В Докшицкой школе искусств — пополнение

Усе бацькі жадаюць, каб з іх дзіцяці вырасла адораная, развітая асоба. Многія прыкладаюць для гэтага вызначаныя намаганні. Напрыклад, аддаюць сваіх дзяцей у дзіцячую школу мастацтваў, дзе яны вучацца спяваць, іграць на музычных інструментах, маляваць, танцаваць. Далёка не ўсе дзеці стануць прафесійнымі музыкантамі, танцорамі ці спевакамі, але тое, што іх будуць лічыць людзьмі адукаванымі, культурнымі, несумненна. Мастацтва робіць нас больш добрымі, прыгожымі, высакароднымі.

Каб дзеці па-сапраўднаму адчулі велічнасць моманту далучэння да свету мастацтва, у Докшыцкай школы мастацтваў для іх правялі цырымонію пасвячэння. Яе галоўнымі героямі былі 49 вучняў першага класа. Ім навучэнцы старэйшых класаў дэманстравалі тое, чаму самі паспелі навучыцца ў школе мастацтваў. Выхаванцы харэаграфічнага аддзялення выканалі “Фігурны вальс”. Вучні 3-га класа Дзіма Пракаповіч, Вераніка Сіўцэвіч, Дзіма Ставер, Ганна Козел прадэманстравалі сваё ўменне іграць на баяне, цымбалах, флейце і раялі. Другакласнік Косця Труханаў на акардэоне выканаў “Польку”. Пяцікласнікі паставілі музычную п’есу “Церам-церамок”. Свае віншаванні віноўнікам урачыстасці падарылі і дзеці са школы ранняга эстэтычнага развіцця “Смяшарыкі”. Выхаванцы мастацкага аддзялення падрыхтавалі маляўнічую выставу сваіх работ. Ад саміх першакласнікаў выступіў Даніла Дунец, які за паўгода навучання здолеў развучыць на такім складаным інструменце, як труба, невялічкую інструментальную п’еску. 

Калі ўсе віншаванні закончыліся, герояў пасвячэння запрасілі на сцэну, уручылі ім памятны медаль, а яны ўсе дружна пакляліся любіць мастацтва і ніколі яму не здрадзіць. “Я ніколі нічым іншым не захаплюся. Я ў гэтым музыцы клянуся” – такімі былі апошнія словы клятвы, якія хорам сказалі зараз ужо паўнапраўныя вучні школы мастацтваў.

НА ЗДЫМКУ: новае папаўненне школы мастацтваў.

Тэкст і фота Тамары  АЛЬШЭЎСКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *