36 лет Владимир Новиков руководил лучшим сельхозпредприятием Докшицкого района

36 гадоў на пасадзе кіраўніка сельгаспрадпрыемства і ўсё жыццё працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці – гэта подзвіг, якому назва чалавечая годнасць.  Без любві да зямлі, да людзей, без адказнасці за гэта нельга ні працаваць добра, ні кіраваць паспяхова. А Уладзімір Новікаў – былы старшыня калгаса “Зара камунізму”, а затым ААТ “Таргуны” – працаваў на вынік, і не на абы які! ААТ “Таргуны” –  адна з 60 базавых гаспадарак краіны, дзейнасць якой працуе па праграме “Сноў”. На працягу дзесяцігоддзяў гаспадарка лічыцца валаўтваральнай у раёне. Любімая фраза Новікава: “Няма дрэнных работнікаў – ёсць дрэнныя кіраўнікі”. Ён, як добры кіраўнік сельгаспрадпрыемства адзначаны шматлікімі ўрадавымі ўзнагародамі. Сярод іх – Ганаровыя граматы, дыпломы, ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыны 2-й і 3-й ступеняў, ордэн “Знак Пашаны”,  два сярэбраныя медалі ВДНГ СССР. А за гэтым стаіць праца самаадданая, напружаная без выхадных і святаў.

Што для Уладзіміра Мяфодзьевіча ўзнагароды і якім чынам разам з працоўным калектывам іх дабіваўся, расказ з яго слоў. 

Пасля заканчэння школы рабочай моладзі быў Віцебскі ветэрынарны інстытут і армія, а затым праца заатэхнікам, галоўным заатэхнікам калгаса “Зара камунізму”. Калі ж тагачаснага старшыню Людвіга Антонавіча Петрашкевіча, а было гэта ў 1974 годзе, прызначылі старшынёй Докшыцкага райвыканкама, на агульным сходзе калгаснікаў 26-гадовага У.М. Новікава выбралі  старшынёй праўлення калгаса.

– Нельга сказаць, што ў спадчыну мне засталося мала, – успамінае Уладзімір Мяфодзьевіч. – Аднак утрымацца на тым узроўні было, лічы, цяжэй, чым падняцца з адстаючых у перадавікі. Праўда, каманда галоўных спецыялістаў была моцная, а значыць, была падтрымка. Галоўным аграномам тады працаваў В.П. Трус, інжынерам – Р.І. Гушчык, эканамістам – Л.У. Юдзёнак, бухгалтарам – Д.А. Апанасевіч, заатэхнікам – А.І. Трус, намеснікам – А.А. Малюжанец. Яны ведалі справу, мелі багаты жыццёвы вопыт. А.І. Трус з цягам часу быў узнагароджаны  ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, а Р.І. Гушчык – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Але кіраўнік можа быць сапраўдным толькі тады, калі сам стаіць вышэй за спецыялістаў. Я ўсё жыццё стараўся вучыцца: на курсах, у простых мужыкоў. А яны з практыкі, па сялянскай мудрасці ведалі, што, калі і як зрабіць, каб не прагадаць.

Напрыканцы сямідзесятых – пачатку васьмідзесятых у калгасе “Зара камунізму” бралі з гектара па 38-40 цэнтнераў збожжавых, да 300 цэнтнераў бульбы. Рэкорднымі былі льняныя палеткі: кожны гектар у сярэднім даваў па 15,8 цэнтнера льновалакна. Калектыўная гаспадарка жыла на ўласныя сродкі, за якія пабудавалі 65 кватэр для вяскоўцаў, комплекс “Двор” на 3200 галоў буйной рагатай жывёлы, паставілі дзве польскія сушылкі “М-819”, узвялі майстэрню, машынны двор з гаражамі і Домам механізатара, гандлёвы цэнтр. Праўда, за апошні райста пасля вярнула затрачаныя мільёны. 

У той час актыўна працавалі з арганічнымі ўгнаеннямі. Калгас, які меў 1500 гектараў ворнай зямлі і 2 600 гектараў сельгасугоддзяў, нарыхтоўваў за год 70 тысяч тон арганікі, у тым ліку 50 тысяч тон тарфакрошкі. Нават зімой механізатары працавалі ў дзве змены, у выхадныя.

Зараз за кошт узбуйнення гаспадаркі шляхам далучэння да яе калгаса “Праўда”, саўгаса “Камунар”,  СВК “Несцераўшчына” і “Сувораўскі” яна налічвае 17 тысяч гектараў сельгасугоддзяў і 9 тысяч – ворнай зямлі. Запушчаныя ўчасткі таргуноўцы разаралі і перазалужылі, унеслі гліфасаты, своечасова пасеялі. Аплацілі даўгі далучаных гаспадарак і “не апусціліся на дно”.

Ва Уладзіміра Мяфодзьевіча свой падход да жыцця, да працы, да людзей. Напрыклад, ён лічыць, што работа кіраўніка не абмяжоўваецца 8-гадзінным рабочым днём. Ён, да слова,  ніколі пазней, чым у 5 гадзін раніцы не прачынаецца, а летам кладзецца спаць, у лепшым выпадку, поўначчу. Планаванне, на яго погляд, – абавязкова: жыць адным днём нельга. Трэба наперад усё падлічыць, прадугледзець, а пры неабходнасці ўнесці карэкціраванне. Спецыялісты павінны выконваць работу згодна са штатным раскладам. Ім трэба давяраць, але і правяраць іх работу. Працаўнікоў нельга мераць адной меркай: за добрую работу – добра плаціць, а тым, якія лянуюцца працаваць, – і зарплату аналагічную.

Мэтанакіраванае працоўнае жыццё на карысць роднаму прадпрыемству і ўсёй дзяржаве не спынілася ў Новікава і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Цяжкасці і праблемы не згубілі сэнс жыцця, жаданне жыць і працаваць. У.М. Новікаў па-ранейшаму ў курсе ўсіх спраў і падзей роднага прадпрыемства, радуецца дасягненням, перажывае з-за няўдач і не траціць надзею, што лепшае яшчэ наперадзе.

Сёння ён шчыра віншуе былых і цяперашніх працаўнікоў таварыства з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі, зычыць міру і цяпла, дабрыні і дабрабыту. Вялікага шчасця ўсім!

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *