Краязнаўчая вечарына

Радкамі верша пачалася чарговая вечарына ў Янушэўскай бібліятэцы. Яе загадчыца Людміла Мікалаеўна Козел прывяла да звычкі кожнае свята па хрысціянскім ці дзяржаўным календары праводзіць разам з актыўнымі чытачамі, удзельнікамі фальклорнай групы. Вось і ў перыяд калядных святкаў сустрэліся сем жанчын, каб пагутарыць пра свята Божага нараджэння, пра зіму, каб успомніць, як святкавалі ў час іх маладосці, што рабілі бацькі і прашчуры. Тыя ў свой час спявалі і танцавалі, пралі і ткалі, вышывалі і плялі. Таму сустрэча ў бібліятэцы сабрала тых, хто да вышэй пералічанага мае пэўнае дачыненне.

Напрыклад, Аліна Віктараўна Юрэвіч – член сямейнай дынастыі, дзе ў вялікай пашане было вышыванне і вязанне, дзе побач з работай ішла песня.

Клаўдзія Сяргееўна Савіцкая – адна з дзевяці дзяцей шматдзетнай сям’і. Бацька яе прыйшоў з вайны калекам. Маці трымала на плячах і гаспадарку, і дзяцей, а яшчэ жыла працай рук сваіх, ад чаго мела не толькі карысць, але і задавальненне. Усе дзеці ўмелі і вязаць, і ткаць асабліва. Работы сястры Клаўдзіі нават выстаўляліся ў Докшыцах і Мінску.

Людміла Іванаўна Таляронак з тых, хто ніякую работу не робіць без песні. Маці яе таксама шмат спявала і вышывала, хоць асноўнай работай было настаўніцтва. Шмат чытае і Людміла Іванаўна. Вялікую цікавасць праяўляе да часопіса “Народны доктар”. Шмат рэцэптаў адтуль паспрабавала на сабе, дзеліцца імі і з блізкімі людзьмі.

Першай танцоркай некалі была Ніна Фёдараўна Рудзько. Танцавала народныя і бальныя танцы. Многія з іх памятае і цяпер. На калядных сустрэчах у бібліятэцы паказвала элементы некаторых з іх, вучыла сваіх сябровак танцаваць.

Актыўнай удзельніцай усіх мерапрыемстваў, што праводзіць мясцовы культработнік, з’яўляецца Марыя Цімафееўна Таляронак. Столькі песень, напэўна, ніхто не ведае. Яна спявае старадаўнія народныя песні і песні ваенных гадоў. Апрача таго, жанчына вельмі добрай душы, шчырая і спагадлівая, умее падбадзёрыць, стварыць добры настрой.

Не застаецца ў баку ад сустрэч у бібліятэцы і старэйшына вёскі Янушэва Соф’я Іванаўна Русак. Яна, як ніхто іншы, ведае справы і праблемы жыхароў вёскі, не застаецца безуважнай да кожнай справы, прымае ўдзел у любым мерапрыемстве.

З Украіны пераехала ў Янушэва Таццяна Аляксандраўна Баброўская. Працуе ў мясцовай гаспадарцы, шмат чытае беларускай літаратуры, а яшчэ спявае. Праўда, у яе рэпертуары больш украінскіх песень. Між тым, хапае часу ў жанчыны, каб звязаць світар ці рукавіцы, а яшчэ даць кансультацыю маладым вязальшчыцам.

Улілася ў гэты калектыў і яшчэ адна асоба – Марыя Ігнатаўна Юрцэвіч. Прыйшла ў Янушэўскую бібліятэку з Бабічаў. Адразу стала сваёй. Завадная, актыўная, вясёлая, яна спявае песні і прыпеўкі, падтрымлівае любую гутарку.

Вось тыя людзі, з якімі лёгка і цікава працаваць бібліятэкару Л.М. Козел. У любую пару года, на любым мерапрыемстве ім ёсць пра што пагутарыць, чым зацікавіць адно аднаго. Яны разам бавяць вольны час і проста жывуць цікава і змястоўна.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *