В Бегомле отпраздновали 70-летие со дня освобождения

З нагоды вызвалення Бягомля  партызанскай брыгадай “Жалязняк” 19 снежня 1942 года ў гэты дзень у гарадскім пасёлку адбылася ўрачыстасць. Яна пачалася ўскладаннем кветак да помнікаў і абеліскаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкім воінам і народным мсціўцам, працяг мела ў гарадскім Доме культуры. Урачыстасць адкрыла кіраўнік справамі Бягомльскага пассавета Людміла Дашыневіч. Ад імя раённай улады са святам прысутных  павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч.

– Усё больш часу аддзяляе нас ад моманту, калі савецкія людзі, не шкадуючы жыцця, змагаліся з фашызмам, – сказала Валянціна Юр’еўна. – Але нашчадкі заўсёды будуць памятаць пра подзвіг старэйшага пакалення, дзякуючы якому, мы сёння жывём пад ясным небам, будуем, ствараем. Бягомль уславіў сябе ў гады Вялікай Айчыннай вайны, шмат пакутаваў, таму заслужана атрымлівае пазітыўныя змены ў развіцці сацыяльна-эканамічнай сферы, характэрныя для апошняга часу.

Пра тое, як прыйшло вызваленне ў далёкім 1942 годзе, нагадаў старшыня ветэранскай арганізацыі У.В. Герасімёнак. Ён расказаў, што Бягомль адправіў у партызаны 23 працэнты свайго насельніцтва. 19 снежня народныя мсціўцы ў белых масхалатах нагналі панікі на бягомльскі гарнізон. Немцы нават рашылі, што гэта дыверсанты прыйшлі з-за лініі фронту і, ратуючыся ад партызан, уцяклі ў Плешчаніцы.

Памяць загінуўшых ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў была ўшанавана хвілінай маўчання.

Ад імя моладзі Бягомля слова на ўрачыстасці трымала Алена Курныш. Яна паабяцала захаваць высокія маральныя ідэалы прадзедаў, сярод якіх галоўным была бязмерная любоў да сваёй Айчыны.

Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам, у якім выступалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ГДК, Бягомльскай школы мастацтваў, Бягомльскай СШ.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: у час святочнага канцэрта.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *