Католический хор в Докшицкой парафии Святой Троицы

Сёння не кожная парафія на Беларусі мае ўласны хор. А нашаму слаўнаму гораду Докшыцы пашчаслівілася мець каталіцкую Святыню, у якой дзейнічае змешаны (складаецца з мужчынскіх і жаночых галасоў) аматарскі хор. Дэбютаваў ён 4 красавіка 2010 года на найвялікшай урачыстасці – свяце Уваскрашэння Хрыстова. Хор адразу крануў прысутных сваёй моцай і шчырасцю, а не канцэртным выкананнем класічных рэлігійных твораў.  Сваімі спевамі  харысты ўпрыгожылі святочную літургію і напоўнілі кожнага з прысутных шчырай малітвай.

Хто ж узяў на сябе абавязкі аб’яднаць людзей хрысціянскай песняй у адну групу? Чым павінны валодаць арганізатар і харысты? Пра гэта са слоў кіраўніка хору Веранікі Раманенкавай.

Дасье. Вераніка нарадзілася ў Докшыцах у сям’і настаўнікаў. Любоў і цікаўнасць да рэлігійнай музыкі вызначылася ў яе яшчэ ў школьныя гады, дзякуючы таленавітаму педагогу Таццяне Суднік, якая паспрыяла таму, што рэлігійная музыка для Веранікі стала сэнсам прафесійнага  жыцця. Пасля заканчэння 9 класаў і мясцовай школы мастацтваў яна паступіла ў Наваполацкі музычны каледж на аддзяленне “харавое  дырыжыраванне”, а затым – у Мінск ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Потым была магістратура, а цяпер – аспірантура названага  ўніверсітэта  і вучоба ў міжнароднай магістратуры  Варшаўскага ўніверсітэта  ў Інстытуце музыкалогіі.

Вераніка 8 год іграе на аргане ў касцёле Святой Тройцы ў Докшыцах. Два гады назад стварыла хор.

– Усе ўдзельнікі хору, а іх 22 чалавекі (Аксана Далжук, Аксана Мандрук, Алена Клігус, Андрэй Чабан, Брат Войтэк Врублеўскі, Валерый Канашыц, Вераніка Далжук, Вольга Крывадубская, Ганна Аўласевіч, Ігар Рагулька, Іна Занько, Ірына Цецеранкевіч, Кацярына Забароўская, Крысціна Мандрук, Міхаіл Аліноўскі, Наталля Буглак, Паліна Хмяльніцкая, Таццяна Суднік, Франц Камянецкі, Эдгар Варанцоў, Юзэф Буглак, Яніна Каротчык), розныя па характары, роду заняткаў, узросту, – гаворыць Вераніка. – Сказаць, што мы спяваем прафесійна, пакуль нельга, але прафесійнасць –  гэта не самае галоўнае ў рэлігійным спеве; галоўнае – выразіць спевам малітоўны сэнс. Спевы льюцца проста і шчыра, а гэта лепш, чым роўна і статычна выконваць строга тое, што напісана ў нотах.

Манера спеваў нашага хору робіць яго каларытным і па-свойму афарбаваным. Харысты спяваюць па нотах, хаця музычнай граматай валодае далёка не кожны. Зрокавае ўспрыманне спрыяе хутчэйшаму запамінанню і дапамагае арыентавацца ў музычнай прасторы.

 Песні гучаць па-беларуску, па-польску, па-руску, па-лацінску, па-англійску.  У рэпертуар уваходзяць творы розных жанраў, эпох і кампазітараў.   Докшыцкія харысты выконваюць як шэдэўры сусветнай класічнай музыкі (“Аллелюя” з араторыі “Месія” Гендэля, “An die Freude” хор з 9-й сімфоніі Бетховена), так і простыя рэлігійныя песні (“Аллелюя, Бог ускрос”, “А ўчора з вячора”). Удзельнічаючы ў літургіі Рымска-каталіцкай царквы, немагчыма абмінуць такі від песнапенняў, як грыгарыянскі (адзіночны адлік) харал – спевы, з якіх вядзе адлік прафесійная каталіцкая літургічная музыка. Наш хор выконвае тыя старажытныя і распеўныя харалы XIV веку на лацінскай мове, каб захоўваць і ведаць глыбокую традыцыю царкоўнай музыкі, бо менавіта яна крыніца музычнай малітвы.

Нязмерную дапамогу пры арганізацыі хору і на працягу ўсяго існавання аказаў айцец Андрэй Жылевіч.  Дырэктарам хору з’яўляецца  брат Войтэк Врублеўскі, які вырашае ўсе праблемы, арганізоўвае рэпетыцыі, частуе прысмакамі. Упрыгожваюць музычна-інструментальны блок спеваў таленавітыя музыканты Таццяна Суднік (арган) і Святлана Дзехцяронак (флейта). 

Звычайна перад кожнай рэпетыцыяй і заўсёды перад пачаткам святой імшы звяртаюцца харысты да Святой Цэцыліі, апякункі і заступніцы, якая захоўвае музычнае багацце Царквы, каб зрабіла іх сэрцы і слых чулымі, і яны маглі ўсёй душой праслаўляць Госпада Бога ў Тройцы Адзінай. І ў іх, на думку многіх, атрымліваецца гэта “на выдатна”. Пабываў з музычнай малітвай хор Докшыцкай парафіі Святой Тройцы ў Валкалаце, Даўгінаве, Гняздзілаве, Бярозаўцы, Порплішчы. Паўсюдна славілі Бога. А той, хто спявае, той двойчы моліцца і тым самым ідзе па шляху да Неба.

НА ЗДЫМКАХ: кіраўнік хору Вераніка Раманенкава і хор касцёла Святой Тройцы. 

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *