Докшицкая детская библиотека празднует 60-летний юбилей

З усіх вынаходніцтваў чалавецтва кніга бясспрэчна стаіць на першым месцы. Яна, як духоўны запавет аднаго пакалення другому, як парада мудраца маладому юнаку, які пачынае жыць. Менавіта ў кнізе сабраны жамчужыны чалавечай думкі, знаёмства з якімі ўзбагачае больш, чым любыя іншыя багацці свету. Чытаць кнігі трэба ўмець, і гэтаму мастацтву вучаць дзяцей вось ужо 60 год у дзіцячай бібліятэцы.

У Докшыцах сваю гісторыю гэта ўстанова адлічвае з 11 ліпеня 1952 года, калі ў невялічкім драўляным будынку па вул. Ленінскай, дзе месціліся аж тры раённыя арганізацыі, ёй адвялі крыху месца, каб можна было паставіць некалькі стэлажоў з кніжкамі. Іх гаспадыняй стала маладая дзяўчына, выпускніца Магілёўскага культасветвучылішча Ксенія Ладошкіна. 

Адкрываць дзецям цудоўны свет дзіцячай кнігі, за вокладкай якой жывуць чароўныя казкі, таямнічыя прыгоды, цікавыя людзі і далёкія падарожжы, першы бібліятэкар пачынала маючы ў наяўнасці крыху больш за 500 кніг.

 Ішоў час, багацела краіна, дзіцячая бібліятэка атрымлівала ўсё лепшыя памяшканні, папаўняўся яе кніжны фонд. Маленькіх чытачоў у свет кнігі суправаджалі ў розныя гады Соф’я Маркавец, Алена Парфяновіч, Браніслава Казачонак, Любоў Гаўрыловіч, Галіна Цыбульская і іншыя работнікі.

Ужо 20 год храм дзіцячай кнігі знаходзіцца ў гарадскім Цэнтры культуры. Яго работнікі з некалькіх пакояў зрабілі сапраўднае царства казкі і ведаў, дзе прыгожа, маляўніча, а, галоўнае, цікава ўсім, хто сюды прыходзіць. Прафесія бібліятэкара менавіта дзіцячай бібліятэкі – асаблівая. Трэба любіць не толькі кнігу, але і яе маленькіх чытачоў. Быць ім мамай і сяброўкай, дарадцам і настаўнікам. Гэтымі якасцямі ў поўнай меры валодаюць сённяшнія работнікі Алеся Уладзімірава, Юля Жызнеўская, Марына Двоежонава. Маленькі калектыў ужо некалькі год узначальвае Алена Гудзь. Пад кіраўніцтвам гэтага творчага, абсалютна ўлюбёнага ў сваю прафесію чалавека, не менш таленавітыя падначаленыя зрабілі вельмі шмат, каб у век камп’ютарных тэхналогій дзеці не забывалі пра кнігу, якая дапамагае стаць ім разумнымі і добрымі, міласэрнымі і мужнымі. Для гэтага бібліятэкары выкарыстоўваюць усю сваю фантазію, прафесійныя веды. Напрыклад, пра кнігі займальна і цікава расказваюць дзецям Нязнайка, гномікі і іншыя казачныя героі, ролі якіх выконваюць самі ж бібліятэкары. Гульнявыя формы работы выкарыстоўваюцца ў час масавых мерапрыемстваў, выездаў на святы, у якіх дзіцячая бібліятэка заўсёды прымае актыўны ўдзел.  У ёй з поспехам працуюць розныя клубы, у тым ліку і клуб аматараў бібліятэкі “Біблігоша”, якім натхнёна кіруе Алеся Уладзімірава.

Пра плённую і творчую работу бібліятэкараў сведчаць шматлікія Ганаровыя граматы і Дыпломы, якія яны атрымалі ў розных конкурсах і аглядах за прапаганду нацыянальнай культуры, экалагічнае выхаванне, актыўнае ўкараненне інавацыйных форм работы і аказанне платных паслуг.

Дапытлівыя дзеці – гэта той каталізатар, які правярае на прафпрыгоднасць кожнага дарослага. Бібліятэкары дзіцячай бібліятэкі сваё выпрабаванне вытрымалі з гонарам. Яны патрэбны сёння сотням хлопчыкаў і дзяўчынак, якія  добра ведаюць дарогу ў дзіцячую бібліятэку.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ: члены клуба “Біблігоша”.

Фота з архіва бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *