячэнні выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за студзень – май 2010 года і ўказаў на заніжаны кантроль за яе выкананнем з боку многіх кіраўнікоў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў раёна. За незабеспячэнне выканання асноўных паказчыкаў праведзены кадравыя перамяшчэнні. Да таго ж раённы выканаўчы камітэт абавязаў прыняць безадкладныя меры па актывізацыі гаспадарчай дзейнасці і выкананні прагнозных паказчыкаў за першае паўгоддзе бягучага года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *