Лучший адвокат страны живёт в Докшицах

DSC00263111111

Напрыканцы снежня 2012 года ў Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання лепшых юрыстаў краіны. Вышэйшую юрыдычную прэмію “Феміда” атрымаў 21 калектыўны і індывідуальны намінант. У намінацыі “Адвакатура” Дыпломам і жаданай статуэткай багіні правасуддзя Феміды за поспехі, дасягнутыя ў прафесійнай дзейнасці, і актыўны ўдзел у дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў была ўзнагароджана загадчыца юрыдычнай кансультацыі Докшыцкага раёна Святлана Шышла.

Гэта не адзіная высокая ўзнагарода юрыста. У 2008 годзе С. М. Шышла за высокі прафесіяналізм па абароне правоў і свабод грамадзян атрымала Ганаровую грамату Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Аматарам тэатральнага мастацтва гэта прыгожая, таленавітая жанчына вядома, як вядучая артыстка Докшыцкага народнага тэатра, якая аднолькава паспяхова выступае, як у драматычным, так і камедыйным амплуа. Яна сыграла ў 12 спектаклях і 3 разы на абласным фестывалі-конкурсе “Тэатральная вясна” станавілася ўладальніцай Гран-пры за лепшае выкананне жаночай ролі, летась 4-ы раз атрымала Гран-пры, цяпер ужо за лепшае выкананне ролі другога плана.

Напярэдадні свята Дня жанчын Святлана Мікалаеўна завітала да нас у рэдакцыю, каб адказаць на пытанні рубрыкі “Сустрэча з цікавым чалавекам”.

1.Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?

– Я – мясцовая. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Вецяра. Там да сённяшняга часу жыве мая матуля і брат. Закончыла Докшыцкую сярэднюю школу і нідзе больш не жыла, як толькі ў Докшыцах, якія вельмі люблю і не прамяняю нават на сталіцу. Добра там, дзе знайшоў сваё шчасце. Маё шчасце тут.

2. У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?

– У першую чаргу, мае бацькі – працавітыя, сціплыя людзі. Мама насіла сумку паштальёна да 70 год. Да сённяшняга часу памятаю жыццёвыя ўрокі сваёй першай настаўніцы Фаіны Аляксандраўны Іванішкінай. Яна вельмі любіла нас малых і ў школе сапраўды замяняла матулю. Бясконцую павагу адчуваю да адваката Глыбоцкай юрыдычнай кансультацыі Луізы Уладзіміраўны Грыневіч. Яна шчодра дзялілася са мной сваім напрацаваным практычным вопытам. Навучыла мяне галоўнаму і незаменнаму ў адвакацкай (і не толькі) практыцы прынцыпу – ва ўсім знаходзіць кампраміс. Здаецца, няма тых удзячных слоў, якія маглі б выказаць мае адносіны да рэжысёра Докшыцкага народнага тэатра Ганны Васільеўны Яцкоўскай, якая адкрыла для мяне мастацтва. Яна падарыла мне яшчэ адно вельмі цікавае паралельнае жыццё.

3. Хто яны вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?

– Гэта мая мама. Таты, на жаль, ужо няма з намі. Бывае дома толькі наездамі і сын Аляксандр – будучы мытнік, а зараз студэнт БДУ. Самыя шчаслівыя вечары ў маёй 4-гадовай маленькай дачушкі Насці, калі дома з ёй мама і тата, які працуе старшым следчым у раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

4. Ваша прафесійная дзейнасць – гэта…?

– 15 год каштоўнай адвакацкай практыкі з грамадзянскімі, адміністрацыйнымі, крымінальнымі справамі. Існуе думка, што адвакат дапамагае ўцячы ад адказнасці, але ж гэта не так. Адвакат, безумоўна, абараняе чалавека, калі ў таго ўзніклі праблемы з законам, але робіць ён гэта толькі ў рамках таго ж закона. Кожны грамадзянін мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны сваіх правоў і свабод, у тым ліку і на права карыстацца дапамогай адваката. Толькі не ўсе грамадзяне ведаюць, што рэалізаваць гэта права ў поўнай меры можна толькі тады, калі звернешся да прафесійнага юрыста, г. зн. да адваката.

Шлях у так любімую сёння мной прафесію не быў лёгкім і простым. Пасля заканчэння школы пайшла адразу працаваць статыстам у райкам камсамола, бо ў сям’і былі матэрыяльныя складанасці. Потым выйшла замуж, уладкавалася адміністратарам у гасцініцу і паступіла на завочнае аддзяленне юрыдычнага факультэта Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута, які закончыла з “чырвоным” дыпломам. Толькі гэта акалічнасць нічога не значыла для прадстаўнічай камісіі ў Міністэрстве юстыцыі, якой здавала экзамены, каб атрымаць ліцэнзію на адвакацкую дзейнасць. Ёй патрэбны былі веды і яшчэ раз веды. Удалося іх прадэманстраваць на патрэбным узроўні і атрымаць доўгачаканую ліцэнзію, як кажуць, з першага заходу.

5. Вашы захапленні?

– Канечне, тэатр! Я не марыла пра яго, як бывае, з дзяцінства. Памятаю толькі, як разыгрывала з лялькамі казкі, пры гэтым сама агучвала ўсіх герояў. Зараз мяне ў гэтым плане паўтарае мая дачушка. У тэатр прывяла літаральна за руку Ганна Васільеўна. Зараз без яго я не ўяўляю свайго жыцця. Хаця, калі на адным з конкурсаў пасля спектакля нашага тэатра старшыня журы сказаў, што я не тую выбрала прафесію, у маёй душы ўсё ж такі не ўзнікла шкадавання. Прафесія – прафесіяй, а захапленне – захапленнем.

6. Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, а якія – адмоўныя пачуцці?

– Шчырасць. Не прымаю нахабнасці і прытворства.

7.Самы шчаслівы ваш дзень?

– У мяне такіх два: дні нараджэння маіх дзяцей… Насця – гэта вельмі доўгачаканае дзіця, і я яе не проста люблю, я яе абагаўляю.

8. Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?

– Аб тым, што не атрымала раней сваю сённяшнюю прафесію.

9. Ці актуальна сёння, па вашым меркаванні, выказванне: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў?”.

– Яно, мяркую, будзе актуальна яшчэ доўга, калі не заўсёды. У мяне няшмат сяброў, а тыя, што ёсць, тысячу разоў правераныя і бядой, і горам, і радасцю. Ва ўсе гэтыя моманты яны былі побач абсалютна шчыра.

10. Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?

– Канечне, сям’я, а потым любімая работа, і любімае захапленне. Да наяўнасці грошай і іх колькасці адношуся спакойна. Самыя галоўныя жыццёвыя каштоўнасці: каханне, шчасце, дружбу, здароўе за іх не купіш. Пра кар’еру ніколі не задумвалася.

11. Вашы любімыя аўтар, кніга, музыка?

– Міхаіл Булгакаў “Майстар і Маргарыта”. Бетховен “Лунная соната”.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Один комментарий для “Лучший адвокат страны живёт в Докшицах

  • 22.03.2013 в 11:17 дп
    Permalink

    Моя, милая Светланка, поздравляю тебя с наградой!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *