Широкая Масленица прошла в Барсуковской СШ

Сонца засвяціла па-вясенняму, значыць, зіма заканчваецца. Менавіта ў гэты час яшчэ са старажытнасці, захоўваючы язычніцкія традыцыі,  беларусы святкуюць Масленіцу.

Хто не ведае гэтага цудоўнага свята!? Яго адзначаюць перад Вялікім пастом, за 7 тыдняў да Вялікадня – і звычайна з блінамі, снежкамі, вогнішчам, гульнямі. Гэта самае вясёлае свята – провады зімы і сустрэча вясны.
У нашай школе святкаваць Масленіцу стала традыцыяй. Адзначалі мы яе сёлета ў суботу, 25 лютага. Сабраліся  вучні школы, настаўнікі, бацькі, бабулі, загадчыца сельскай бібліятэкі Алена Скумс, старэйшына вёскі Галіна Петрашкевіч.

Народнае гулянне распачалі вучні 5 — 7 класаў у школьнай сталоўцы. Яны чыталі вершы, спявалі масленічныя песні, вадзілі карагоды. Потым  дружна пайшлі на вуліцу паліць чучала Масленіцы: там усіх ужо чакалі хлопчыкі з 9 класа, якія і падрыхтавалі вогнішча.

І вось Масленіца дагарэла… Няхай хутчэй прыходзіць вясна- красна.

Затым у спартыўнай зале ўсіх прысутных чакалі беларускія народныя гульні: «Кацяняткі-дзіцяняткі»,  «Конікі», «Пастух і воўк», «Гусі-лебедзі», «Асілкі» і інш.

І, нарэшце, самае прыемнае – смачныя бліны і духмяны чай з самавара. Школьны повар Ганна Шыбут разам з памочніцай Аленай Казак напяклі  бліноў з лімоннай цэдрай, чарнічным варэннем, з ванілінам. Бацькі таксама не засталіся ўбаку. Сталы ламаліся ад пачастункаў. Менавіта за сталом вучні зразумелі, чаму галоўная страва Масленіцы – гэта бліны. Вучаніца 7 класа Ліза Вашчонак расказала, што блін – гэта сімвал сонца (такі ж круглы), а сонца сімвалізуе жыццё (прыйдзе вясна і ўсё пачынае расці), здароўе, дабрабыт, багацце.

Свята праляцела вельмі хутка. Усе былі задаволеныя і з добрым настроем разышліся па дамах.

Цяпер нашы вучні будуць ведаць і помніць, што народная абраднасць Масленіцы звязана з адраджэннем пладаносных сіл зямлі. Асноўны матыў яе – провады зімы, жаданне хуткага прыходу вясны.

Т.  Маскалёнак,
педагог-арганізатар ДУА “Барсукоўская СШ”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *