Премьер-министр РБ Михаил Мясникович посетил Докшицы

13 снежня наш раён наведаў Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. У гэты ж дзень у памяшканні Докшыцкага райвыканкама  ён правёў рабочую нараду па пытаннях будаўніцтва і рэканструкцыі малачнатаварных ферм.
 На нарадзе прысутнічалі намеснік Прэм’ер-міністра РБ Валерый Іваноў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання РБ Міхаіл Русый і яго намеснік Васілій Казакевіч, прадстаўнікі іншых ведамстваў  краіны. У рабоце нарады таксама прынялі ўдзел губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр Косінец, старшыня  Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук, а таксама прадстаўнікі кіруючых органаў улады Глыбоцкага , Лепельскага і Шаркаўшчынскага раёнаў.

Прэм’ер-міністр РБ  Міхаіл Мясніковіч выступіў перад прысутнымі з прамовай, у якой закрануў пытанні жывёлагадоўлі, у прыватнасці, малочнай галіны. У адпаведнасці з задачамі пяцігодкі, як зазначыў кіраўнік урада, па краіне вытворчасць малака трэба давесці да 10-10,5 мільёна тон пры крыху больш  чым 6 мільёнаў тон на пачатак пяцігодкі. Для  таго, каб дабіцца значнага павелічэння аб’ёмаў вытворчасці малочнай прадукцыі, неабходна вырашыць шэраг пытанняў. У першую чаргу, гэта датычыцца рэалізацыі малочнай прадукцыі. Нашым урадам шмат увагі ўдзяляецца яе перапрацоўцы для таго, каб мець сапраўды канкурэнтна здольную прадукцыю для рэалізацыі яе на знешніх рынках. Пры гэтым на ўнутраны рынак можа быць накіравана не больш чым 15 працэнтаў прыросту, усё  астатняе павінна быць арыентавана  на  экспарт.

Другое важнае пытанне – фарміраванне гаспадаркамі сучаснай збалансаванай кармавой базы на малочнатаварных фермах. Гэта адна з важнейшых умоў паспяховага нарошчвання вытворчасці малака.

І, нарэшце, пагалоўе жывёлы. Калі ў новыя мадэрнізаваныя фермы паставіць нізкапрадуктыўных кароў, усе ўкладзеныя ў гэту справу сродкі будуць патрачаны дарэмна. Значыць, трэба ўдзяляць вялікую ўвагу племянной справе, уводзіць у статкі высокаўдойных кароў.

Далей у сваім выступленні Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што ў 2011 годзе ў Беларусі неабходна ўвесці 83 новыя МТФ, у Віцебскай вобласці – 7. Аналізуючы выкананне праектаў на Віцебшчыне, Прэм’ер-міністр  адзначыў, што, паводле даных, на 1 снежня ў вобласці ўведзена толькі адна такая ферма, астатнія знаходзяцца ў гатоўнасці да запуску. У сувязі з гэтым ён звярнуўся да кіраўнікоў аблвыканкамаў і райвыканкамаў з просьбай актывізаваць рэалізацыю такіх праектаў і ў тэрміны завяршыць іх будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю. Пры гэтым кіраўнік урада звярнуў увагу на асаблівасці  дзяржаўнай падтрымкі такіх праектаў у далейшым. Адзначыў, што ў будучым годзе льготныя крэдыты будуць накіраваны пад будаўніцтва 104 ферм па краіне. Аднак выдзяленне крэдытных рэсурсаў не будзе 100-працэнтнае, а толькі на 80 працэнтаў. Астатнія 20 працэнтаў павінны будуць накіраваць гаспадаркі і мясцовыя бюджэты. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што рэканструкцыя МТФ павінна весціся за кошт уласных сродкаў. Такую задачу паставіў Прэзідэнт, і яна павінна быць выканана.

Пра тое, што зроблена ў 2011 годзе ў нашай вобласці ў плане будаўніцтва і рэканструкцыі МТФ, а таксама пра арганізацыю работ у гэтым напрамку на год наступны, расказаў у сваім выступленні  старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Косінец. «Усяго мы павінны пабудаваць за пяцігодку 102 МТФ, — паведаміў ён. — Эксплуатацыя ўжо дзеючых паказвае, што ідзём правільным шляхам. На іх і надоі значна вышэйшыя, чым у сярэднім па вобласці, і таварнасць малака, і яго якасць, а значыць, і рэнтабельнасць вытворчасці».
Перад удзельнікамі нарады выступіў таксама старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук, які праінфармаваў прысутных  аб становішчы спраў у гэтай сферы ў нашым раёне. У прыватнасці, ён адзначыў, што на сённяшні дзень у раёне налічваецца 69 ферм, у тым ліку 51 – малочнатаварная, дзе ўтрымліваецца 11100 кароў. У гэтым годзе праведзена рэканструкцыя 21 МТФ з усім перааснашчэннем: заменай і ўстаноўкай малакаправодаў, ахаладжальнага абсталявання, сістэмы гноевыдалення, устройствам кармавых сталоў і раздатчыкаў кармоў. У наступным годзе плануецца правесці рэканструкцыю МТФ, што дазволіць аблегчыць працу жывёлаводаў, павялічыць аб’ёмы прадукцыі і знізіць затраты на яе атрыманне, палепшыць якасць малака.

“Згодна з указаннем кіраўніка дзяржавы, – сказаў А.Л. Пінчук, – у 2012 го-дзе ва ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна за кошт уласных сродкаў будзе рэканструявана па адной ферме. Усяго па раёне правядзём рэканструкцыю 11 ферм”. Што датычыцца  будаўніцтва новых, то сёлета ўведзена ў дзеянне новая МТФ “Атрубок” у ДП “Гняздзілава-Агра” на 830 стойламесцаў, а таксама пачата будаўніцтва  фермы “Таргуны” ў аднайменным адкрытым акцыянерным таварыстве, якое завершыцца ў 2012 годзе. Даныя факты кіраўнік урада станоўча ацаніў пры падвядзенні вынікаў нарады.

«Прыемна, што тыдні тры ў Докшыцкім раёне гэта работа ўжо вядзецца, — сказаў ён. — Бачна, што пытанні сур`ёзна прадуманы на ўзроўні старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца, а таму ёсць упэўненасць, што работа ў гэтым кірунку пойдзе паспяхова». Пры гэтым весці яе Прэм`ер-міністр рэкамендаваў у зімовы час.

Аляксандр Косінец справядліва заўважыў, што правядзенне нарады па пытаннях малочнай галіны менавіта ў Докшыцах зусім не выпадковасць. “Звярніце ўвагу на герб Докшыц, – сказаў ён, – два збаны побач, а з іх цякуць рэкі, то гэта ж, пэўна, і ёсць рэкі вялікага малака.”

Няхай жа гэтыя словы спраўджваюцца, і наш раён праз нейкі час заявіць пра сябе на ўсю краіну.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *