Долгожданный брак

11 студзеня 2011 года Алена і Ігар Шыпко сталі законнымі мужам і жонкай. Дагэтуль яны жылі грамадзянскім шлюбам 15 год, але не таму, што з’яўляюцца прыхільнікамі падобнага роду адносін паміж мужчынам і жанчынай. Схадзіць у загс ім перашкаджалі многія абставіны. Ігар – беларус, але нарадзіўся ў Латвіі, там вырас, стварыў сям’ю, ды жыццё не задалося, і ў 1992-м годзе ён прыехаў у Беларусь да радні. Жонка засталася ў Латвіі. Працаваць уладкаваўся ў спажывецкую кааперацыю. У краме вёскі Казлы ўбачыў маладую прадаўшчыцу. Знаёмства з ёй адразу кранула яго сэрца, і ўжо праз некалькі месяцаў ён прапанаваў Алене жыць разам. З гэтага часу пачалася іх эпапея па стварэнні сям’і з неаднаразовымі паездкамі ў пасольства, выпраўленнем дакументаў, скасаваннем папярэдняга шлюбу Ігара. Алена была ўдава. Яе сына ад першага шлюбу Ігар прыняў  як свайго, але і са сваім сынам, які застаўся з маці, зносін не парывае да сённяшняга. Думалі, што гэтымі дзецьмі яны і абмяжуюцца, але праз 7 год сумеснага шчаслівага жыцця нарадзіўся Максім, а потым Валерыя і два з паловай гады таму – Ягорка. Так нечакана для сябе Шыпко сталі шматдзетнай сям’ёй.

Доўгачаканая рэгістрацыя шлюбу –  гэта не адзіная адметная падзея, дзякуючы якой, 2011 год увойдзе ў гісторыю сям’і. Два месяцы таму  Шыпко ўсяліліся ў новы дом з усімі выгодамі. Дагэтуль яны ўвесь час жылі ў доме маці Алены – Яўгеніі Мікалаеўны. Зяць з цешчай, не ў прыклад анекдотам, жылі вельмі дружна, але мужчына прымакам быць не хацеў. Таму зараз не нарадуецца сваім сценам. Чалавек працавіты і ўмелы, Ігар ужо плануе, што пачне рабіць гэтым летам, каб дом і панадворак сталі аднымі з лепшых у Літоўцах.  На сядзібе Яўгеніі Мікалаеўны, дзякуючы яму, кветкі квітнеюць з вясны да восені. Лашчыць погляд басейн з лебядзямі.  Алена ва ўсім мужу дапамагае, бо лічыць яго дастойным галавой сям’і, а сябе ад таго шчаслівай жонкай. Калі хата звініць дзіцячымі галасамі, а маці з бацькам жадаюць, каб дзеткі былі шчаслівымі, то ў іх усё атрымаецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *