Докшицкий Дед Мороз отметил рабочий юбилей!

Сёння ўсё пастсавецкае грамадства адзначае, бадай, апошняе з навагодняга карагоду свята, якое добрым аксюмаранам праходзіць праз наша жыццё. Гэта Стары Новы год, які менш чым сто год таму яшчэ меў паўнапраўныя паўнамоцтвы асноўнага святкавання ў сённяшні дзень. А зараз гэта дадатковая магчымасць дагуляць зімовыя ўрачыстасці і загадаць тыя жаданні, якія яшчэ не паспелі. А таксама – пабачыцца з галоўным Дзедам Марозам Докшыччыны на старонках нашага выдання.  

– Раскажыце, калі ласка, Дзедам Марозам нараджаюцца?

– Не, – смяецца. – Я, прызнацца, не тое, каб не марыў стаць аднойчы Дзедам Марозам, я нават і падумаць не мог – у школе, у каледжы – што аднойчы надзену яго касцюм. Але роўна 10 год таму як надзеў, так і не здымаю, можна сказаць. У ролю казачнага Дзеда я ўжыўся хутка, адразу з’явілася думка: вось бы і ў наступным годзе запрасілі пабыць Дзедам Марозам – так і адбылося. Спачатку пяць год ствараў святочную атмасферу на дыскатэцы ў “Клюшачніку”, другую палову “кар’еры” – на галоўнай ёлцы горада непасрэдна ў навагоднюю ноч.

– А не шкада самую галоўную ноч года ўжо колькі гадоў запар разменьваць на працу, калі можна добра адпачыць?

– Я ўжо прывык і адчуваю асалоду ад таго, што пасля бою курантаў трэба збірацца на працу. Сустрэча года з родным горадам, асабліва ў якасці чараўніка, прыносіць досыць станоўчых эмоцый. Хаця, безумоўна, як і любая работа – стамляе. Восенню я пачынаю задумвацца: у якасці Дзеда Мароза гэта мой апошні год – буду складаць паўнамоцтвы. Так было і сёлета: з такімі думкамі 23 снежня я надзеў бараду і толькі 8 студзеня зняў, падлічыць колькасць ранішнікаў, мерапрыемстваў і акцый з маім удзелам магчыма, але досыць складана. І хоць гэта было няпроста, я мару пра новы касцюм Дзеда Мароза, які павінны пашыць да наступнага года. А значыць, буду старацца радаваць народ надалей.

– А што наконт Снягурачкі, дапамагае свайму Дзядулю?

– Вось Унучкі ў мяне кожны год розныя. Кожная з іх была яркая, і свята без яе стварыць было б немагчыма. Але два гады запар мая Снягурачка – загадчыца аўтаклуба аддзела культуры Аляксандра Данілюк, я вельмі рады гэтай акалічнасці і спадзяюся, што мы будзем працаваць з ёй яшчэ не адзін год.

– Як адчуваецца юбілейная дата незвычайнай “кар’еры” ў 10 год?

– Прызнацца, дзесьці на восьмым годзе з’явіўся спартыўны інтарэс: абавязкова дайсці да круглай даты. Пэўны рубеж пераадолены, можна пачынаць новы этап.

Хачу, карыстаючыся магчымасцю, павіншаваць усіх жыхароў нашага горада і раёна з Новым 2012 годам! Гэты год высакосны і можа быць няпростым, але жадаю не губляць надзею, няхай ён прынясе плён і поспех і для кагосьці абавязкова стане самым шчаслівым!    

Мы ўдзячны за інтэрв’ю нашаму Дзеду Марозу – пад чароўнай барадой 10 год запар “утойваецца” Дзмітрый Чувахоў.

Гутарыла Таццяна МАЦЮШОНАК.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *