Елена Тумашевич — 11-я из числа многодетных матерей Докшицкого района, которая стала лауреаткой государственной премии

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання жыхарак Прыдзвіння прэміяй імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі і ордэнам Маці адбылася ў мінулую пятніцу ў аблвыканкаме. 27 цяперашніх лаўрэатак па традыцыі запрасілі разам з дзецьмі, каб яны маглі адчуць атмасферу, зразумець, як высока цэніцца ў нашай краіне мацярынская праца, сямейныя традыцыі і гарманічныя адносіны. Усяго з моманту ўстанаўлення ў 1987 годзе па ініцыятыве савета жанчын ганаровай прэміі аблвыканкама гэтай узнагароды, уключаючы сёлетнюю, удастоена 11 жыхарак раёна.

Сярод адзначаных прэміяй сёлета стала сям’я з Літоўцаў, што ў  Крулеўшчынскім сельсавеце, маці траіх дзяцей Алена Іванаўна Тумашэвіч. Мы сустрэліся з ёй, лічы, адразу пасля ўручэння: маці з сынам узрушаныя ехалі дамоў. Адчувалася, што святочны настрой не знік за 200 кіламетраў дарогі ад Віцебска да Докшыц. Яна расказвала:

– Нас, удзельнікаў урачыстасці, вітаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. Ён цёпла павіншаваў усіх са святам Маці, адзначыў, што ў сацыяльнай палітыцы нашай краіны асаблівы акцэнт робіцца на стымуляцыю нараджальнасці, усхваленне сямейных каштоўнасцяў,  разнастайную падтрымку сем’яў, фарміраванне здаровага ладу жыцця. Засяродзіў увагу на тым, што для выхавання дзяцей пастаянна павышаюцца памеры дапамог, вырашана праблема забеспячэння шматдзетных жыллём.

Алена Іванаўна Тумашэвіч выхоўвае ў сям’і разам з мужам трох сыноў. Старэйшаму Жэньку 18 гадоў, сярэдняму Уладзіку – чатыры,  малодшаму Мацвейку – толькі адзін з «хвосцікам». Жыве сям’я ва ўласным доме: дагледжаным, прыгожа аздобленым. На агародзе апрача памідор, бульбы, агуркоў, іншай агародніны шмат кветак. У хляве – свінні, куры. Даглядаюць жыўнасць, працуюць на градках усе разам. Але асаблівым памочнікам з’яўляецца Жэнька, які цяпер вучыцца ў аграрным каледжы на электрыка. На выхадныя дні практычна заўсёды прыязджае дамоў. Абавязкова паняньчыцца з малодшымі братамі, а затым дапамагае бацьку. Алена Іванаўна камандзірскім голасам ставіць задачы і працуе разам “са сваімі мужчынамі”. На яе думку, няма такіх праблем, з якімі  б нельга было справіцца. Яна стараецца ва ўсім бачыць добрае і гэтаму вучыць сваіх дзяцей. З мужам мае поўнае паразуменне, не вылучае нікога сярод матуль: для яе як свая мама, так і мужа  – проста мама. А таму бабулі гатовы дапамагчы ў любой справе, асабліва з радасцю ідуць да  ўнукаў.    

Паміж водпускамі па доглядзе за дзецьмі, Алена Тумашэвіч працуе бібліятэкарам. Работу сваю любіць, ставіцца да справы з душой. У яе шмат патэнцыяльных чытачоў, шмат сябровак і аднадумцаў. Яна ўмее выслухаць і кожнага пачуць, зрабіць пэўныя вывады для сябе. Вельмі любіць чытаць класікаў. Магчыма ўсё разам і з’явілася вынікам таго, што ў сям’і пануе лад, дзеці выхоўваюцца ў цеплыні і разуменні. Яна – шчаслівая маці, жонка, жанчына. Вочы свецяцца чароўным бляскам, а сэрца імкнецца сагрэць любоўю бліжніх.

– У час уручэння прэміі кожная жанчына пачула ў свой адрас словы ўдзячнасці, поціск рукі, прыгожы яркі букет, – працягвае дзяліцца сваім уражаннем лаўрэатка дзяржаўнай прэміі. – І ўсе цяжкасці, без якіх не абыходзіцца ў жыцці, засталіся ззаду. Дзякую дзяржаве, якая клапоціцца пра нас і ставіць вышэй за ўсё працу маці.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: шчаслівая А.І. Тумашэвіч з сынам Яўгенам.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *