В агрогородке Крулевщина Докшицкого района открылся новый социальный объект

Урачыстае адкрыццё аддзялення кругласутачнага прыбывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Крулеўшчына адбылося ў канцы мінулага тыдня. Другі паверх мясцовай бальніцы, на якім правялі рамонтныя работы, цяпер заменіць дом 38-мі пажылым і адзінокім людзям. Для таго, каб прывесці ў належны стан аддзяленне, было зрасходавана 1 мільярд 529 мільёнаў рублёў. З гэтай сумы 1 мільярд 433 мільёны выдаткавана з абласнога і раённага бюджэтаў, 75-ццю мільёнамі рублёў дапамагло міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Сафія” і 21 мільён уласных сродкаў патраціў ТЦСАН.

Раздзяліць агульную радасць з навасёламі прыехалі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Андрэйчанка, старшыня райвыканкама Алег Пінчук, старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў, каардынатары гуманітарнай работы МДГА “Сафія” Гэры і Кэйлін Джон і выканаўчы дырэктар праекта Сяргей Зубовіч.

Пасля таго, як была перарэзана чырвоная стужка, дырэктар ТЦСАН Марыя Курдзека запрасіла ўсіх гасцей прайсціся па аддзяленні і пазнаёміцца з умовамі пражывання. І сапраўды, з кожнага пакоя веяла навізной, чысцінёй і цеплынёй.

– Людзі, якія знаходзяцца ў гэтым аддзяленні, – асаблівае пакаленне. Яны шмат зрабілі для развіцця нашай краіны, перажылі вайну, аднаўлялі народную гаспадарку, умелі цаніць усё тое, што стваралася папярэднімі пакаленнямі. І таму ва ўлады да іх асаблівыя адносіны, – гаварыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. – Аблегчыць жыццё пажылога чалавека – гэта, у першую чаргу, задача дзяцей і родных. А калі іх няма, то максімальна наблізіць умовы жыцця да хатніх для пажылых і адзінокіх стараецца ўлада.

Уладзімір Паўлавіч выказаў словы падзякі мясцовай уладзе, Віцебскаму аблвыканкаму і спонсарам, пажадаў навасёлам здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Па даручэнні губернатара вобласці Аляксандра Косінца старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў павіншаваў калектыў аддзялення з уводам у дзеянне новага сацыяльнага аб’екта, а таксама падзякаваў за эфектыўную работу спонсарам і работнікам ТЦСАН.

За прафесіяналізм у правядзенні рамонтных работ, за актыўны ўдзел, супрацоўніцтва і аказанне садзейнічання ў адкрыцці аддзялення кругласутачнага прыбывання ўдзячныя лісты з рук старшыні райвыканкама Алега Пінчука атрымалі: калектыў філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”(дырэктар Ігар Галінскі); калектыў ПВГУП “ЯВГ-сэрвіс” (дырэктар Ігар Палянскі); калектыў ЧУП “Докшыцы-Энерга” (дырэктар Мікалай Васько); калектыў ТЦСАН (дырэктар Марыя Курдзека); Кэйлін і Гэры Джон (валанцёры МДГА “Сафія”) і выканаўчы дырэктар гэтага ж аб’яднання Сяргей Зубовіч.

Па словах Алега Леанідавіча, стварэнне і адкрыццё такіх аддзяленняў – гэта неабходная форма абслугоўвання насельніцтва.

– Як вядома, у 90 год чалавек патрабуе асаблівай увагі і клопату. Наша задача – стварыць усе ўмовы, каб людзі ў такім узросце адчувалі сябе камфортна і ні ў чым не мелі патрэбы, – падкрэсліў ён. – За праяўлены клопат і падтрымку дзякую губернатару вобласці Аляксандру Косінцу, старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандру Хрыстафораву і Старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміру Андрэйчанка.

Пасля ўрачыстасці адбылася невялікая канцэртная праграма народнага ансамбля народнай песні “Раніца”, ад чаго твары бабуль і дзядуль яшчэ больш павесялелі.
Раіса Аляксандраўна Петрусёва – адна з тых, якая ўжо паспела ацаніць камфортныя ўмовы пражывання ў аддзяленні:

– У нас вельмі прыгожа і ўтульна ў пакоях, санітарачкі добрыя, ветлівыя, повары – адметныя. А мужчынкі, паглядзіце, якія ў нас прыгожыя, – паказвае на свайго суседа, які сядзіць побач, Раіса Аляксандраўна.

Пасля праведзенага рамонту ў аддзяленні ўстанавілі не толькі новую мэблю, але і новае абсталяванне: пральную і сушыльную машыны, кухонны посуд, электрапліту, два халадзільнікі, два маразільнікі і многае іншае. Такую дапамогу аказала сямейная пара Гэры і Кэйлін Джон.

– Наш прыезд у Беларусь я б назваў глабальным. Я і мая жонка Кэйлін не адны такія, хто аказвае дапамогу ў гуманітарных праектах, такія сямейныя пары ёсць па ўсім свеце. Наша асноўная мэта – дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, умацаваць сем’і і проста быць пасланнікам дабра. Дзейнасць арганізацыі “Сафія” спансіруе гуманітарная служба Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён. Сродкі, якія мы выкарыстоўваем для ажыццяўлення такіх праектаў, як гэты, – ахвяраванні простых людзей з усяго свету. Я і Кэйлін ужо на пенсіі. Вырашылі займацца тым, што прыносіць людзям радасць. Вось ужо на працягу дзевяці месяцаў мы жывём у Мінску, але хутка вернемся дадому ў штат Айхада, дзе нас чакаюць сямёра дзяцей і 33 унукі, – дзеліцца з прысутнымі Гэры.

– А ў хуткім часе ў нас з’явяцца яшчэ два ўнучыкі! – дапаўняе яго Кэйлін.

Дабрыня і міласэрнасць, уменне радавацца і перажываць за іншых людзей, напэўна, з гэтага і складаецца шчасце чалавека. А таму давайце рабіць дабро і дарыць людзям радасць. Добрая справа, зробленая  для іншых, абавязкова вяртаецца дабром, але яшчэ большым.

                                ***

У гэты ж дзень Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Андрэйчанка і старшыня райвыканкама Алег Пінчук наведалі Докшыцкую сярэднюю школу № 1, дзе ішла размова аб неабходнасці рэканструкцыі будынка. Установе ўжо 40 год, а капітальнага рамонту яшчэ не было. Старыя вокны і драўляная падлога, дах, які падцякае, мякка кажучы – не лепшыя ўмовы для вучэбнага працэсу. Школу трэба прывесці ў парадак у бліжэйшы час, а таксама завяршыць у наступным годзе будаўніцтва водна-аздараўленчага цэнтра. Для гэтага спатрэбяцца дадатковыя грашовыя сродкі, і Уладзімір Андрэйчанка паабяцаў дапамагчы. А гэта значыць, што хутка  ў Докшыцах адбудзецца чарговае наваселле.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *