«Даравальная нядзеля»

     Пад такой назвай выйшла ў свет новая кніга нашага земляка Фёдара Палачаніна. Гэта зборнік новых і раней напісаных п’ес драматурга маральна-этычнай праблематыкі.
У сучасным спажывецкім грамадстве губляецца каштоўнасць традыцый папярэдніх пакаленняў, дамінуючае месца займае матэрыяльны  дабрабыт, разлік і карысць. Фёдар Антонавіч у сваёй творчасці разважае над дадзенай праблемай, апісвае чалавечыя ўзаемаадносіны, пранікае ў складаны і супярэчлівы ўнутраны свет герояў, шукае выйсце з маральнага крызісу.
Кніга змяшчае 13 твораў. П’есы вызначаюцца мінорным настроем, прасякнуты рэлігійнымі матывамі. Яны распавядаюць, што менавіта ў крызіснай сітуацыі людзі часцей звяртаюцца да рэлігійных каштоўнасцей, пачынаюць усведамляць сваю адказнасць перад іншымі. Пісьменнік асуджае чэрствасць, злосць, зайздрасць, адсутнасць узаемапавагі і спагады да бліжняга. На яго думку, толькі зварот да Бібліі дапамагае ачысціцца ад маральнай разбэшчанасці, зайздрасці, сквапнасці і іншых адмоўных якасцей.
Сюжэты большасці п’ес Палачаніна пазычаны ў рэальнага жыцця, таму вобразы яго герояў пазнавальныя і праўдзівыя. У гэтым каштоўнасць твораў і іх цікавасць для пастаноўкі.
У літаратурным асяродку Фёдара Палачаніна лічаць найбольш актыўным драматургам віцебскага рэгіёна. Яго п’есы актыўна ставяцца, у тым ліку і прафесійнымі тэатрамі. Безумоўна, знойдуць свайго чытача і рэжысёра і тыя, якія ўпершыню пабачылі свет у новым зборніку.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *