Пасха в творчестве Докшицких мастеров

З 10 красавіка да 10 мая ў выставачнай зале Дома рамёстваў дзейнічае выстава “Вялікдзень”. На ёй прадстаўлена больш чым 50 работ народных майстроў Докшыччыны.

Умелыя рукі Наталлі Пятровіч стварылі з лапікаў тканіны велікодны кошык з зайчанятамі, як напамінак пра тое, што Марыя Магдалена прынесла цару Тыберыю заячае яйка.

Гэты сімвал размясцілі сярод вышытых ёю ручнікоў і анёлаў. Прыцягвае ўвагу тонкая работа вышывальшчыцы Ядвігі Маліноўскай.

Вобраз Бога на палатне, пакладзены крыжыкам яркімі ніткамі, адкрывае суцэльную атмасферу святасці. А таму так урачыста выглядаюць вырабы нават пачынаючага майстра Юліі Юковіч, якая стварыла з бісеру кветкі і велікодныя яйкі.

Асаблівай яркасцю зіхацяць на сценах маляванкі Алены Таляронак.
Вясна, Вялікдзень, абуджэнне прыроды… Усё кранае, трывожыць душу, навявае новыя думкі. У творчых людзей выліваецца гэта ў мастацкія вырабы.

Аляксандр Вішнеўскі выразаў з дрэва тэматычнае пано, прадставіў на выставу велікодныя яйкі, вылепленыя з гліны.

У чарговы раз цешаць новымі работамі з саломы і лазы майстрыхі Дома рамёстваў дзве Таццяны – Гаварцова і Марціновіч.

На выставе прадстаўлены таксама вырабы Наталлі Канцавой і Вольгі Гарбачовай у стылі лапікавага шыцця.

Наведайце выставу – не пашкадуеце.
Р. ШЫТАЛЬ,
кіраўнік клуба
народных майстроў і самадзейных мастакоў “Докша”.
НА ЗДЫМКАХ: экспазіцыі выставы.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *