Долгую жизненную дорогу прошла семья Молчановых из Крулевщины Докшицкого района

Замілаванне выклікаюць маленькія карапузы, калі робяць першыя крокі па зямлі. Адчуваеш ціхую радасць, калі бачыш, з якой пяшчотай падтрымліваюць адзін аднаго пажылыя муж і жонка, што пражылі побач не адзін дзясятак год.

Сумесны жыццёвы шлях Яўгена Герасімавіча і Лідзіі Віктараўны Малчанавых доўжыцца ўжо паўстагоддзя. За гэты час яны ніколі не разлучаліся надоўга, а зараз і ў бальніцы разам праходзяць курс лячэння. Пазайздросціць можна такім адносінам і павучыцца арыфметыцы захавання сям’і.

Яны нарадзіліся да вайны: Яўген Герасімавіч у Курскай вобласці, Лідзія Віктараўна – у Лёзна. Сустрэліся ў Крулеўшчыне. Малчанавы на станцыю пераехалі яшчэ ў 1939-м, калі  бацьку Яўгена перавялі сюды як спецыяліста-чыгуначніка. Вялікая сям’я, трапіўшы ў былую Заходнюю Беларусь з голадамору 30-х гадоў, адчувала сябе ў Крулеўшчыне, як у раі. Вайну перажылі на станцыі, у эвакуацыю не паехалі.

Лідзія ў Крулеўшчыне з’явілася ў 1959 годзе. Маладзенькая “хімічка” яркай, крыху цыганскай знешнасці, адразу прыцягнула да сябе ўвагу мясцовых хлопцаў і іх бацькоў: адукаваная жонка і нявестка была вялікім прэстыжам для тых, бедных на матэрыяльны дабрабыт, часоў. Яна ж на танцы з сяброўкамі бегала, але ніводзін з кавалераў не мог пахваліцца ўвагай з яе боку. “Закруціць” настаўніцы галаву ўдалося толькі Жэньку Малчанаву.  Гогалем хадзіў ён па Крулеўшчыне, «падмятаючы» вулічны пыл шырокім матроскім клёшам. Грудзі яго не былі ў медалях па прычыне адсутнасці баявых дзеянняў на Балтыйскім флоце, але якары на стужках узялі ў палон дзявоцкае сэрцайка ўсур’ёз і надоўга. Пабыўка закончылася каханнем, якое прадоўжылася ў перапісцы, а пасля спісання на бераг маладога марака, завяршылася шлюбам.

Лідачка вельмі кахала мужа і як было яго не кахаць – высокага, статнага, які столькі пабачыў у жыцці. Крыху засмучала тое, што, маючы добры школьны атэстат, Яўген закончыў толькі вучылішча, праўда, з адной чацвёркай. Але ўгаворваць яго вучыцца далей адукаванай жонцы было не трэба, сам прагнуў навукі. У адным яе заслуга: загітавала пайсці ў школу, маўляў, будзем разам працаваць і ў водпуску адпачываць.

Інстытут ён закончыў за 4 гады. На чацвёртым курсе здаў экзамены за 4-ы, 5-ы курсы і абараніў дыплом гісторыка. У 1973 годзе прыняў Крулеўшчынскую СШ, якая перайшла ў новы, прасторны будынак. Было ў ёй тады 890 вучняў, з якімі працавалі  40 настаўнікаў (?!). Дваццаць год ён быў дырэктарам, і зараз, характарызуючы яго тую дзейнасць,  адзін з былых раённых кіраўнікоў сказаў: «Малчанаў – гэта яркая асоба. З пакалення У.Ф. Паруля, Н.А. Сясіцкага, В.А. Буланава. Усе яны былі натуры прамой, непадкупнай. Мелі сваю думку, упарта яе адстойвалі, уверх па кар’ернай лесвіцы, распіхваючы іншых, не лезлі. Малчанаву прапаноўвалі розныя пасады ў рана, райкаме партыі, нават у міліцыі, а ён застаўся са сваімі дзецьмі. Вучыў іх прыстойнасці ўласным прыкладам. Вось і павыходзілі са школы генералы.»

Генерал-маёр Мікалай Мінаеў лічыць Малчанава сваім хросным бацькам. Каб не дырэктар школы, хто ведае, як бы склаўся лёс сіраты. Спачатку ў Колі памерла маці, а потым, амаль перад выпускам, загінуў бацька. Хлопец застаўся са старэйшым братам. Можна толькі здагадвацца, што было ў гэты час на душы ў падлетка. А тут яшчэ настаўніца нямецкай мовы адмовілася яго атэставаць, маўляў, няхай прыходзіць восенню. Тады практыка пераэкзамяноўкі, пакідання на другі год у тым жа самым класе, у школах прымянялася вельмі шырока. Толькі не ў Малчанава, у Крулеўшчынскай школе падобнага прыкладу не было. Вось і ў выпадку з Мінаевым дырэктар дадзенай яму ўладай паставіў хлопцу “3” і выпусціў са школы, бо лічыў, што прымусам, сілай ніколі не даб’ешся таго эфекту, што можа зрабіць вера ў чалавека. Мікалай паступіў у ваеннае вучылішча. Па іроніі лёсу прыйшлося яму пазней служыць у Германіі, там камандзір танкавай дывізіі нямецкай мовай авалодаў у дасканаласці.

Лідзія Віктараўна лідарства мужу здала без бою, а сама ўвесь гэты час несла цяжкую ношу жонкі дырэктара. Карыстацца нейкімі прывілеямі не дазваляла сумленне, наадварот, старалася ўсё рабіць лепш за іншых настаўнікаў, каб мужу было не сорамна. Аўтарытэт добрага настаўніка займела, але, калі прапаноўвалі, не прамяняла сваю школу на выкладанне ў інстытуце ўдасканальвання настаўнікаў, не пайшла і ў настаўнікі-метадысты.

У 1978 годзе Я.Г. Малчанаў быў удастоены звання “Выдатнік народнай асветы”. Як толькі прафесійную кваліфікацыю настаўнікаў сталі ацэньваць катэгорыямі, першым у раёне здаў экзамен на вышэйшую. Ужо ў 60 год асвоіў прафесію псіхолага (гэтак жа дасканала, як некалі гісторыка) і прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі па псіхалогіі.

У пенсійным узросце Малчанавы ў школе працавалі недаравальна кароткі тэрмін. Такія людзі – каштоўнасць, якую трэба выкарыстоўваць на поўную моц, тым больш зараз, калі педкалектывы становяцца пераважна жаночымі. На жаль, маладосць пра гэта не думае.

Зараз Малчанавы цешацца ўнукамі і выхоўваюць іх так, як некалі сваіх дзяцей (афіцэра і ўрача), якімі ганарацца. Здароўе здало ў абодвух, пасля таго, як бацькам давялося хаваць 45-гадовага сына. Гора яшчэ больш зблізіла гэтых слаўных людзей. Перажываць яго дапамагаюць прыродны жыццёвы гумар Яўгена Герасімавіча, узаемная бязмежная павага, клопат, беражлівыя адносіны адзін да аднаго. “Яе нельга пакрыўдзіць, ні ў якім разе, – гаворыць Яўген Герасімавіч пра жонку. – Ліда расла сіратой. У яе няма нікога, акрамя мяне. Калі яна нават бывае і не правая, я заўсёды першы прашу прабачэння, як мужчына, і як муж. Ведаю, яна ніколі мне не здрадзіць і не кіне, што б са мной не сталася”. Вось і ўся сямейная мудрасць.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: “По дороге одной с тобой рядом идём”.

Фота А. Варанковіча.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *