Студенчество — это лучшее время!

Семнаццаты лістападаўскі дзень быў абвешчаны Міжнародным днём студэнта ў 1941 годзе, і гэта дата была выбрана невыпадкова. У 1939 годзе 17 лістапада адбылася трагічная падзея: салдаты фашысцкай арміі арыштавалі, а потым пакаралі смерцю лідэраў чэшскага Саюза студэнтаў. Многія навучэнцы і выкладчыкі былі ўзяты ў палон і адпраўлены ў канцэнтрацыйныя лагеры. У памяць аб гэтых сумных падзеях было вырашана адзначаць Міжнародны дзень студэнта 17 лістапада.

Напярэдадні свята па сацыяльных сетках мы звязаліся з некаторымі студэнтамі, якія закончылі докшыцкія школы. Яны расказалі, як змянілася іх жыццё пасля атрымання студэнцкага білета, як праводзяць вольны час і павіншавалі сваіх “калег” з “прафесійным” святам праз нашу газету. 

Юрый Латковіч, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт:

– Вучуся я ў Віцебску, атрымліваю спецыяльнасць урача. Жыццё маё, безумоўна, вельмі змянілася: пераацаніў многія рэчы, адносіны да вучобы. Толькі зараз зразумеў, што вучоба ў школе – гэта рай, ва ўніверсітэце ўсё складаней, але і цікавей.

Тут я знайшоў шмат новых сяброў. Разам мы ходзім у кіно, на хакей і проста весела праводзім вольны час.

Дзень студэнта адзначаць будзем і, спадзяюся, весела. Як і ў школе, ва ўніверсітэце я таксама прымаю актыўны ўдзел у мерапрыемствах, а таму і ў свята буду на сцэне. Сваім былым аднакласнікам і ўсім сябрам, якія сталі студэнтамі жадаю плённай вучобы і добрага настрою.

Аляксандра Радзевіч, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт:

– Праз пяць год я стану менеджарам-эканамістам.

Толькі тры месяцы прайшло, як я стала “мінчанкай”, а маё жыццё напоўнілася падзеямі: новыя цікавыя знаёмствы, новыя магчымасці. Дарэчы, усё зараз па-новаму. Нязменна толькі тое, што, як і ў школе, я вяду актыўнае жыццё.

У свабодны ад вучобы час разам з сябрамі хадзілі ў Лядовы палац, на дыскатэку і ў кафэ, часта гуляем па горадзе.

Паколькі Дзень студэнта стаў нашым “прафесійным” святам, то адзначаць яго будзем весела і незабыўна.

Віталь Яцкоўскі, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце РБ:

– Вучуся па спецыяльнасці дзяржаўнае кіраванне і права на трэцім курсе.

Як адпачываем? У студэнта не так многа вольнага часу, як здаецца на першы погляд, але мы за актыўны адпачынак. Калі ёсць такая магчымасць, то выязджаем за горад, гуляем у парках, наведваем цікавыя месцы ў сталіцы.

Свята студэнта адзначу ў Акадэміі на вечарынцы разам з аднагрупнікамі.

Студэнт, памятай: зараз твой час! Магчыма ў будучым у цябе будзе больш грошай і часу, будзе свая кватэра і машына, але зараз у цябе ёсць высокае званне – Студэнт! А з ім і пельмені смачнейшыя, і гарбата зелянейшая, і жыццё цікавейшае.

Марыянна Чабанян, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт:

– Вучуся я на другім курсе па спецыяльнасці міжнародныя адносіны.

За час вучобы я стала больш самастойнай. Жывучы ўдалечыні ад дома, у інтэрнаце, па іншаму не магчыма. Я вывучаю тры замежныя мовы і шмат іншых дысцыплін, з’яўляюся старастай групы і паверху ў інтэрнаце. Акрамя гэтага, я член англійскага клуба. Пішу навуковую працу, якая будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе. Прымаю актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, бываю на сустрэчах з пасламі і замежнымі дэлегацыямі. Напрыклад, некалькі дзён таму выступалі ў Доме дружбы народаў перад брытанскім паслом.

Вольнага часу ў мяне практычна няма. На дыскатэкі не хаджу, бо беражліва адношуся да стыпендыі: капейка капейку беражэ. А калі з’яўляецца свабодны час, то прымаю ўдзел у валанцёрскіх рухах. Разам з аднакурсніцай былі валанцёрамі на кінафестывалі “Лістапад”, ужо другі год запар купляем дзецям падарункі ў дзіцячы дом і наведваем іх.

Віншую студэнтаў з іх святам, жадаю самарэалізавацца ў жыцці, стаць сапраўднымі і патрэбнымі грамадзянамі нашай краіны.

Падрыхтавала Таццяна ШУЛЬГАТ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *