Безграничность творческой магии в руках Вани Будича

Ёсць шмат відаў узаемадзеяння з рэальнасцю і спосабаў яе пазнання. Адным з самых незвычайных, самых цікавых і самых невытлумачальных з’яўляецца творчасць. Гэта даволі шматгранны, але крохкі “інструмент” у чалавечых руках. І, здаецца, ён давяраецца толькі асаблівым людзям. Без сумнення, Ваня Будзіч з такіх людзей. Ён з чацвёртага класа не здраджвае гэтай магічнай справе, а колькасць яго вырабаў зараз і падлічыць складана. Яны даўно “цягнуць” на персанальную выставу, і нават не на адну.

Ваня сёлета скончыў восьмы клас, па стане здароўя два гады вымушаны займацца дома, і кожная яго вольная гадзіна цалкам аддадзена творчасці. Больш за дзесяць тэхнік асвоена хлопчыкам, і гэта, мяркуючы па ўсім, толькі пачатак.

– Шкада, зараз камп’ютар зламаўся, а шмат ідэй для стварэння вырабаў мне дае інтэрнэт, – дзеліцца юны творца. – Значна дапамагае рэалізаваць ідэі кіраўнік студыі “Выяўленчае мастацтва” Цэнтра дзяцей і моладзі Марына Вітальеўна Каляда.

– Такіх уседлівых вучняў у мяне яшчэ не было! – уключаецца ў размову Марына Вітальеўна. – Жаданне ствараць у Вані пастаяннае, усё гарыць у руках.  

Ды вочы проста разбягаюцца, гледзячы, як амаль не пакінулі свабоднага месца яго вырабы ў пакоі і, што тут прымяншаць – ва ўсім доме Будзічаў, якія разнастайныя яны па колеры і формах, па матэрыяле, з якога зроблены. Вытанчаны, амаль “ювелірны” раяль, выкананы ў тэхніцы квілінг (скручванне доўгіх і вузкіх палосак паперы ў аб’ёмныя фігуры). Грозны карабель-вікінг, складзены з трохвугольных модуляў арыгамі, з цікавасцю круціць у руках маленькі брацік Дзяніс і дэманструе нам: маўляў, паглядзіце, які цуд. А чатырох’ярусны торт з гафрэтрубачак (ствараўся 2 тыдні) сваёй веліччу і святочнасцю ўвогуле імкнецца засланіць шматлікія вышыўкі, кветкі, упрыгожаныя рамкі, вітражы і іншыя тварэнні Ваніных рук. Вырабы быццам адчуваюць канкурэнцыю і спаборнічаюць за вока госця.       

– Пачаў Ваня з малявання, – распавядае яго маці. – Затым навучыўся вырабляць сувеніры з бісеру. Ну а пасля, разам з разнастайнымі яго вырабамі пачала павялічвацца і папка з дыпломамі за перамогу ў розных конкурсах. З падарункамі родным і сябрам у нас таксама няма праблем, – усміхаецца жанчына. – Напрыклад, зараз Ваня вышывае карціну для дзядзі.

Між тым, з шафы дастаецца немалы скрутак вышытых хлопчыкам ікон, іншых вышывак – іх яшчэ не паспелі ўставіць у рамкі. Маленькі Дзяніс спрабуе падняць значных памераў макет дома Будзічаў – Ваня зрабіў яго з кардону, але яшчэ не прыдумаў, якія тэхнікі выкарыстае для ўпрыгожвання. Юны творца вольны ў сваёй дзейнасці: на апісанне стварэння таго ці іншага вырабу ён не звяртае ўвагі, дастаткова толькі фота. Уласнай фантазіяй ён не толькі  ўдасканальвае тое, што бачыць, але і часта стварае нешта новае, сваё.

І мара Івана Будзіча зусім не здзіўляе – хлопчык хоча стаць дызайнерам. Гэта, безумоўна, яго дарога, “аздобленая” каляровымі кавалачкамі паперы і вітражамі, тканінай, скурай, бісерам, пластыкай, ніткамі – усім тым, што ідзе на стварэнне захапляльных вобразаў.

Толькі распачаліся школьныя канікулы, і калі вы, раптам не ведаеце, чым заняць свой вольны час, раім задумацца, гледзячы на нашага героя.

Таццяна МАЦЮШОНАК.

НА ЗДЫМКУ: Ваня Будзіч у акружэнні далёка не ўсіх сваіх твораў.

Фота В. Чарвінскага.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *