На каком боку лежит корова?

На мінулым тыдні пад старшынством начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Н.П. Бортнік прайшла калегія райсельгасхарчу. У ёй прынялі ўдзел кіраўнікі сельгасарганізацый, іх галоўныя заатэхнікі, ветурачы, інжынеры і эканамісты.  Наведалі пяць гаспадарак раёна і паглядзелі ўмовы ўтрымання жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд, падрыхтоўку і правядзенне рэканструкцыі ферм, якія запланавана давесці да патрэбнага ладу і куды, згодна з патрабаваннямі Прэзідэнта краіны,  ужо ў 2012 годзе паставяць дойны статак.

 Мабыць, камусьці гэта пытанне здасца недарэчным, аднак спецыялісты, якія дэталёва ведаюць фізіялагічны стан жывёлы, адказваюць на яго без жартаў. Між тым, як паказала апошняя калегія райсельгасхарчу, не ўсе могуць даць адказ на шматлікія пытанні накшталт гэтага, а значыць, не ведаюць прычын, якія з’яўляюцца вынікам нізкіх надояў малака, падзяжу маладняку і г.д.

Пяць гаспадарак, дзе было што паглядзець

Першым аб’ектам на маршруце стала МТФ “Гарадзішча” ДП “АграСітцы”. Былі адзначаны вялікія змены, якія адбыліся тут за апошні час. Наведзены парадак на прыфермскай тэрыторыі і ў памяшканнях, створаныя належныя ўмовы для працы жывёлаводаў і ўтрымання жывёлы.

Праўда, хваліцца надоямі не прыходзіцца. Як сказала начальнік райсельгасхарчу Наталля Бортнік, над павелічэннем вытворчасці малака тут працуюць тры гады, але і сёння паказчыкі самыя нізкія ў раёне. Першай прычынай гэтаму з’яўляецца нізкая прадуктыўнасць жывёлы і недастатковая работа па асемяненні кароў. Праўда, пасля таго, як зрабілі выгулы для кароў і, згодна з тэхналогіяй, завезлі ў клеткі корм, ваду, соль, тут чакаюць станоўчых перамен. Зараз кожны дзень выганяюць на прагулку 62 жывёліны  і пакрываюць 15-16 кароў.

Як вядома,  сабекошт атрыманай прадукцыі залежыць ад многіх фактараў, сярод якіх адным з лідзіруючых з’яўляецца спажытая электраэнергія.

Для ўдзельнікаў калегіі на базе гэтай МТФ была арганізавана вучоба па правядзенні хранаметражу, каб вызначыць ліміт выкарыстання электраэнергіі.

Было што паглядзець і на ферме “Станіслаўцы”. Апрача навядзення элементарнага парадку, тут вялікая ўвага ўдзяляецца ўзнаўленню дойнага статка. Спецыялісты канкрэтна заняліся выяўленнем і лячэннем гінекалагічна хворай жывёлы, асемяненнем кароў і цялушак, правядзеннем рактальнага абследавання.

Ферма “Пліскі” лічыцца фабрыкай па ўзнаўленні статка. На яе базе запланавана ў наступным годзе зрабіць фабрыку малака – узвесці комплекс. Работа па рэканструкцыі і пераабсталяванні памяшканняў ужо распачата.
На мехдвары ў ДП “АграСітцы” была прадэманстравана падрыхтоўка майстэрні для работы ў асенне-зімні перыяд, пастаноўка тэхнікі на захоўванне, рамонт барон і культыватараў. Дарэчы, апошнія павінны быць гатовымі ўжо да новага года. Ёсць упэўненасць, што сітцаўскія механізатары з пастаўленай задачай справяцца ў тэрмін. Дзе звярнулі асаблівую ўвагу на арганізацыю працы і эканамічны разлік, там і вынікі маюць станоўчыя.

Пасля ДП “АграСітцы” эстафету пераняло ДП “Порплішча”. Малочнатаварная ферма “Варганы”, дзе паўтара месяца назад увайшла ў дзеянне яе другая чарга, выклікала пэўны інтарэс. Малако з дадзенай фермы паступае толькі класам экстра. Захаванасць маладняку таксама на высокім узроўні. Працай на ферме занятая невялікая колькасць людзей, што сёння, бясспрэчна, важна.

ДП “Порплішча” мае самае горшае становішча ў раёне па ўтрыманні жывёлы: старыя памяшканні патрабуюць рэканструкцыі і капітальнага рамонту. Адно з іх – у аграгарадку Порплішча – запланавана пераабсталяваць у наступным годзе. Зараз там вядуць дэмантаж труб, робяць пад’езд да фермы. А між тым, у “Порплішчы” жывёла мае самы высокі генетычны  патэнцыял, і адгэтуль чакаецца вялікая вытворчасць малака.   

Адведзеныя пад рэканструкцыю жывёлагадоўчыя памяшканні, а таксама навядзенне парадку на прыфермскіх тэрыторыях і мехдварах, пастаноўку тэхнікі на захоўванне і яе рамонт паглядзелі ўдзельнікі калегіі таксама ў ААТ “Барсучанка”, ДП “АграБераснёўка” і СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў”. Было адзначана шмат станоўчых момантаў у рабоце, дадзены некаторыя рэкамендацыі і зроблены прапановы.

Ёсць недапрацоўкі

У зале пасяджэнняў райвыканкама прааналізавалі вынікі работы за 11 месяцаў у сельгасвытворчасці. Першым чынам, спыніліся на справах у жывёлагадоўлі. Намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Дзяніс Пацёмкін адзначыў шмат недахопаў. Напрыклад, нездавальняючую адзнаку работы па захаванасці і ўзнаўленні колькасці буйной рагатай жывёлы атрымалі ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, ДП “АграСітцы” і “Порплішча”, КУСГП імя Чэрныша. За невыкананне прагнозных паказчыкаў па вытворчасці малака, атрыманні прыплоду і за нездавальняючы раздой цялушак трымалі адказ галоўныя заатэхнікі ААТ “Барсучанка” Тамара Вайцяховіч, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Аляксандр Аўрыцэвіч,  ДП “АграБераснёўка” Ірына Кібалка, ДП “АграСітцы” Васіль Назараў.

– У большасці гаспадарак стойлавае ўтрыманне жывёлы вядзецца з тэхналагічнымі парушэннямі, – гаварыў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу. – Не забяспечваецца кармленне жывёлы па поўным збалансаваным рацыёне. Не вырашаны пытанні скормлівання дойнаму статку сенажу (сіласу) не менш чым 40 кілаграмаў кожнай жывёліне  ў суткі. Нізкі ўзровень кармлення на раздоі навацельных кароў і пяршачак, не выкарыстоўваюцца кармавыя дабаўкі, шроты. Сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна не рашаюцца пытанні набыцця камбікармоў  маркі “КК-61е” з павялічаным утрыманнем бялку для арганізацыі раздою навацельных кароў і пяршачак.

– З лістапада — снежня пачынаецца рамонт усёй сельскагаспадарчай тэхнікі, – гаварыў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Васіль Шылёнак, – і ад таго, як мы яго правядзём, будзе залежыць далейшая работа ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Рамонт тэхнікі пакуль што вядзецца марудна. Не ўсюды створаны звёны па рамонце. Не пастаўляюцца ў рамонт на спецыялізаваныя рамонтныя прадпрыемствы рухавікі і складаная поўнакамплектная тэхніка. Не ўсюды падрыхтавана рамонтна-абслугоўваемая база да работы ў асенне-зімні перыяд. Тыя мехмайстэрні, якія наведалі сёння, могуць служыць прыкладам для пераймання.

– За 11 месяцаў бягучага года, – гаварыла начальнік аддзела планавання, уліку і рэфармавання ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марына Клімовіч, – сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна выраблена валавой прадукцыі ў грашовым эквіваленце на суму 122,9 мільярда рублёў. Тэмп росту склаў 115,6 працэнта пры заданні – 130. Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі перавысілі ўзровень мінулага года, а дзве гаспадаркі – ДП “Гняздзілава-Агра” і “АграБераснёўка” –  забяспечылі  тэмп росту, адпаведна, на 129 і 132 працэнты.

За 10 месяцаў 2011 года рэнтабельнасць продажу па раёне склала 6,1 працэнта пры заданні 10 працэнтаў. З заданнем справіліся толькі дзве гаспадаркі – ААТ “Таргуны” (12,1 %) і ДП “АграБераснёўка” (10 %). У сярэднім па сельгасарганізацыях яна склала 18 працэнтаў, а без дзяржпадтрымкі – 3,2 працэнта. Апрача ДП “АграСітцы”, усе гаспадаркі раёна забяспечылі рэнтабельную работу арганізацый.

На калегіі райсельгасхарчу гаварылі пра падрыхтоўку насеннага матэрыялу да яравых пасяўных работ, пра назапашванне ўгнаенняў, у тым ліку асаблівую ўвагу звярнулі на нарыхтоўку гноева-тарфяных кампостаў. Былі ўзняты і іншыя жыццёва важныя пытанні. Вынікі семінар-нарады падвяла Наталля Бортнік. Яна прааналізавала зробленае за пройдзены перыяд бягучага года, яшчэ раз акрэсліла пастаўленыя задачы і патрабавала своечасовага і абавязковага выканання.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ:  на ферме ў Бягомлі.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *