Былой солдат Виктор Ермолаев «поднимает» МТФ «Порплище» Докшицкого района

Яшчэ некалькі месяцаў назад перадавая даярка ДП “Порплішча” Вольга Аляксандраўна Іванова чакала трох сыноў з арміі, а ўжо сёння працуе з адным з іх разам. Вечарамі, калі збіраецца дружная сям’я ў новым бацькоўскім доме, ім ёсць пра што пагаварыць, лягчэй рашыць узнікшую праблему. Пасля арміі Віктар, які меў пасведчанне вадзіцеля класаў “В” і “С”, уладкаваўся на працу ў Бягомльскі лясгас. Працаваў на пілараме сартавальнікам драўніны. Зарабляў добра – пад чатыры мільёны. Меў выхадных аж 14 дзён у месяц! Чаму б і не працаваць! Але ездзіць з Порплішча ў Бягомль не так проста.  Шмат часу траціцца дарэмна. Вось і вырашыў памяняць работу. Вярнуўся ў Порплішча. Аграгарадок вялікі, з выдатнай інфраструктурай, знаходзіцца на шашы Докшыцы – Глыбокае. Ёсць клуб, бібліятэка. Шмат моладзі. “Не засумую”, – вырашыў наш герой і пайшоў у кантору. Хлопцу, які не па словах ведаў працу ў жывёлагадоўлі, прапанавалі ўзначаліць калектыў малочнатаварнай фермы “Порплішча”.  Не вагаўся над прапановай юнак, а пагадзіўся адразу. Яго рашэнне з задавальненнем прыняла матуля. Патэлефанавала цётка з Шаркаўшчыны, павіншавала пляменніка, назвала “калегай”, бо сама доўгі час працуе заатэхнікам. Акрыліла падтрымка родных Ермалаева, а таму і за справу ўзяўся заўзята, актыўна. Хлопец любіць дысцыпліну і дакладна арганізаваную працу. На сённяшні дзень яго не задавальняе стан спраў у жывёлагадоўлі на цэнтральнай МТФ. Але ж наперадзе калектыў чакае вялікія перамены. Пасля рэканструкцыі набудзе новы сучасны выгляд старая ферма, якая цяпер стаіць быццам у зямлю ўросшая. З’явіцца малочна-даільны блок з галерэяй (так называюць жывёлаводы калідор, які злучае хлеў з даільным залам), камп’ютарны пакой, вароты-датчыкі, якія вызначаць карову ў ахвоце, і іншыя сучасныя навароты. Будучыня ў жывёлагадоўлі – за высокімі тэхналогіямі і, мабыць, Віктару Ермалаеву давядзецца кіраваць робатамі, якія ўжо  на некаторых фермах вобласці дояць кароў.

А пакуль малады чалавек стараецца наладзіць на ферме справы так, каб людзям хацелася працаваць не толькі за зарплату, але і па душэўнаму парыву.  Незразумелым для Ермалаева з’яўляецца тое, што ў ЗША, Ізраілі, Германіі ўжо даўно надой ад каровы ў 8-9 тысяч кілаграмаў малака за год стаў нормай. Там працуюць над тым, каб давесці гэты паказчык да 12 тысяч кілаграмаў. У нас жа 5 тысяч  з’яўляецца дасягненнем. Малады загадчык фермы ўпэўнены, што замежныя вышыні і нам па сіле. Павялічыць вытворчасць малака – вось мэта, якую паставіў перад сабой хлопец, і рашуча ўзяўся за справу.  Пільным вокам акінуў сітуацыю, прааналізаваў вынікі кантрольнай дойкі, запланаваў набыць тэарэтычныя веды ў сельскагаспадарчай вышэйшай навучальнай установе. Хочацца верыць, што ў яго ўсё атрымаецца.

НА ЗДЫМКУ: Віктар Ермалаеў на рабочым месцы.

Тэкст і фота Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *