Вызначыць работу і каардынаваць яе выкананне

На мінулым тыдні адбыўся дзень Бягомльскага пассавета. У населеных пунктах, якія размешчаны на яго тэрыторыі, прайшлі сустрэчы прадстаўнікоў раённай улады і кіраўнікоў службаў раёна з мясцовым насельніцтвам. Жыхары звярталіся з надзённымі пытаннямі, якія на месцы абмяркоўваліся, людзі атрымлівалі адказы, тлумачэнні.

У г.п. Бягомль прыём грамадзян вёў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Л. Пінчук. Цяпер некалькі змянілася форма правядзення такіх мерапрыемстваў: на падвядзенні вынікаў былі заслуханы справаздачы аб рабоце кіраўнікоў раённых службаў, затым былі прааналізаваны пытанні, якія паступілі ад жыхароў. У той дзень справаздачы зрабілі старшыня выканкама Бягомльскага пасялковага Савета М.А. Трахінін, участковы інспектар РАУС Д.І. Савіцкі, інспектар МНС А.І. Камінскі, старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Р.В. Дуж, начальнік ТЦСАН М.А. Курдзека.

У ходзе справаздач старшыня райвыканкама па кожнай рабіў заўвагі, даваў кіраўнікам службаў канкрэтныя ўказанні, каб яны прымалі патрэбныя меры для пастаноўкі работы на больш высокі ўзровень.Так, старшыні выканкама Бягомльскага пассавета было рэкамендавана большую ўвагу звяртаць на каардынацыю работы службаў і арганізацый, якія знаходзяцца на яго тэрыторыі. Пакуль што не на належным узроўні працуе тут участак ЖКГ, праблематычным пытаннем з’яўляецца будаўніцтва жылля, у прыватнасці, дагэтуль не пачата ўзвядзенне кааператыву. Як заўважыў кіраўнік раёна, будаўніцтвам жылля павінны займацца і мясцовыя арганізацыі: Бягомльскі лясгас, завод “Ветразь”, СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў”.

Далёка не ўсё яшчэ зроблена па добраўпарадкаванні асобных вуліц. Людзей турбуюць пытанні водазабеспячэння. Больш увагі трэба ўдзяляць барацьбе са злачыннасцю, узровень якой у апошні час узрос, а таксама рабоце з абавязанымі асобамі.

Кіраўнік раёна звярнуў увагу ўсіх прысутных на неабходнасць беражліва і эканомна абыходзіцца з матэрыяльнымі рэсурсамі, у прыватнасці, ашчадна расходаваць электрычную энергію. Тое, што мы ў апошні час сталі карыстацца многімі выгодамі, добра. Але ж для гэтага трэба іншы раз і свае сродкі патраціць, а не спадзявацца толькі на дзяржаўныя. Асобныя грамадзяне, напрыклад, абураюцца, што на іх вуліцы гараць не ўсе ліхтары. А ці такая вялікая ў гэтым неабходнасць? Аднак калі ёсць у некага такое жаданне, то, калі ласка: няхай пусцяць лямпачку праз свой электралічыльнік і асвятляюць уласны двор.

Чаму знізілася раскрывальнасць злачынстваў, што на гэта паўплывала, чаму абавязаныя асобы несвоечасова кампенсуюць сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей у дзяржаўных установах – гэтыя пытанні павінны рэгулярна разглядацца старшынямі пассельскіх Саветаў дэпутатаў сумесна з актывам пассельсаветаў, установамі адукацыі, участковымі інспектарамі РАУС.

Сур’ёзныя патрабаванні Алег Пінчук прад’явіў і пажарнай службе. “Скарачэнне колькасці пажараў і гібелі людзей на іх – гэта непасрэдная ваша работа, – канстатаваў ён. – Больш жорстка патрабуйце ад кіраўнікоў арганізацый за захаванне электра- і пажарнай бяспекі. Праводзьце маніторынгі і папярэджвайце ўзнікненне пажараў”. Раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях старшыня райвыканкама даў указанне больш пільна адносіцца да выканання ўсіх правілаў бяспекі. Начальніку аддзялення Дэпартамента аховы А.В. Палідаўцу неабходна ўзмацніць дысцыпліну супрацоўнікаў аддзялення па выкананні сваіх службовых абавязкаў.

З мэтай давядзення да насельніцтва звестак аб змяненнях, якія адбываюцца ў сферы абслугоўвання, рэдакцыя раённай газеты павінна друкаваць на сваіх старонках адпаведныя матэрыялы.

Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абавязана актывізаваць работу па кантролі за захаваннем графікаў збору камунальных бытавых адходаў у населеных пунктах Бягомльскага пассавета.

Заўсёды ў полі зроку старшыні райвыканкама маламаёмная катэгорыя насельніцтва. Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва трэба расшыраць віды паслуг для гэтых людзей, устанаўліваць сувязі са школамі і прадпрыемствамі. Чаму б, напрыклад, не замацаваць клас за чалавекам або двума-трыма, якім патрэбна дапамога? Двайная карысць атрымліваецца: аблягчаецца быт адзінокага нямоглага чалавека, з аднаго боку, і прывіваюцца навыкі працы дзецям — з другога. Да таго ж, яны пранікаюцца такімі пачуццямі, як міласэрнасць, дабрыня, спагада.

Што наконт пытанняў, якія паступілі ад насельніцтва пассавета, то яны тычыліся ў асноўным іх жыццезабеспячэння. Так, жыхар г.п. Бягомль П.Г. Герасімёнак прасіў падвесці ў дом ваду. Т.К. Свірко ўзняла пытанне аб устараненні недапрацовак у доме, які будуецца. Ю.А. Навіцкую не задавальняюць разлікі за здадзеныя малако і цяля. А.І. Ільясевіч прасіла ліквідаваць цечу ў каналізацыі ад крамы “Мерыдыян”. Старшыня райвыканкама даў указанне кіраўніцтву ЖКГ, райста і санітарнаму ўрачу ў двухтыднёвы тэрмін ліквідаваць каналізацыйныя сцёкі.

Зварот грамадзянкі А.І. Верхаводка тычыўся павелічэння заработнай платы. Л.І. Разанава прасіла замяніць газавую пліту. А.І. Гарбачоў узняў пытанне аб цэнах на паслугі грамадскай лазні, а таксама выказаў незадавальненне гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва магазінамі “Баравое” і “Юбілейны”(аблічванне пакупнікоў, парушэнні ў выдачы чэкаў).

Падобныя пытанні ўздымаліся і жыхарамі іншых населеных пунктаў пассавета. Так, жыхары вёскі Бабцы прасілі правесці грэйдзіраванне вуліцы, прывесці ў парадак кінутыя дамы, убраць фундаменты знесеных дамоў, зрэзаць на могілках аварыйныя дрэвы, арганізаваць вываз смецця.

Ад жыхароў вёскі Валча паступіла пытанне наконт аднаўлення зямельнага ўчастка, саманарыхтоўкі дроў, наладжвання штодзённай работы магазіна.

Просьбы насельніцтва вёскі Маргавіца тычыліся падсыпкі дарогі праз вёску, рамонту дома інваліда, арганізацыі вывазу смецця.
Жыхары вёскі Вускрам’е прасілі ўстанавіць кантэйнер для збору смецця, Атрахімаўкі – праводзіць адстрэл дзікіх жывёл, якія псуюць пасевы. Былі таксама пытанні наконт графіка руху аўтобуснага транспарту (вёска Гарэлае), медыцынскага абслугоўвання (вёска Вуглы), своечасовай расчысткі дарог у зімовы перыяд (вёскі Пугачова, Брадок, Краснае).

Разам з просьбамі аб дапамозе жыхары пассавета выказвалі таксама ўдзячнасць мясцовай уладзе (вёска Заляддзе), паштальёну (вёска Мількунь), кіраўніцтву ДП “АграБераснёўка”.

Старшынёй райвыканкама былі дадзены ўказанні адпаведным службам прыняць неабходныя меры для вырашэння вартых пытанняў, узнятых насельніцтвам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *