Дзесяць работ — і ўсе важныя

Неспрыяльныя ўмовы сёлета стварыла вясна для сяўбы яравых культур. Ужо зразумела, што аптымальныя тэрміны будуць сціснуты. Укласціся ў іх неабходна, каб стварыць добры падмурак пад будучы ўраджай. Таму і манеўруюць у сельгаспадарках раёна тэхнікай: то раскідвальнікі прычэпліваюць да трактароў, дыскатары, а то — прычэпы, плугі. Ёсць сёлета над чым падумаць тэхнолагам палявых работ. Ёсць ім куды ўкласці свае веды, вопыт, практыку і веданне структуры палёў.

У напружаным рытме працуюць у гэты перыяд у ДП “АграБераснёўка”. Каб механізатарам нічога не перашкаджала, іх азнаёмілі з умовамі аплаты працы, арганізавалі гарачае харчаванне. Вось ужо больш чым тыдзень у майстэрні і на палі, дзе задзейнічаны вясенні канвеер, прывозяць абеды.  Гарачае харчаванне – гэта тое, да чаго механізатары прывыклі, і што не дазваляе спыніць тэмп работы. Напярэдадні ў сталоўку вёскі Пруднікі наведаліся спецыялісты Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі раёна, праверылі адпаведнасць патрабаванням саніторных нормаў. Людзі, якія рыхтуюць абеды і развозяць іх, прайшлі медабследаванне. Механізатарам нагадалі правілы аховы працы. Перад выездам на палі яны праходзяць праверку алкатэстарам.

Ля гасцінца Бягомль – Докшыцы мы сустрэлі калону трактароў. Адзін за адным ішлі чатыры “Беларусы” рознай магутнасці з поўнымі прычэпамі арганікі. Яе ўносілі на поле каля Дабруні, якое летась было занята кукурузай. Дарэчы, гэта культура вельмі любіць арганічную падкормку, а паколькі яна не вельмі патрабавальная да севазвароту, то і сёлета на гэтым участку, папярэдне яго багата заправіўшы арганікай, будуць сеяць высокабялковую культуру. Механізатары  Васіль Сталяроў, Павел Ганус, Дзмітрый Салянка і Яўген Ляўко (на здымку злева направа) з радасцю ўзяліся за справу. Васіль Сталяроў, які працуе ў лясгасе, становіцца паляводам ужо не першы сезон. Без дапамогі прамысловых і іншых арганізацый вяскоўцы ў гарачую пару не абыходзяцца.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *