«Кацюша» па слядах Радзівілаў

Традыцыйна па чацвяргах адзін раз у месяц збіраюцца члены ветэранскага клуба “Кацюша”, што створаны пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У гэты раз замест пасяджэння была прадугледжана паездка па гістарычных месцах. “Кацюшаўцы” вырашылі паглядзець замак Радзівілаў і накіраваліся па маршруце Докшыцы – Нясвіж – Мір. Архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і Мірскі замак уключаны ў Спіс сусветнай спадчыннасці ЮНЭСКА.

Першы пісьмовы ўспамін пра Мір датуецца 1395 годам у сувязі з тым, што горад быў разбураны крыжаносцамі. У 1434 годзе Вялікі князь літоўскі Сігізмунд Кейстуновіч падарыў двор Мір віленскаму кашцеляну Сеньку Гедыгольдавічу. Ужо праз 40 гадоў горад пераходзіць да Ільінічаў.

Найбольш раннія ўспаміны пра Нясвіж зафіксаваныя ў 1446 годзе. Вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык перадаў Нясвіж Мікалаю Яну Неміровічу. У 1513 годзе Ганна – дачка ўладальніка Нясвіжа гетмана Станіслава Кішкі – выйшла замуж за Яна Радзівіла Барадатага, а 30 гадоў пасля Нясвіж канчаткова перайшоў да Радзівілаў. У 1569 годзе Мір, а разам з ім і тытул “графаў на Мір” пераходзяць да Радзівілаў.
26 чалавек на чале з загадчыцамі аддзяленняў ТЦСА: дзённага прабывання інвалідаў Аленай Сарокінай і сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Ірынай Лукашонак — прайшлі па гістарычных месцах вядомых усяму свету землякоў. Дамоў вярталіся задаволенымі і памаладзеўшымі. Абмяркоўвалі далейшыя мерапрыемствы, якія правядуць разам. Усю дарогу спявалі песні.

На рахунку членаў клуба “Кацюша” шматлікія экскурсіі і падарожжы. Яшчэ свежымі ў памяці застаюцца экскурсіі ў Полацк, да святой Еўфрасінні, Мосар – “Беларускую Венецыю”, батанічны сад, што ў Мінску, і іншыя вандроўкі.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *