С нами комфорт и тепло

Сёння ніхто не можа ўявіць сваё жыццё без электрычнасці. Мы прывыклі, каб ў нашых дамах і кватэрах было цёпла, светла і ўтульна. А калі хоць на пару гадзін узнікаюць перабоі ў падачы электраэнергіі, то адразу пачынаем адчуваць пэўныя нязручнасці, нават настрой  прападае. Аднак на дапамогу своечасова прыходзяць нашы выратавальнікі – энергетыкі. Дзякуючы гэтым работнікам, людзі жывуць у камфорце, функцыянуюць арганізацыі і ўстановы, у пераднавагоднія святы агеньчыкамі ззяе наш раённы цэнтр.

На сённяшні дзень калектыў структурнага падраздзялення Докшыцкі раён электрычных сетак філіяла “Глыбоцкія электрычныя сеткі “РУП Віцебскэнерга” налічвае 80 работнікаў. Галоўны абавязак арганізацыі – надзейна  забяспечваць спажыўцоў электраэнергіяй. Таму лініі электраперадач і трансфарматарных падстанцый заўсёды павінны знаходзіцца ў спраўным стане, падтрымлівацца аптымальныя рэжымы.

Па раёне РЭС абслугоўвае 624 КТП і ЗТП (камплектныя і закрытыя трансфарматарныя падстанцыі), паветраныя лініі электраперадач і кабельныя лініі.

– Кожны год сваёй адметнасцю вызначаецца брыгада майстра Пятра Ючковіча, стабільна працуе Валкалацкая эксплуатацыйная брыгада майстра Уладзіміра Кімстача, – гаворыць начальнік раёна электрычных сетак Мікалай Ючковіч. – Напярэдадні свята хочацца выказаць словы ўдзячнасці нашым ветэранам працы за тое, што яны ў любое надвор’е спраўляліся са сваімі службовымі абавязкамі. Больш за 40 год адпрацавалі ў нашай арганізацыі Валерый Ткачоў і Аляксандр Бузук, больш за 30 год прысвяцілі сябе галіне энергетыкі Мікалай Ставер, Клаўдзія Вайцяховіч, Леанід Стадольнік, Вікенцій Гаўрыловіч, Віктар Пасканны і Аляксандр Касцюк.

Па словах Мікалая Уладзіміравіча, сёння ў рабоце ёсць як плюсы, так і мінусы.  У арганізацыі назіраецца няхватка матэрыяльных сродкаў – гэта мінус, аднак РЭС забяспечаны кадрамі, якія змогуць вырашыць усе пастаўленыя задачы, – і гэта плюс.

Прафесія энергетыка – спецыфічная і вельмі патрэбная людзям, доказам з’яўляецца размова, якая адбылася паміж былой работніцай арганізацыі інжынерам Клаўдзіяй Вайцяховіч і яе падначаленым. Апошні, адпрацаваўшы некалькі змен запар (трэба было ліквідаваць аварыю ў электрасетках), скардзіўся Клаўдзіі Міхайлаўне на тое, што замарыўся, што яму патрэбен адпачынак. У адказ прагучала: ”Ганарыся, што людзі без цябе не могуць абысціся!”  

Т. МАЙСКАЯ.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *