Докшыцкія камяні-следавікі

З глыбокай старажытнасці да нашага часу захаваліся камяні-следавікі. Гэта валуны, на паверхні якіх ёсць адбіткі ў выглядзе следу нагі або далоні чалавека. Вучоныя называюць іх антрапаморфнымі. Ёсць і зааморфныя, дзе існуе падабенства да слядоў жывёл. Звычайна след бывае адзін, але сустракаюцца і два, і тры.
Камяні-следавікі дастаткова рэдкія, але сустракаюцца амаль па ўсім свеце. Больш за ўсё следавікоў на блізкіх да Балтыйскага мора тэрыторыях.

Культ следавікоў мае вельмі даўнюю традыцыю і, у залежнасці ад мясцовасці, спалучаецца або з традыцыямі паганства, або з хрысціянскімі вераваннямі.

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь даследчыкамі выяўлена каля сотні падобных камянёў. Яны звычайна не вельмі вялікія, да іх цяжка дабрацца, бо знаходзяцца, як правіла, у балоцістай мясцовасці. Абавязкова паблізу бывае вада – балотца, ручай, калодзеж, крыніца. Кожная  мясцовасць дае сваю назву і свой сюжэт паходжання. То Святы Мікалай ішоў у царкву цуды паказваць,то Дзева Святая ішла з дзіцём на руках, то проста гэта – Божы слядок.

Такія камяні сустракаюцца і ў Докшыцкім раёне. У царкве вёскі Камайск ля прастола знаходзіцца такі камень. На ім, згодна з мясцовым паданнем, ёсць адбітак ступні Прасвятой Багародзіцы. Сляпому жабраку прымроілася, што Прасвятая Багародзіца ступіла на гэты камень. Яна загадала жабраку ісці да людзей і сказаць, што Багародзіца загадвае ім пабудаваць тут царкву. Жабрак паслухаўся і стаў бачыць.

Слядок “Найсвентшай панны” шануецца жыхарамі вёскі Ліпск. Ля вёскі Гарадзішча таксама цікавы след Багародзіцы, але мясцовая версія крыху іншая. Паказваючы камень, мясцовая бабуля мне тлумачыла: “Глядзі, дзетка, вось тут – слядочак, а ля яго — кіёчак, на кіёк Матка Найсвентшая абапіралася”.

Да такіх культавых рэчаў трэба ставіцца беражліва і з павагай. Следавікам пакланяліся старажытныя егіпцяне, грэкі, рымляне. Вучоныя мяркуюць, што такая з’ява — адна з праяў старажытнага культу Сонца, якое прыносіць святло, цяпло і ўрадлівасць. Вадзіца са следу —  гаючая. З прыходам хрысціянства культ сонца паступова змяніўся паданнямі пра сляды Маці Божай і розных святых.

Сцяпан Целеш.

2 комментариев для “Докшыцкія камяні-следавікі

  • 16.05.2012 в 4:58 пп
    Permalink

    У дзяцінстве таксама знайшла такі камень з адбіткам рукі на полі ў Сітцах. Але, на жаль, дзіцячай сілы не хапіла, каб выцягнуць яго з вязкай набраклай зямлі… Затым поле абаралі, і больш на тым месцы яго не было. Знаёмая расказвала, што адзін з такіх камянёў знаходзіцца ў касцёле ў Верхнядзвінску. Лічыцца, што гэта адбітак нагі Дзевы Марыі: адна ступня добра адлюстравана, другая — толькі пята (нібы адштурхоўвалася). Мне, малой, таксама здавалася, што я знайшла дзівосную таямніцу — магічны камень. Напэўна, веру да гэтага часу, бо памятаю дасканала месца, дзе убачыла незвычайную горную пароду з яўным адбітам рукі, нават фалангі пальцаў вельмі дасканала выступалі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *