В Докшицах путешествуют по странам мира путём посткроссинга

Вы даўно марылі ўбачыць з вышыні птушынага палёту востраў у выглядзе сэрца, які знаходзіцца непадалёку ад Таіці? Кракадзіла на балоцістых берагах Місісіпі? Праплыць на лодцы па адным з аўстралійскіх нацыянальных паркаў і пазнаёміцца з экзатычнымі птушкамі і жывёламі? Усе гэтыя цуды свету можна знайсці ва ўласнай паштовай скрыні. А дапамогу ў ажыццяўленні дадзенай мары прапанаваў у 2005 годзе партугалец, які прыдумаў пасткросінг.

Што гэта такое і якім чынам можна павандраваць па свеце ў любы час і пры мізэрных грашовых затратах? Пра гэта расказвае намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Вольга Арпуховіч.

– Пасткросінг – гэта вулічная пошта. Менавіта так з англійскай мовы дакладна пераводзіцца абмен паштоўкамі па пошце. Пасткросінг – гэта праект, які дазваляе ўдзельнікам згуртавання абменьвацца не віртуальнымі, а сапраўднымі паштоўкамі з выпадковымі адрасатамі па ўсім свеце. Той, хто адправіць паштовую картачку, атрымлівае як мінімум адну паштоўку ад іншага ўдзельніка згуртавання. Кожную паштоўку трэба зарэгістраваць на сайце, дзе карыстальнікі змогуць яе ўбачыць, а таксама даведацца, адкуль і куды былі адпраўлены іншыя паштоўкі. Мэта пасткросінгу – абмен сапраўднымі паштоўкамі паміж людзьмі, незалежна ад  месца іх пражывання, роду, узросту, расы і рэлігіі.

Хтосьці напэўна памятае, што ў савецкія часы сярод піянераў было папулярным весці бурную перапіску і абменьвацца паштоўкамі з дзецьмі з блізкіх замежных краін. Сёння гэты самы абмен выйшаў на больш якасны новы ўзровень.

У кожнага ўдзельніка пасткросінгу ёсць свае захапленні. Хтосьці любіць паштоўкі  з выглядам гарадоў, іншыя хочуць атрымліваць выключна рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў у адкрытым варыянце, трэцім патрэбны картачкі з выявамі веласіпедаў ці самалётаў. Усе свае пажаданні чалавек піша ў профілі, а што адправіць сам – не так важна: адрасат, якому патрэбна менавіта гэта паштоўка, абавязкова знойдзецца. 

З практыкі вынікае, што адным з самых распаўсюджаных запытаў у пасткросараў – паштоўкі з відамі прыроды, жывёлы, ландшафтамі, азёрамі і морамі, нацыянальнымі паркамі, кветкамі і дрэвамі. Менавіта такія паштоўкі раскупліваюцца вельмі актыўна.

– Увогуле, калі атрымліваеш паштоўку з якой-небудзь экзатычнай краіны, яна табе здаецца абсалютна ўнікальнай і каштоўнай, незалежна ад таго, што на ёй намалявана, – гаворыць Алена з г.п. Бягомль.  – Мяне цяпер не здзівіш паштоўкамі з Францыі, Германіі ці Галандыі, на якіх можна знайсці  ўсё – ад сельскіх відаў да пейзажаў далёкіх Галактык. Зусім іншая справа, калі, да прыкладу, атрымаеш паштовую картачку з Бангладэш! Самае цікавае, што знаходзіш такі падарунак у сваёй паштовай скрыні ў любы дзень і зусім нечакана. Такім чынам адпраўляешся вандраваць у тое месца, дзе ў сапраўднасці ніколі не пабываеш.

– Гэты стан душы можаш параўнаць толькі з пераднавагоднім настроем, – гаворыць Вольга з Докшыц, – толькі ён прысутнічае кожны дзень. Асаблівасці пасткросінгу ў тым, што ты ніколі не ведаеш, з якой краіны атрымаеш паштоўку на гэты раз, не ведаеш, што на ёй будзе намалявана і колькі іх апынецца ў тваёй паштовай скрыні. Гэта проста здорава!

Пасткросінг хутка дайшоў да жыхароў нашага раёна. Членамі  гэтага згуртавання стала невялікая колькасць маладых людзей з Докшыц і Бягомля. Упэўнена, што гэта толькі пакуль. Мы просім больш падрабязна расказаць пра тое, як трапіць на сайт і што трэба зрабіць яшчэ, каб стаць адным з членаў згуртавання. Зноў расказвае  Вольга Арпуховіч:

– Уся навігацыя на сайце на англійскай мове. Напачатку можна папрасіць знаёмых (калі не валодаеце мовай дасканала), каб дапамаглі распачаць дзейнасць. У далейшым можна карыстацца онлайн-перакладчыкам.
Каб стаць удзельнікам пасткросінгу неабходна зарэгістравацца на сайце http://www.postсrossing.com, дзе трэба ўказаць дамашні адрас і, па жаданні, кароткую інфармацыю пра сябе. Трэба выбраць у меню пункт “Отправить открытку” (Send a postcard), пасля чаго сістэма выдасць адрас выпадковага карыстальніка і ID (ідэнтыфікавані код) вашай паштоўкі. Гэты адрас і код неабходна напісаць на зваротным баку паштоўкі і адправіць яе ў паштовы шлях. Калі адрасат атрымае вашу паштоўку, то ён зарэгіструе яе на сайце, выкарыстаўшы ўказаны вамі на картачцы ідэнтыфікаваны  код. Такім чынам ваш адрас трапіць іншым карыстальнікам сайта і вы апыніцеся ў чаканні цікавых вандровак па нязведаным.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *