В Барсуковской библиотеке Докшицкого района уютно и сказочно

У Барсукоўскую бібліятэку заходзіш быццам у свет казак і хараства. Апрача звычайных стэлажоў, на якіх выстаўлены кнігі і аформлены выставы з нагоды той ці іншай даты з дня нараджэння пісьменніка, паэта, тут шмат іншага, што адрознівае яе ад іншых устаноў такога тыпу. Адразу падумалася, што сюды можна прыходзіць не толькі дзеля таго, каб узяць кніг і часопісаў, але яшчэ  каб атрымаць душэўную раўнавагу. Побач са стэлажамі, у цэнтры памяшкання стаяць пакаёвыя кветкі розных памераў: маленькія цыкламены і вялікія фікусы, вазоны, якія даюць прыгожую зелень, і тыя, якія цвітуць. Не зусім звычайна аформлены і куток падлеткавай літаратуры, які  аздоблены дзіцячымі цацкамі. Тут і мядзведзь ёсць, і парася, а таксама – качкі, коцікі, мышы і шматлікае іншае. Расстаўлены з такім густам, што, здаецца, без гэтых цацак бібліятэка выглядала б пустой і нецікавай. Бібліятэкар Алена Скумс расказвае, што сюды вельмі любяць прыходзіць дзеці пасля садка. Пагуляюць з цацкамі, пашукаюць кніжку з яркімі малюнкамі і абавязкова папросяць маму ці бабулю ўзяць дамоў пачытаць. Па словах бібліятэкара, у яе няма недахопу чытачоў і сталага ўзросту. У школьнай моладзі  карыстаецца попытам класічная літаратура, у людзей сярэдняга ўзросту – любоўная лірыка, раманы, дэтэктывы, многія любяць пачытаць  прыгодніцкую літаратуру. З мэтай выканання платных паслуг у бібліятэцы пастаянна абнаўляецца кніжны фонд.

Цяпер бібліятэкар выставіла работы самабытных майстрых. Тканыя і вышываныя ручнікі, служба якіх доўжыцца каля 100 гадоў, цікавяць сённяшніх гаспадынь, якія стараюцца авалодаць старажытным народным майстэрствам. Увогуле, Алена Скумс – адна з тых, хто не замыкаецца ў выдачы кніг, а ідзе да вяскоўцаў і нясе культуру, гісторыю, прыгажосць. Ніводзін канцэрт, святочнае мерапрыемства ў Барсуках не праходзіць без  удзелу бібліятэкара і груп, якія створаны пры бібліятэцы.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ: 1. Бібліятэкар Алена Скумс.  2. Фрагмент выставы.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *