Пара рабіць зімовыя запасы

Што лета вырасціць – усё зіма з’есць”, – успомнілася народнае выслоўе. Сапраўды, ураджай, які вырошчваецца на працягу вясны – лета, шчодра адорвае восенню ўсіх: і тых, хто непасрэдна працаваў на палях, і тых, хто не быў звязаны з гэтай работай. Такую выснову можна было зрабіць, пабываўшы на кірмашы ў мінулую суботу і пабачыўшы людское ажыўленне на пляцоўцы гарадскога рынку.

Асноўным таварам, які карыстаўся попытам у гараджан, была, канечне ж, прадукцыя палёў. Яно і зразумела: не ў кожнага ёсць магчымасць вырасціць яе на ўласным агародзе, а запасціся бульбай і агароднінай на зіму трэба ўсім.

Калі нарыхтоўваць капусту  яшчэ ранавата, то для бульбы – самы час. Яе на кірмаш прывезлі ДП “АграБераснёўка” і ДП “АграСітцы”. Жадаючых запасціся бульбай, як і кожны год, было многа. І хоць цана на клубні і ў адных прадаўцоў, і ў другіх была аднолькавая – па 1 200 рублёў за кілаграм, бачна, больш даспадобы прыйшлася пакупнікам сітцаўская бульба, бо да яе адразу выстраілася вялікая чарга. Прыгледзеўшыся лепш да тавару, можна было зразумець таму прычыну. Клубні з “АграСітцаў” мелі перавагу ў сваім выглядзе. Буйныя, круглай формы, яны, пэўна, выклікалі ў пакупнікоў большы давер у тым, што гэта бульба харчовая (здымак 1). Таварны выгляд мела гэта прадукцыя і ў аграбераснёўцаў, хіба толькі адрозніваліся клубні некалькі прадаўгаватай формай. Можа гэта акалічнасць і схіліла пакупнікоў да першага варыянту, а ў выніку кузаў сітцаўскай машыны хутка апусцеў.

Тыя, хто займаецца развядзеннем жыўнасці на сваіх падворках, набывалі збожжа, якое на кірмашы было прадстаўлена ячменем і пшаніцай. Гэтае зерне прапаноўвалі гараджанам ААТ “Таргуны”, ДП “Гняздзілава-Агра”, КУСГП імя Чэрныша, ААТ “Барсучанка”. Найхутчэй раскупілі барсучанскае збожжа. Людзі куплялі там, дзе танней. Мех ячменю з ААТ “Таргуны” каштаваў 80 тысяч рублёў, а з ААТ “Барсучанка” – 70 тысяч. Многія хацелі набыць пшаніцу, але, на жаль, ажыццявіць сваё жаданне не змаглі, бо яе было прывезена мала і ўсім не хапіла.

Дровы, салома  таксама прапаноўваліся гараджанам. Асабліва багата было дроў (здымак 4), як колатых, так і трохметровай даўжыні. Тым, хто не меў магчымасці самастойна даставіць купленае да дома, транспартныя паслугі аказвала сацыяльная служба (здымак 3).
Сабралася чарга і ля свежай рыбы, якой гандлявала ПМС. А вось ля машыны, дзе былі прадстаўлены вырабы з ДКУБП-52, людзей было менш, хаця там быў самы шырокі асартымент: ад штапікаў і плінтусоў да аконных і дзвярных блокаў. Нават дыхтоўны домік (будка) для сабакі была выстаўлена на вітрыну. Відавочна, пакупнікоў крыху палохалі цэны. Разглядаючы тавар, адна жанчына прамовіла: “Такая маленькая лавачка – і 40 тысяч!”
А вось і машына з парасятамі –  які ж кірмаш без парасячага віску? Укормленых “пятачкоў” па цане 50 тысяч рублёў за кілаграм жывой вагі  прывезлі з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, і ля машыны хутка ўтварылася чарга (здымак 5). Хтосьці прасіў аднаго парсючка, а некаму патрэбна была парачка. І не толькі гараджане былі сярод пакупнікоў гэтай жыўнасці, але і вяскоўцы.

Актыўны ўдзел у кірмашы прынялі школы раёна. Капуста, перац, памідоры, агуркі, фасоля, цыбуля, яблыкі, бульба, саджанцы – усё гэта прадавалася Парплішчанскай, Таргуноўскай, Барсукоўскай,  Валкалацкай, Тумілавіцкай (здымак 2), Янкаўскай школамі па невысокай цане. Напрыклад, кілаграм фасолі прадавалі па 20, а то і па 15 тысяч рублёў. “Навошта яе вырошчваць, – разважала адна з пакупніц, – калі можна прыйсці і купіць танна?” Вельмі прыгожы выгляд мела цыбуля: яе круглыя вялікія чыстыя галоўкі так і прыцягвалі ўвагу пакупнікоў (здымак 6). Хтосьці са шкадаваннем выказаўся, што яму не хапіла каляровай капусты. Ды прадавец суцешыў пакупніка, сказаў, што ў наступную суботу  прывязуць яшчэ. Докшыцкая вячэрняя школа прывезла швейныя вырабы, а таксама вырабы з дрэва: табурэткі, апрацоўчыя дошкі.

Як і кожны год, сваю прадукцыю прадстаўлялі на кірмашы раённае спажывецкае таварыства, філіял “Докшыцкі хлебазавод” РУВП “Віцебскхлебпрам”, КУПБА “Бытавік”, Бягомльскі лясгас і іншыя арганізацыі.
Застаецца дабавіць, што на гэтым гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй не завершыцца: у наступную суботу, 29 верасня, адбудзецца чарговы восеньскі кірмаш для тых, хто па якіхсьці прычынах не змог зрабіць для сябе запасы на зіму. Калі ласка, прыходзьце і выбірайце на свой густ усё, што трэба.

Анна ЖОЎТКА.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *