З лёгкай парай, альбо Будзьце здаровымі!

Лазеншчыцай працуе Тамара Баброўская

Лазня – гэта не альтэрнатыва ванне. Яе высокі сэнс, усхвалены ў знакамітым фільме Эльдара Разанава, заключаецца не толькі ў гігіене. У лазні не проста мыюцца, там ачышчаюць і цела, і душу. Пра яе дабратворнае псіхалагічнае ўздзеянне людзі даведаліся даўно.

А таму знакамітыя старажытнагрэчаскія лазні нагадвалі ў нейкай ступені палацы і храмы, а ў іх будаўніцтва ўкладалі немалыя сродкі.

Новы выгляд набыла лазня аграгарадка Порплішча. Канечне, параўноўваць яе з палацам нельга, аднак будынак выглядае дастаткова прывабна і знешне, і ўнутры. Пусцілі ў дзеянне лазню, якая прастаяла ў закінутым стане амаль 20 гадоў. За справу ўзяліся камунальнікі, пасля таго, як перадалі яе на іх баланс.

На вуліцы марозна, холадна, а над дахам вадзянога царства ўецца шэры дым. Пятніца і субота тут – “прыёмныя дні”. У пятніцу прыходзяць людзі, якія не церпяць вялікай гарачыні, а ўжо ў суботу – аматары парылкі.

30 чалавек за дзень – гэта нямала, аднак з мэтай эканоміі энергарэсурсаў, каб не цепліць лазню ў чацвер на пятніцу, бо для пары яе трэба моцна нагрэць, парацца ў суботу, пасля таго, як добра прагрэюцца сцены.

– Лазеншчыцай у нас працуе Тамара Баброўская (на здымку), – расказвае старшыня Парплішчанскага сельвыканкама Антон Андрыеўскі. – Жанчына адказная, старанная. На яе работу ніхто не скардзіцца: у лазні вытрымліваецца тэмпературны рэжым, чыста. Для парання прадаюцца венікі. Дарэчы, робіць іх муж лазеншчыцы – Павел Антонавіч. Ужо вясной каля лазні цвітуць кветкі. Тут у нас парадак.

У дамах, якія пабудаваны ў апошні час па вуліцах Кветкавай, Школьнай, Садовай, Савецкай, ёсць ванны. Многія паставілі ўласныя лазні. Аднак іншыя з жалем успамінаюць даўнія часы, калі збіралася ў перадвыхадныя дні па 100 чалавек. Мыліся, абмяркоўвалі штодзённыя пытанні, вясковыя навіны. Тут здымалі вяскоўцы фізічнае напружанне, з палёгкай браліся за прывычную справу.

КАМПЕТЭНТНА: лазневая гарачыня актывізуе работу сэрца, лёгкіх, паляпшае якасць крыві. Лазня ў спалучэнні з масажам здольная папоўніць дэфіцыт  рухальнай актыўнасці ў людзей, якія вядуць малаактыўны лад жыцця. І канечне ж, лазня – гэта непераўзыдзены сродак ад стомы і стрэсаў.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ і Вячаслаў ЧАРВІНСКІ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *