Падарожжа па гарадскіх вуліцах

Мілая, дарагая сэрцу Докшыччына! Найпрыгажэйшы куточак Беларусі, край цяністых лясоў, каласістых ніў, квітнеючых лугоў, празрыстых рэк і сініх азёр. Гэта зямля з’яўляецца калыскай таленавітых майстроў, адораных паэтаў і проста добразычлівых людзей. Работнікі раённай бібліятэкі Ала Закалінская, Марына Кавалеўская ў краязнаўчай імпрэзе “Пачалася тут мая Радзіма”, якую яны прысвяцілі Докшыцам, вырашылі расказаць пра таленавітых, адметных людзей, на якіх багата кожная гарадская вуліца.

Калі размова ішла пра вуліцу Палявога, то, зразумела, што прысвячалася яна вядомаму краязнаўцу Мікалаю Дзмітрыевічу Чысцякову. Тут жа былі ўзгаданы паэтычныя радкі таленавітага журналіста Вікенція Карповіча, якія ён у свой час прысвяціў краязнаўцу.

Вуліца Чарняхоўскага была калыскай для паэткі Марыі Лук’яненка, якая прыязджала сюды да бабулі з дзядулем на летнія канікулы. Тут яна пачала складаць вершы, якія піша і зараз.

Вуліцу Піянерскую прадстаўляла настаўніца Алена Сарокіна, якая ўсё жыццё займаецца кветкаводствам. Кветкі – гэта яе прафесія (Алена Міхайлаўна біёлаг па адукацыі) і яе любоў. Яна размаўляе з імі, як з жывымі істотамі, і расказвала пра іх на імпрэзе, як пра сваіх самых лепшых сяброў.

Навум Гальпяровіч прысвяціў адзін са сваіх вершаў залатым рукам вышывальшчыцы і, здаецца, меў на ўвазе залатыя рукі Тамары Лазар, якая жыве на 1-ым завулку Гідратэхнікаў. Тамара Іванаўна з’яўляецца членам клуба народных майстроў “Докша”, не раз прымала ўдзел у абласных выставах, была іх лаўрэатам.

Вуліца Пушкіна – малая радзіма мастакоў Вішнеўскіх. Зараз славу гэтай таленавітай сям’і працягвае Аляксандр Сяргеевіч, работы якога, як ганчара, вядомы ў рэспубліцы.

На вуліцы Школьнай яркімі зоркамі зіхацяць таленты драматурга, грамадскага дзеяча Фёдара Палачаніна і артысткі народнага тэатра Ірыны Кірыенка.

Спявачка Валянціна Лабынька прадстаўляла адразу дзве вуліцы: Пушкіна, на якой нарадзілася і вырасла, і Школьную, дзе жыве зараз з сям’ёй.

Пра адных з названых вядомых дакшычан расказвалі бібліятэкары, іншыя распавядалі пра сябе самі. Марыя Лук’яненка чытала свае вершы, Ірына Кірыенка – Ніла Гілевіча, а Валянціна Лабынька парадавала прысутных добрай песняй.

Вось такім цікавым і арыгінальным, дзякуючы фантазіі бібліятэкараў, атрымалася падарожжа па гарадскіх вуліцах.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *