Учитесь проводить день животновода по-ситцевски

У 2012 годзе ў ДП “АграСітцы” валавая вытворчасць свініны склала 493 тоны або плюс да папярэдняга года 10 тон пры сярэднесутачных прывагах 447 грамаў. У 2013 годзе плануюць атрымаць 550 тон, а сярэднясутачныя прывагі парасят падняць на ўзровень 490 грамаў. Першым крокам у выкананні пастаўленых задач стала паляпшэнне рацыёну кармлення жывёлы. На працягу студзеня на свінаферму завозяць спецыялізаваны камбікорм, а да гэтага часу кармілі свіней і парасят мукой, якую выраблялі на прадпрыемстве. З мэтай выхаду на вышэйшы ўзровень запланаваны  і некаторыя іншыя новаўвядзенні. Пра гэта гаварыў на дні жывёлавода дырэктар прадпрыемства Васілій Самусевіч, які закрануў пытанні падняцця заработнай платы і аховы працы.

Па-свойму праводзяць дні жывёлавода ў ДП “АграСітцы”: разам са спецыялістамі дзяржпрадпрыемства едуць на фермы работнікі мясцовага Дома культуры.  У адну з апошніх пятніц, калі дзень жывёлавода праходзіў на свінаферме, дырэктар Сітцаўскага СДК Яўгенія Кішыла, мастацкі кіраўнік Жанна Штоль, акампаніятар, а таксама акумулятаршчык у адной асобе Валерый Войцік, настаўніца музыкі па класе баян Таццянай Сапажэнка і, як заўсёды, бібліятэкары Алена Карповіч і Наталля Літвінава віталі свінаводаў песняй. Адзначылі тых, у каго на гэты месяц прыпаў дзень нараджэння. Віншавальныя словы былі адрасаваны Ліліі Грыгаровіч, Але Нікіцінай, Аляксандру Кучыцу і Тадэвушу Шупеньку. 

Па выніках 2012 года ў пераможцы раённага спаборніцтва сярод свінарак выйшла Ларыса Каросцік. Яна з’яўляецца аператарам на адкорме і за мінулы год здала на рэалізацыю 112 тон свініны. Таццяна Будзіч даглядае падсосных свінаматак. За названы перыяд ад 45 свінаматак яна атрымала 1450 парасят. Аператарам перадавікам  – асобныя словы віншаванняў і песні ў падарунак.

Дарэчы, на музычныя падарункі сітцаўскія культработнікі не скупяцца. Яны ўмеюць і любяць спяваць. Напрыклад, Жанна Штоль выконвае песні з рэпертуару Надзеі Кадышавай і выклікае ў слухачоў любой аўдыторыі, бурныя авацыі. Пра вёску, любоў да зямлі, каханне спяваюць сольна і вакалам усе ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Яўгенія Кішыла і Наталля Літвінава  разбаўляюць песні байкамі. Жартоўнымі. З жыцця вяскоўцаў. Многія з іх напісаны нашай мясцовай паэткай Людмілай Салянкай. 

Між тым, сітцаўскія артысты не абмяжоўваюцца канцэртамі і арганізацыяй святочных мерапрыемстваў толькі ў Сітцах. У мінулым годзе яны выступілі з канцэртамі ў Крыпулях, Таргунах, Гарадзішчы, Валкалаце, Бярозаўцы, Бярозках, Параф’янаве, Крулеўшчыне… А сустрэчы на фермах, палявых станах, мехдвары сталі ў іх рабоце абавязковымі.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: на санках з песнямі на ферму.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *