Памяць пра вайну — залог міру

11 мая ў Докшыцкай школе № 1 прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі: экскурсія ў адноўленым школьным музеі імя І.С. Палявога і канцэрт, прыўрочаны да святкавання 9 Мая. Самымі ганаровымі гасцямі на сустрэчы былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Экскурсію ў музеі правялі вучаніцы 11”А” класа Вольга Міхайлоўская і Надзея Лабанава. Яны расказалі пра жыццё і подзвіг Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога і яго экіпаж. Запрошаныя – ветэраны, вучні школы, настаўнікі – маглі азнаёміцца з генеалагічным дрэвам героя, убачыць фотаздымкі Палявога і яго ваенных таварышаў, прагледзець цікавыя дакументы, даведацца пра гісторыю горада і раёна. Значная частка экспанатаў была перададзена школьнаму музею былым настаўнікам Крулеўшчынскай сярэдняй школы Анатолем Уладзіміравічам Чарнаруцкім, які сабраў многа звестак пра экіпаж Палявога і падараваў іх нашаму музею. За дарагі краязнаўчы падарунак Анатолю Уладзіміравічу падзякавалі асабіста, бо ён быў у ліку самых жаданых гасцей.

Пасля экскурсіі адбыўся канцэрт, у якім ўдзельнічалі настаўнікі і вучні. Ад ветэранаў выступіў Іван Міхайлавіч Пярэдня. Ён выказаў цяперашнім вучням многа добразычлівых слоў і зазначыў, што многія веды, якасці воіна-патрыёта, што спатрэбіліся яму на вайне, былі набыты ў школе.

Ветэраны Ефрасіння Іванаўна Парцянка, Мікалай Іванавіч Кеда, Віталій Георгіевіч Плыгаўка, якія прысутнічалі на мерапрыемствах, былі вельмі ўражаны выдатнай падрыхтоўкай канцэрта, экскурсіяй і ўвагай, якую праявілі да іх вучні і настаўнікі. Такія сустрэчы патрэбны сучаснаму грамадству, каб трымаць сувязь паміж пакаленнямі, памятаць сваю гісторыю, каб берагчы і цаніць мір на зямлі.

Кацярына ЗАХАРЭВІЧ,
вучаніца 11 “Б” класа СШ № 1 г. Докшыцы,
член клуба юнкораў “Выток”

НА ЗДЫМКУ: у музеі імя І.С. Палявога.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *