БРОДОК: деревня Докшицкого района маленькая, но перспективная

Лічаныя кіламетры аддзяляюць невялічкую лясную вёску Брадок ад гарадскога пасёлка Бягомль. Стаіць яна ў жывапісным месцы крыху наводшыбе ад дарогі Мінск – Віцебск. З  чатырнаццаці рознаўзроставых жыхароў вёскі тут жыве доўгажыхарка Надзея Юхнавец. Ёсць у вёсцы і маленькі чалавечак, які адмервае пакуль чацвёрты год жыцця.

Сярод старых дамоў размясціліся новыя, пабудаваныя на сучасны лад. Абнесены яны металапрофілем, бетоннай агароджай. Урэшце, усё, як звычайна, дзе мінулае пераплятаецца з сучасным, дзе ёсць сведкі гісторыі і  будучыні.

Некалі да Брадка дайсці было цяжка, хоць і размяшчаецца яна за кіламетр ад дарогі. Даводзілася ісці ў брод, па вадзе і балоце. Мабыць адгэтуль і назва вёскі пайшла. Цяпер да яе вядзе звілістая пясчаная дарога праз лясок, міма штучнага возера з мосцікам для купання і альтанкай на беразе. Краявіды прыгожыя, мілыя, беларускія.

Векавая, жыццярадасная і шчаслівая

Надзея Архіпаўна Юхнавец (на здымку) – адна з тых, хто перакрочыў 100-гадовы юбілей. На пытанне, як сябе адчувае ў такім узросце, разважліва адказала:

– Летась тры разы спатыкнулася. Мабыць, пакідаюць ужо сілы. Але душой старасць не адчуваецца.

Яна і на сто першым годзе жыцця мае добрае здароўе, цвёрда трымаецца на нагах, яскрава памятае падзеі мінулых гадоў, не скардзіцца на зрок. А ўспомніць бабулі ёсць што. Яна можа расказаць пра вайну, партызанскі рух, жыццё вяскоўцаў у дваццатым стагоддзі, шматлікія дробныя і буйныя падзеі, якія адыгралі пэўную ролю ў станаўленні дзяржавы, саўгаса, асобы беларуса. Канечне, асабліва трапяткія ўспаміны ў Архіпаўны пра гады ліхалецця. Яе муж Антон Ігнатавіч быў падпольшчыкам, партызанам. У іх невялічкай ды ўтульнай хацінцы сталавалася партызанскае камандаванне. Сюды начамі прывозілі зерне, каб змалоць на муку, напячы хлеба. Тут будаваліся планы нападу на фашыстаў, вызвалення зямлі ад нечысці. Іх з мужам хатка даўжэй за іншыя засцераглася ад пажару. Але ў час другой блакады, калі ашалелыя фашысты адступалі, спалілі і яе. Тулілася пасля таго Надзея Архіпаўна з траімі дзецьмі ў склепе, які, дарэчы, і цяпер стаіць  насупраць новага дома.

Гэта хата, што стаіць на ўскрайку Брадка, будавалася ў 1958 годзе. Адна з дачок Архіпаўны паехала на вярбоўку ў Астрахань. Па словах бабулі, без чамадана, з невялічкім хатульком. За першую зарплату купіла сабе боты і фуфайку, а другую, у суме 100 рублёў, прыслала маці. Якія ж гэта былі вялікія грошы! Нездарма спяваецца: “А як маеш грошы, дык і сам харошы”. За іх узвялі новую будыніну.

У тыя часы людзі жылі бедна, але дружна. Талакой будаваліся, бульбу саджалі, выбіралі яе, гной выкідвалі і іншыя работы выконвалі разам. Падтрымлівалі адзін другога, спачувалі ў няшчасцях, радаваліся кожнай чужой удачы. І зайздрасці не было. Праўда, успамінае Надзея Архіпаўна, неяк яшчэ ў маладосці прычапілася да яе цыганка, каб паваражыць. Мімаходам глянула на далонь і сказала, што будзе жыць доўга і шчасліва. Што ёй нават зайздросціць будуць.

– Не зайздросныя тут людзі, – гаворыць Надзея Архіпаўна. – Ды ўжо і зайздросціць няма каму. Маладзейшым не да яе гадоў, старэйшым – сваіх праблем хапае.

І ўсё ж вёска не сатрэцца з карты зямлі, а будзе жыць. Не дазволяць зрабіць гэта тыя, хто надзейна пусціў тут свае карані. І па словах жыхароў, каб хацелі нашчадкі прадаць старыя хаціны дачнікам, то ў вёсцы не было б ніводнага пустуючага дома.

Жыццё ў радасць без выхадных і водпускаў

Менавіта так ахарактарызавала сваё жыццё Валянціна Юхнавец, жонка Леаніда – гаспадара-фермера.

Дом аднаго з першых фермераў раёна нагадвае панскі маёнтак, які адрозніваўся  дыхтоўнымі збудаваннямі. Падобныя сядзібы расшыраліся не адразу, дабудоўваліся не год і не два, а пераходзілі ад бацькі да сына. Вось і Юхнаўцы ўзялі за правіла пакінуць пасля сябе плады працы сваёй, пабудавацца так, каб не адно іх пакаленне жыло ў гэтых мясцінах.

За два дзясяткі гадоў фермеры Юхнаўцы сумелі атрымаць добрыя вынікі ў раслінаводстве, стварылі моцную матэрыяльна-тэхнічную базы. Без гэтага аб сур’ёзным і паспяховым аграбізнесе не было б і размовы. Сёння гаспадарка “Брадок” мае зямлю і тэхніку, лес і вадаём, пастаянных работнікаў, як таго і патрабуе статус гаспадара зямлі.

Але, бадай, асноўным дасягненнем стала тое, што сын Рыгор, які закончыў лясны каледж і адпрацаваў па спецыяльнасці неабходны тэрмін, вярнуўся на зямлю сваіх бацькоў. Ён узяў на сябе частку абавязкаў маці, а ўвогуле поўнасцю аддае сябе сялянскай рабоце. Па словах маці, сын сябруе з мінчанкай, мае сур’ёзныя намеры, але пытанне стаіць у выбары месцы жыхарства. Рыгор наадрэз адмаўляецца ехаць у Мінск. Жыць і працаваць намераны тут.

Валянціна (на здымку) родам з-пад Барысава. У маладосці не думала, што давядзецца жыць у вёсцы. Атрымала спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага харчовай прамысловасці і бачыла сябе на вытворчым участку. Аднак замужжа, а яшчэ дакладней улюбёнасць мужа ў зямлю, сялянскую працу не толькі памяняла яе планы, але нябачна прывіла любоў да таго, што любіць ён. Зараз яна сябе нідзе больш не бачыць, апрача як у Брадку. Праз два дзясяцігоддзі сям’я зажыла так, як некалі баялася марыць. Цяпер яны могуць дазволіць сабе многае. Напрыклад, адпачынак на моры. Валянціна з дочкамі некалькі разоў была на Чорным. А вось Леаніда адправіць на курорт цяжка. Яму заўсёды не хапае часу. Ён адпачывае не толькі душой, але і целам у родным кутку. Любіць паляванне і рыбалку, з задавальненнем выконвае шэраг розных работ на палях і ферме. І калі для многіх зіма становіцца перыядам зацішша, то для Леаніда Юхнаўца – ні ў якім разе. У гэты час трэба падкарміць лясную жыўнасць, бо ўзяў фермер у арэнду паляўнічую гаспадарку. Шмат работ на пілараме. Без выхадных працуе свінаферма. А арганізацыя рамонту тэхнікі колькі займае часу!

Між тым, кожныя выхадныя, зімой і летам, у двухпавярховым камфартабельным доме Юхнаўцоў збіраецца іх вялікая радня. Прыязджаюць з усіх канцоў Беларусі сваякі і сябры. І тады ва ўтульнай сталовай за доўгім сталом вядзецца размова пра жыццё-быццё, пра цяперашнія клопаты і радасці. Будаваць доўгатэрміновыя планы Юхнаўцы не любяць, баяцца «насмяшыць» Бога. Жывуць так, каб не запарошыць вока нікому, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу, падтрымаць і суцешыць, дапамагчы і парадавацца за чужыя поспехі.   

Паляўнічы-летуценнік з добрым сэрцам і шчырай душой

На варотах у двор Валерыя Юхнаўца (на здымку) вісіць таблічка: “Асцярожна – злы сабака. А гаспадар – яшчэ горшы”. Жартоўны гэты надпіс ці сур’ёзны, сказаць адразу нельга. Мы асцярожна стукаемся ў дзверы і сустракаемся з самабытным мужчынам-асілкам. Маладжавы, моцнага складу чалавек з прыемнай сціплай усмешкай прываблівае, адразу захапляе сваёй гамонкай. І неўзабаве даведваемся, што Валерый – карэнны жыхар Брадка. Пасля школы служыў у Хабараўскім краі – будаваў БАМ. Затым вярнуўся ў родную вёску. Ажаніўся. Пэўны час маладая сям’я жыла разам з бацькамі і бабуляй. Марыя яго аказалася жанчынай добрай, спагадлівай, сардэчнай і не канфліктнай. У вялікай сям’і жылі маладыя без сварак і непаразуменняў. Але ж хацелася мець свой дом. Паспрабавалі атрымаць участак у Бягомлі. Ды не задаволіла месца, якое прапаноўвала землеўпарадкавальная служба.

– А раз так, то будзем будавацца ў Брадку, – вырашыў гаспадар.

Жонка не супраціўлялася. Яна ведала, што ён рады сітуацыі, якая склалася, бо муж душой прырос да гэтай невялічкай вёскі. Між тым, як ні дзіўна, ніводзін чалавек, з якімі давялося сустрэцца ў Брадку, не пагадзіўся, што вёска іх дажывае свой век, што яна закінутая і занядбаная. Якой жа радасцю свяціліся вочы Валерыя, калі ён расказваў, як прыгожа тут у любую пару года. Казаў пра тое, што на паляванне часцей за ўсё ідзе не дзеля таго, каб застрэліць дзічыну, а каб паглядзець, з якой ганарлівасцю скубуць траву алені, паслухаць, як быццам у барабаны б’юць лапамі зайцы. Непараўнальным для сэрца  з’яўляецца і ток глушцоў. І тады нараджаюцца ў Валерыя вершаваныя радкі накшталт гэтых:

Есть две деревушки:
Ускромье и Бродок.
А река Березина
Там вдали течёт.
Там леса дремучие,
А кусты – кругом.
Мы пойдём смотреть лосей
С Ершём вдвоём…

Валерый умее жыць і бачыць прыгажосць таго, што яго акружае. Магчыма гэтаму пасадзейнічала ў нейкай ступені хвароба. Той час застаўся ў мінулым, але многае перавярнуў у жыцці сям’і Марыі і Валерыя. Дактары разводзілі рукамі і не верылі, што ён “працягне” доўга. Але дапамог Бог. Менавіта ў гэтым зараз упэўнены Юхнаўцы. Калі ў лёгкіх сама зажыла рана, гэта выклікала здзіўленне нават у прафесараў. Валерыя паказвалі па тэлебачанні, як прыклад неверагоднага.

Пасля хваробы Валерый звольніўся з працы механізатара фермерскай гаспадаркі “Брадок” і стаў сацыяльным работнікам. А паміж асноўнай справай рубіць людзям зрубы пад дамы. Высока цэняць работу Юхнаўца, ды ён і сам атрымлівае найбольшую асалоду ад гэтага. Давядзе пачатую справу да канца Валерый і абавязкова падзеліцца сваім шчасцем з Марыяй. Як добра, што сабраліся ў сям’ю шчырыя людзі, аднадумцы і летуценнікі, якія вышэй за матэрыяльны дабрабыт ставяць духоўнасць.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *