«Наша хата біясфера»

   

у «хаце біясферы» гасцям заўсёды рады.

       У мітусні гарадскога жыцця, штодзённых клопатах так хочацца знайсці свой востраў спакою і ціхамірнасці. Мы шукаем яго і ўсё больш разумеем, як стамляемся. Мы стараемся адпачываць і заўважаем, што стома агортвае яшчэ больш. Магчыма, прычына ў тым, што мы выбіраем сучаснае жыццё і забываемся пра свае вытокі. Наша душа просіцца туды, дзе можна адчуць пяшчотны цёплы ветрык і пачуць шум лісця, спевы птушак. Толькі там мы можам знайсці маленькі рай на зямлі, дзе  ў вадзе, як у люстэрку, адлюстроўваюцца бярозкі і ад гэтага захоплівае дух, а промні сонца выклікаюць усмешку. А як жа часта мы не заўважаем, што гэты рай побач з намі!

           З’ехаўшы з Барысаўскага гасцінца ў лес, мы хутка трапляем у невялічкую вёску. Глухую, лічы, закінутую. Шукаем дом № 7 на прыгожай (па назве) вуліцы Крынічнай. Не так гэта і цяжка. Бо ў вёсцы з адной вуліцай сярод старых вясковых хат гэта вызначаецца, у нейкай ступені, сучасным дызайнам. З аднаго боку вядзецца будаўніцтва каменнай агароджы, насупраць стаіць ужо пабудаваны басейн для дзяцей. Праз шкляныя цэнтральныя дзверы праглядваецца інтэр’ер фае. Падумалася, што фае. І не памыліўся. Дзверы адчыніў гаспадар аграсядзібы “Наша хата біясфера” Мікалай Мікалаевіч Люцько. Ён запрасіў у пакой, каб даведацца, які госці хочуць атрымаць  адпачынак, а калі пачуў, што мэта візіту другая, стаў расказваць.
– Думка заняцца арганізацыяй адпачынку ў асноўным для гараджан прыйшла выпадкова, – распавядае гаспадар. –  Родам я з Пацвілля, што на глыбоччыне, але з’ехаў адтуль даўно. Спачатку вучыўся ў сувораўскім вучылішчы, затым – у вышэйшым ваенным, а пасля скончыў БДУ, юрыдычны факультэт. Шмат вандровак зрабіў па свеце. Жыў у Маскве, працаваў паслом у Чэхаславакіі. Маю добрую кватэру ў Мінску. Задаволены ўсім, але цішыні хацелася. З сябрамі мы часта абмяркоўвалі паўнацэнны адпачынак. На прыродзе. У вясковай хаце. Каб без мітусні, шуму машын, паху гарачага асфальту. Сярод гонкіх соснаў. Былі ў мяне нейкія грашовыя зберажэнні, дык  я і вырашыў укласці іх у вясковую сядзібу. Пяць гадоў таму ўзяўся за справу. Вельмі ўдзячны тагачаснай старшыні пассельвыканкама Людміле Дашыневіч, якая дапамагла ўладкавацца гараджаніну з сельскімі каранямі, – выдзеліла каля хаты ўчастак зямлі. Я адразу каня купіў. Гэты конь быў то рабочым, то выязным. Прыезджыя на адпачынак любілі пакатацца на санях, сесці ў сядло. Праўда, трымаць каня не так і проста, як высветлілася пасля. Ды і ўсё, што звязана з узвядзеннем аграсядзібы, арганізацыяй адпачынку, выклікае пэўныя цяжкасці. Праўда, я прывык да таго, што само нічога не ідзе, не плыве. Без працы рук сваіх, свайго мышлення дабіцца чагосьці  станоўчага, добрага не атрымліваецца.
Па словах Мікалая Мікалаевіча, у апошні час зменшылася колькасць гасцей. Мабыць, эканамічнае становішча стрымлівае адпачынак за грошы. Хаця, жыццё ў такім доміку дорага не каштуе. Меў немалы прыбытак гаспадар, дзякуючы колькасці адпачываючых. Па словах  Люцько, каб мець вялікі і стабільны прыбытак, трэба пабудаваць сетку сядзіб. На гэты час у яго ёсць аналагічны домік на Браслаўскіх азёрах. Канечне, Кліннікі адрозніваюцца ад Браслава, аднак… Тут б’е жыватворная крыніца, тут амаль да хаты прыходзяць чарадой ласі і алені, тут такое хараство і раскоша! Неяк адпачываў у “Нашай хаце біясферы” немец, дык ён ніякай дапамогі не прасіў: сам шчапаў дровы і паліў іх у каміне, сам з вядром хадзіў па крынічную ваду.
Гармонія душы, цела, прыроды найбольш спрыяе здароўю чалавека. Такі адпачынак дае сілы на высокапрадукцыйную разумовую альбо фізічную працу.

Мікіта БЯЛЯЎСКІ.

Один комментарий для “«Наша хата біясфера»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *