В Докшицком Доме ремёсел прошла выставка «В мире красивого»

DSC00182

Своеасаблівую справаздачу работ за 6 гадоў прадставіла ў Доме рамёстваў настаўніца малявання Докшыцкай СШ № 1 Марына Аляксандраўна Зайцава. На адкрыццё выставы “У свеце прыгожага” сабраліся тыя, хто цікавіцца народным промыслам, захапляецца работамі народных майстроў, альбо тыя, хто ведае ці працуе разам з майстрам.

На выставе ў Зайцавай былі настаўнікі школ райцэнтра, прадстаўнікі аддзела адукацыі, родзічы, знаёмыя, а таксама свяшчэннік Докшыцкай праваслаўнай царквы, дабрачынны айцец Георгій Мялешка.
Новага члена клуба “Докша” прадставіла кіраўнік клуба народных майстроў Раіса Шыталь, а далей размову вяла сама мастачка. Марына Аляксандраўна гаварыла:

– Цяга да прыгожага ў звычайным мяне адрознівала ад іншых нават у школе. Яшчэ дзяўчынкай я магла доўга сканцэнтравана глядзець на ліст дуба ці клёна, плаўныя лініі рук любімай настаўніцы Ляйчынскай. А таксама задумацца і не пачуць тое цікавае, пра што яна з захапленнем расказвала. Мімаволі ўзнікалі розныя вобразы, якія праз гады былі ўвасоблены ў работах розных накірункаў.

Пасля школы, калі я пэўны час працавала піянерважатай у Глінскай школе, іскрынкі майго таленту, пэўныя творчыя задаткі ўбачыў тагачасны дырэктар і амаль прымусіў паступаць на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Канечне, няўпэўненасць стрымлівала жаданне. Мне здавалася, што я не магу сапернічаць з абітурыентамі, якія прайшлі да гэтага спецыяльны курс: у школе мастацтваў, рэпетытарстве мастакоў. Аднак мне пашанцавала і я паступіла, а затым паспяхова закончыла інстытут. У час вучобы разам з іншымі выстаўляла свае работы на розных выставах, мела зносіны з вядомымі мастакамі. Я і цяпер стараюся наведаць пры магчымасці выставы, што арганізоўваюцца ў Мінску ці Віцебску. Гэта натхняе, узрушае, дае новы зарад бадзёрасці.

Марына Зайцава працуе ў школе і, па яе словах, аднолькавае задавальненне атрымлівае ад працы з дзецьмі і ад таго, што выходзіць з яе ўмелых рук дома. Асоба яна разнапланавая, рукі прыдатныя да многага. На выставе ў Доме рамёстваў прадстаўлены вышыванкі, выцінанкі, бацік. Аднак Зайцава захапляецца і ткацтвам габеленаў, папера-пластыкай, графікай, мастацкай фатаграфіяй, распрацоўвае і шые мяккія цацкі, увасабляе ў мастацтва галінкі дрэў, карчы, штосьці іншае. За што б не ўзялася Зайцава, атрымліваюцца работы яркія і цікавыя, непаўторныя і своеасаблівыя.

Але больш за ўсё яна мае схільнасць да баціка. Менавіта тут яна выкарыстоўвае ўвесь прастор для палёту думак. Пры выкарыстанні гэтай тэхналогіі ручнога роспісу па тканіне кожная рэч вырабляецца ў адзіным экземпляры і становіцца непаўторнай.

– Гледзячы на вырабы мастачкі ў стылі баціка, пачынаеш павольна фантазіраваць, дадумваць вобразы да канца”, – падзялілася сваімі ўражаннямі намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі Рыма Ульская. – Ад убачанага ажно захапляе дух. Ляўша калісьці падкаваў блыху, а Марына Аляксандраўна робіць не меншыя цуды.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *