Переулок 1 Мая в Докшицах страдает от бессовестных поступков
Праблемным у плане добраўпарадкавання стаў апошнім часам завулак 1 Мая ў Докшыцах. Нядаўна ў рэдакцыю раённай газеты патэлефанавалі жыхары гэтага завулка і паскардзіліся, што з той пары, як пачалося будаўніцтва водна-аздараўленчага комплексу ля Докшыцкай школы № 1, жыльцы бліжэйшых шматпавярховікаў пачалі прыносіць і выкідваць уздоўж будаўнічай агароджы і нават на абочыну дарогі бытавое смецце. Там утвараюцца вялізныя брудныя кучы. Да іх збягаюцца каты, сабакі, расцягваюць смецце. Летам тут стаіць невыносны пах.
Сітуацыю пацвердзіла начальнік па добраўпарадкаванні РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Галіна Глымушка:
– Ужо некалькі разоў прыбіралі звалкі на завулку 1 Мая – і школа, і работнікі РУП ЖКГ. Прасілі жыхароў, заклікалі да сумленнасці – нічога не ўздзейнічае. Па вуліцы Школьнай збор і вываз смецця вядзецца згодна з графікам тры разы на тыдзень (кантэйнеры тут ставіць забаронена санстанцыяй). Якое трэба мець выхаванне, каб сабраць у сябе дома бытавыя адходы, аднесці і выкінуць іх іншым людзям пад вокны? Цяжка зразумець такія паводзіны. Аднак гэта адбываецца. Толькі прыбяром – нясуць зноў. Відавочна, што трэба прымаць больш дзейсныя і жорсткія меры.
Адразу пасля атрыманага сігналу карэспандэнты газеты разам з Галінай Іосіфаўнай выехалі на месца несанкцыянаванага сметніка (на здымку). У той жа дзень выявіўся адзін з віноўнікаў бруднага відовішча. Ім аказалася супрацоўніца РВПС, жыхарка пяціпавярховіка, што па вуліцы Школьнай. Пра яе непрыстойныя дзеянні паставілі ў вядомасць кіраўніцтва арганізацыі. Жанчыну абавязалі тэрмінова прыбіраць сметнік. Зараз там чыста. У далейшым за гэтай тэрыторыяй будзе весціся нагляд. Тыя, хто будуць выкідваць смецце на тэрыторыі агульнага карыстання, будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці. Штрафы немаленькія – ад 10 да 50 базавых велічынь.
Некалькі вуліц нашага горада Галіна Іосіфаўна называе “іншымі дзяржавамі”, дзе, як быццам, іншы менталітэт, свае законы і паняцці безгаспадарнасці. Каторы год камунальныя службы вядуць барацьбу з асобнымі жыхарамі вуліц Камсамольскай, Калініна, Урыцкага, Школьнай, каб яны не складзіравалі на задворках дровы, будаўнічыя матэрыялы, пясок, не пакідалі ля дарог аўтамабілі – паразумення не могуць дабіцца. Некаторыя ніяк не зразумеюць, што такімі паводзінамі не толькі ўскладняюць работу камунальным службам і наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю, але яшчэ паказваюць знявагу да ўсіх, хто стараецца зрабіць наш горад утульным і прыгожым.
Шаноўныя дакшычане, як бы гэта банальна ні гучала, давайце паважаць адзін аднаго і, у першую чаргу, саміх сябе!
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
Фота аўтара.
Забыли написать, что пакеты с мусором еще периодически валяются рядом с мусорными урнами на тротуаре вдоль всей улицы.
А все это из-за того, что вывоз мусора организован неразумно: все 3 раза машина собирает мусор только в 6.30 утра, если бы она ездила в 18.30 желающих выбросить мусор было бы множество, а утром высыпают мусор в основном только пенсионеры! Лично я ношу выбрасывать мусор в ближайший контейнер на ул.Маяковского, т.к. мне не хочется терять целый час сна ради того, чтобы выбросить мусор в мусоровоз.
Галина Глымушко, поменяйте время сбора мусора по ул.Школьной на 18.00-19.00 и вам больше не придется убирать кучи мусора.