За нездабытага шчупака — 10 базавых

Мясцовы жыхар Варганоў – рыбак бывалы. Ён добра ведаў, што нераст шчупака асабліва актыўны пры прагрэтай вадзе. Да гэтага моманту ён падрыхтаваўся: змайстраваў колючую астрогу на адзінаццаць завостраных зубоў, якую прымацаваў да доўгай палкі. На беразе возера Сэрвач са сваёй зброяй ён заняў самае выгаднае месца і пачаў чакаць… І дачакаўся, але не шчупака, а інспектараў Бягомльскай МРІ, якія сумесна з работнікамі Докшыцкага ПМС, арандатара рыбалоўнага ўгоддзя, праводзілі прыродаахоўны рэйд па выкананні забароны на лоўлю шчупака ў перыяд яго нерасту.

За спробу незаконна здабыць рыбу варгановец заплаціў штраф у памеры 10 базавых велічынь. Гэта 350 тысяч рублёў. Аднак і такі вынік рыбак можа лічыць удачай, бо, каб ён паспеў злавіць хоць аднаго шчупака, яго пакаранне павялічылася б на тры базавыя велічыні.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.
Факт паведаміў начальнік Бягомльскай МРІ С. Захарэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *