Бывший малолетний узник фашизма из Докшицкого района рассказал свою историю

Изображение 002

Пятру Яцкоўскаму было толькі 9 год, калі з сёстрамі і маці ён трапіў у Нямеччыну. Толькі ўчора бегаў хлапчук з аднагодкамі па вясковай вуліцы, радуючыся, што прыйшла вясна, забурліла вада па канаўках і няма зараз лепшага занятку, чым пускаць трэскі па ручайках, уяўляючы іх лодкамі і нават караблямі, а сёння сядзіць ужо ў Крулеўшчыне за калючым дротам і назірае, як усё падвозяць і падвозяць людзей да лагера пад адкрытым небам. На падводах прывезлі яшчэ некалькі сям’яў з іх Асінаўкі і з Порплішча. Людзі казалі, што асінаўскіх выдаў немцам былы солтыс Кучыц. Вельмі хацелася есці, але арыштаваных не кармілі, але чамусьці далі пакрысе спірту. Мо, каб весялей было ехаць у тую Германію? Потым прывезлі стрыечных братоў Пятра. Маці загаласіла, а Пецька ўзрадаваўся: хоць будзе з кім гуляць.

У Германіі яны трапілі да баўэраў з суседніх хутараў, таму бегалі часта ў госці адзін да аднаго, дапамагалі спраўляцца з работай, асабліва, калі трэба было перабіраць боб і ўважліва выглядаць у ім кожную дзірачку. Работа нудотная, і ўвесь час хацелася тую бабіну пакласці не ў кошык, а ў рот. Пачуццё голаду – самае яркае ўражанне тых часоў, якое помніцца зараз усё жыццё. Дарослыя жанчыны, у тым ліку і маці Пятра Настасся, і сёстры яго даілі кароў, упраўляліся з малаком. Астатнія іх рабоце зайздросцілі, бо батрачкі маглі крадком папіць малака і гэтым самым крыху суняць голад. Дзеці таксама без работы не сядзелі: насілі дровы, брыкет, пампавалі ваду, мялі двор, убіралі агародніну. Буракі там раслі вялікія-вялікія. А Пецька ад недакорму зусім быў слабы. Учапіўся ён у бурак дзвюма рукам, ды і заваліўся, сілы не хапіла яго нават з месца скрануць.

За год, што батрачылі на чужыне, абнасіліся зусім, ужо і латкі не было куды класці. Гаспадыня жанчынам і дзяўчатам аддала свае старыя сукенкі. А Пецьку апраналі добрыя людзі, былі такія і сярод немцаў, асабліва пажылых. Далі яму штонікі, куртачку і нават чаравікі, хоць і крыху велікаватыя. У іх ён і дадому прыехаў.

Вызвалілі гастарбайтэраў з Усходу амерыканцы. Усе адразу спужаліся, калі паступіў загад сабрацца на вясковай плошчы, але ўсмешлівы афіцэр растлумачыў, што ўсе зараз вольныя людзі і могуць паступаць, як хочуць: заставацца ў Германіі, выязджаць у іншыя краіны ці ехаць дадому. Усе, канечне, хацелі толькі дадому. Так нагараваліся, наеліся батрацкага хлеба, што пра дом думалася, як пра рай.

Раю ў вызваленай ад фашыстаў Беларусі, канечне, не было. Хаця ў наваколлі Порплішча вёсак спаленых не значылася, і хто перажыў вайну дома, той нават паспеў вясной засеяцца.

Яцкоўскія ж прыехалі на голы камень, дзякуй богу, што хоць хата засталася. Пётр, як адзіны мужчына ў сям’і (бацька памёр хутка пасля пачатку вайны), пайшоў зарабляць хлеб. Стаў пасвіць кароў. Хацелася ў школу, а быў ужо пераросткам, таму адхадзіў праз дзень чатыры гады і пайшоў на працу ў толькі што створаны калгас.

З гэтага часу і пачалася працоўная біяграфія аднаго з самых руплівых працаўнікоў племзавода “Порплішча”. Пётр Іванавіч быў прычэпшчыкам на трактары, паляводам, 11 год адпрацаваў кавалём і амаль столькі ж аператарам на ЭВМ – вырабляў травяную муку. За сваю бездакорную працу меў граматы, падарункі. І зараз успамінае, як за атрыманую 1000 тон мукі ўручыў яму тагачасны дырэктар В.А. Падляшчук канапу. Вельмі ёй радавалася жонка Ніна, з якой пражылі ладна ўсё жыццё, выгадавалі дачку і двух сыноў. Яна яшчэ паспела парадавацца ўнукам, але некалькі год таму памерла. Пётр Іванавіч жыве зараз адзін у доме, які некалі пасля жаніцьбы сам пабудаваў на радзіме жонкі. Дзеці і ўнукі не забываюць, але большую частку дня ён праводзіць з тэлевізарам. Любіць глядзець розныя перадачы, але больш кінафільмы, у якіх расказваецца пра вайну. Хоць і малы быў, але большага гора, чым у тыя гады, не бачыў.

Тамара  АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: малалетні вязень з в. Чачукі П.І. Яцкоўскі.

Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *