Как Лёшка из Докшиц стал «венесуэльцем»

Працоўная біяграфія звычайнага докшыцкага юнака пачалася цікава і зусім  непрадказальна. Пасля заканчэння першай гарадской школы, Аляксей  паступіў у Полацкі ўніверсітэт і паспяхова яго закончыў. Атрымаў спецыяльнасць інжынера-будаўніка. Быў размеркаваны ў Мінск. Але, як іншы раз бывае, ад паслуг маладога спецыяліста адмовіліся, бо набралі сваіх, мінчукоў. Хлопцу з Віцебскай вобласці прапанавалі шукаць работу па месцы жыхарства. І юнак кінуў сваё рэзюме ў Інтэрнэт. А там новаспечанаму спецыялісту прапанавалі работу на будоўлі ў Венесуэле.

Дваякае пачуццё авалодвала тады хлопца. З аднаго боку яму хацелася пабачыць свет, спазнаць нязведанае, паспрабаваць свае сілы. З другога – было страшнавата (не баіцца гэтага слова Лёша). Трынаццаць тысяч кіламетраў ад дому. Пералёт праз акіян. Іншы мацярык, іншыя людзі са сваім менталітэтам. Урэшце, сваёй мовай.

Ціхенька плакала маці. Падбадзёрваў бацька.  І тым не менш – аэрапорт Мінск-2 – Франкфурт – Каракас (сталіца Венесуэлы).

На мове старажытных індзейцаў Каракас гучыць як даліна спяваючых птушак. Цяпер Лёша з упэўненасцю можа сказаць, што назва адпавядае сапраўднасці. Горад прыгожы і інтрыгуючы.

Беларусаў, якія прыляцелі ўзводзіць жыллё для венесуэльцаў, сустрэлі прадстаўнікі фірмы “Белзамежбуд”, размясцілі па кватэрах. Па словах Аляксея, жыллёвыя ўмовы выдатныя. За кошт фірмы здымаецца, напрыклад, пяціпакаёвая мэбліраваная кватэра. Ёсць тэлевізар, кам’ютар. Бясплатны байфлай і магчымасць без абмежаванняў размаўляць з бацькамі, сябрамі, знаёмымі. Для кожнага кватаранта – асобны пакой, а санвузлоў у такой кватэры – тры.

– Рабочы дзень на будоўлі доўжыцца 11 гадзін: з 7-мі раніцы да 6-ці вечара, – расказвае Аляксей. – Перапынак на абед – адна гадзіна. У суботу – рабочы дзень скарочаны. Выхадны – нядзеля. Венесуэльцы асабліва адносяцца да выхадных, святаў. Гэтыя дні адведзены менавіта для адпачынку. Напрыклад, кожную нядзелю фірмай выдзяляецца аўтобус, які вязе жадаючых на бераг Карыбскага мора. Купайся, валяйся ў пяску, назірай за першароднай прыгажосцю зямлі, вады… Вось скаты, каралы, якія пад націскам нагі ломяцца, але ў залежнасці ад шчыльнасці, могуць і параніць яе. А якіх толькі рыб не плавае ў моры! Чырвоныя, аранжавыя, сінія, зялёныя, белыя, як малако… Нашы рыбаловы-аматары іх ловяць, але есці баяцца, бо не ведаюць як  прыгатаваць і наколькі яны прыдатныя да ежы.

На беразе мора – пальмы. Какосавыя арэхі ляжаць пад нагамі: бяры іх, рабі стружку, пі какосавае малачко. Тут жа поўзаюць крабы. Вабіць сваімі дзівосамі краіна кантрастаў, якая знаходзіцца на поўначы Паўднёвай Амерыкі, абмываецца Карыбскім морам і Атлантычным акіянам, мяжуе з Гайанай, Бразіліяй, Калумбіяй. Частка Венесуэлы занята дзікай пустыняй Меданос, частка – джунглямі. А вадаспад Анхель, які з’яўляецца самым вялікім у свеце! Усё гэта хочацца пабачыць, пазнаць краіну яшчэ больш. Але ў адзіны выхадны экскурсіі аддаём перавагу сустрэчы з роднымі і блізкімі па скайпу. Туга апаноўвае. Цягне дамоў. Хочацца ўбачыць родныя твары, пачуць родны голас.

–  Між тым, у краіне шмат негатыву, – працягвае Александровіч. – Тут вялікая злачыннасць і малы працэнт раскрывальнасці. Мабыць таму, кожны дом венесуэльца абнесены двухметровай агароджай. Нярэдка яна знаходзіцца пад токам. Апрача гэтага, венесуэльцы любяць яшчэ выкарыстоўваць з мэтай аховы сваёй маёмасці металічныя загвасткі, асколкі шкляных бутэлек, калючы дрот па ўсім перыметры агароджы. Пануе ў горадзе і поўная антысанітарыя. Смецце ляжыць паўсюдна: на вуліцах, каля дамоў-ляплёнак. Жылыя дамы, узведзеныя беларусамі, рэзка выдзяляюцца знешне. І перш за ўсё, за кошт шкляных жалюзі. Гэты элемент будынка надае асаблівы каларыт і вельмі падабаецца венесуэльцам. Абавязкова на вокнах на ўсіх паверхах устанаўліваюцца рашоткі.

Мы іх будавалі пяціпавярховымі, а цяпер, згодна з планам на перспектыву, будзем узводзіць і 16-павярховыя.  Будаўніцтва вядзецца з улікам кліматычных асаблівасцей. Узводзяцца, можна сказаць, лёгкія збудаванні – без тоўстых сцен з сучаснымі сістэмамі вентыляцыі. Нам сказалі, што выдзяляюць кватэры венесуэльцам бясплатна і засяляюць у гэтыя  дамы людзей бедных. За электраэнергію яны  не плацяць.

У падначаленні майстара Александровіча  12 мясцовых жыхароў. Карэнны народ, дарэчы, практычна не адукаваны. Многія не ўмеюць чытаць і пісаць. Імпульсіўныя і з высокай самаацэнкай. Урэшце, людзі добразычлівыя і кантактныя: запрашаюць да сябе ў госці, шчыра гасцююць у час сумесных карпаратываў. Разам адзначаюць прафесійныя і рэлігійныя святы. У Венесуэле ў большасці прапаведуюць каталіцызм. І, як было сказана вышэй, вельмі эпахальна да ўсяго ставяцца. Дзякуючы гэтаму, мы і змаглі сустрэцца з Аляксеем: калядныя канікулы ў хлопца пачаліся з 22 снежня. Дарэчы, не ўсім даюць іх на такі перыяд, а  толькі за асаблівыя заслугі і старанні. Ён да нядаўняга часу быў у бацькоў у Докшыцах.

Лёгкім загарам, бо там стабільна трымаецца плюсавая тэмпература, якая не апускаецца ніжэй за 24 градусы па Цэльсію, ён выдзяляецца сярод нас, якія свой летні загар даўно змылі. Урэшце, змяніўся і характар Алёшы, яго стаўленне да жыцця. Ён пасталеў, адчуваецца яго сфарміраваны мужчынскі характар. У хлопца свой светапогляд на жыццё, свая ацэнка зробленага. Паўтара года, якія пражыў у  Венесуэле, не прайшлі дарэмна, адклаліся грузам мудрасці. Што будзе далей, Лёшка-венесуэлец пакуль не ведае. Ды і далёкія планы не будуе. Да заканчэння кантракта з венесуэлькай краінай у яго засталося 9 месяцаў. Ці захоча падоўжыць з ім фірма “Белзамежбуд”, ці захоча гэтага сам Аляксей – пакуль невядома. Было б здароўе. І мірнае неба над галавой. А з цяжкасцямі, упэўнены мой субяседнік, ён справіцца. Дарэчы, як і кожны, хто ставіць перад сабой мэту і настойліва ідзе да яе.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Комментарии:

2 комментариев для “Как Лёшка из Докшиц стал «венесуэльцем»

  • 28.01.2013 в 8:51 дп
    Permalink

    Мне вельми цікава было даведацца што у Венісуэле працуе наш Байфлай .

  • 21.02.2013 в 3:01 пп
    Permalink

    А Вы не ведалi?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *