Хочаш крымінальных прыгод — паспрабуй спіртнога
Адна з самых актуальных і балючых тэм сучаснага грамадства – гэта ўжыванне алкаголю моладдзю. Шквал эмоцый ахоплівае дарослага, калі ён бачыць, як падлеткі распіваюць віно ці піва. Страшна нават уявіць, што перажываюць бацька з маці, калі бачаць сваё дзіця, якое ледзь дабралася дадому пасля сяброўскай вечарынкі.
Алена была ўпэўнена, што вельмі падабаецца Дзіму. І ён ёй быў зусім неабыякавы. Дзяўчыне часам здавалася, што нават кахае яго. У той вечар на дні нараджэння ў аднакласніцы Алесі ім было вельмі хораша побач. Музыка, сябры, жарты – усё здавалася чароўным. Тосты гучалі адзін за адным, і грэх было не падтрымаць іх келіхам. У Алёнкі кружылася галава, а Дзімка ўсё падліваў і падліваў ёй віна ў бакал. Добра куляў і сам. Потым праводзіў яе дадому, у пад’ездзе пачалі цалавацца, а далей… Яна не памятае, што было далей. Бацькі, калі ўбачылі на парозе дачку ў парванай сукенцы, якая ледзь трымалася на нагах, былі ў шоку. Назаўтра панеслі заяву ў міліцыю аб згвалтаванні непаўналетняй. На судзе яны расказвалі, як гэты злодзей напаіў іх нявіннае дзіця, якое нават не ведала смаку спіртнога. Пры гэтых словах Алена сарамліва апускала галаву, яна то дакладна ведала, што ўпершыню паспрабавала спіртное два гады таму, а на тым дні нараджэння проста “перабрала”, як і той, каго лічыла сваім каханым.
Ілья “штурмаваў” камп’ю-тар, калі пазванілі сябры і прапанавалі паехаць на дыскатэку ў суседнюю вёску. Там у СДК адразу не пайшлі, сядзелі ў машыне, вывучалі абстаноўку. Падышлі знаёмыя хлопцы, прынеслі піва. Калі па кругу пайшла трэцяя паўтарачка, Ілью ўжо быў непрыемны нават сам пах напою, але саромееўся перад сябрамі адмаўляцца піць: яшчэ палічаць слабаком. Піва расслабіла, надало імпэту. Ілья адчуў сябе моцным і крутым, таму, калі адзін з незнаёмых хлопцаў, што стаялі побач, неяк не так, як яму здалося, на яго глянуў, ён тут жа падышоў да яго для высвятлення адносін. Слова за слова і вось яны ўжо, як маладыя пеўнікі, наскокваюць адзін на аднаго. Вышэйшы па росце Ілья штурхнуў хлопца, той паваліўся назад на бардзюр. Пачакаўшы некалькі хвілін, Ілья падышоў да яго, нават падаў руку, каб той падымаўся, але хлопец на гэта ніяк не адрэагаваў. Ілья падняў яму галаву і адчуў на руцэ ліпкую кроў.
Антона ўсе школьныя педагогі лічылі выключна таленавітым хлопцам. Корпацца з тэхнікай, разбіраць механізмы і ўдасканальваць іх для яго было любімай справай. “Фольксваген” суседа даўно выклікаў у хлопца чыста тэхнічны інтарэс. Але сусед рабіў выгляд, што не разумее, як Антону карціць пакапацца ўнутры аўтамабіля. У той красавіцкі дзень ён ні з таго, ні з сяго паспрачаўся з сябрам, што сядзе за руль “Фольксвагена”. Так і зрабіў, перад гэтым выпіўшы “для храбрасці”, і быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Фінал усіх трох гісторый адзін: крымінальная справа, суд і пакаранне. Статыстыка сцвярджае, што кожнае чацвёртае падлеткавае злачынства здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. Старшы інспектар ІПН райаддзела ўнутраных спраў Ларыса Толкач адзначае, што сёлета з пачатку года 15 падлеткаў да 18 год прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўжыванне спіртнога. Іх затрымлівалі на дыскатэках, на вуліцы. Некаторыя факты выяўляліся ў час следства па крымінальных справах.
Самы небяспечны і распаўсюджаны наркотык выпускаецца не ў таблетках і не ў капсулах, а ў банках і бутэльках. Падлічана, што хлопцы і дзяўчаты да моманту дасягнення ўзросту, з якога можна піць на законных падставах, бачаць па тэлебачанні ў сярэднім 75 тысяч сцэн, у якіх прысутнічае выпіўка, прычым у даволі станоўчым сэнсе. Піва, напрыклад, п’юць у сваёй кампаніі мужныя, мускулістыя і загарэлыя хлопцы. Пэўна, такім “сапраўдным” хлопцам, душой кампаніі адчуваў сябе і Ілья. Віно асацыіруецца з нечым рамантычным. Успомніце, колькі падобных сцэн у фільмах: мяккі свет таршэра, прыемная музыка, ён і яна, з замілаваннем гледзячы адзін на аднаго, напаўняюць бакалы “нектарам кахання”. Нешта падобнае, магчыма, уяўляла сабе Алена, калі прымала чарговы бакал з віном з рук Дзімы. А кактэйлі? Самаўпэўненыя амерыканскія хлопцы, што так ліха ганяюць на аўтамабілях, ведаюць у іх толк. Ці не іх паводзіны пераняў Антон?
Няма вялікай розніцы паміж тым, што піць: гарэлку, каньяк, віно ці піва. Хаця, некаторыя думаюць інакш і вельмі памыляюцца. Адна бутэлечка халодненькага піва, бакал віна ці паўтары чаркі гарэлкі ўтрымліваюць аднолькавую колькасць алкаголю, які, як вядома, паслабляе самакантроль. Для многіх маладых выпіўка з’яўляецца імітацыяй бурнай дзейнасці, якая перарывае манатоннасць школьных будняў. Расказы пра тое, як нехта ўчора “налактаўся”, “уеўся”, потым доўга прыходзіў у нармальную кандыцыю, куды трапіў і як нічога не памятае – галоўныя тэмы гутаркі назаўтра. Сюжэт можа зменьвацца, як і прыгоды, а сутнасць, як і крымінальны фінал, — ніколі.