Механизатор Владимир Батуро встретил свой 55-летний юбилей в поле

1   Уладзімір Батура – механізатар СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” – свой 55-гадовы юбілей сустрэў на полі. Як звычайна, быў заняты ворывам глебы. Аднак настрой у той дзень быў асабліва добры. Павіншаваць яго з днём нараджэння прыехалі прадстаўнік райсельгасхарчу – начальнік аддзела інтэнсіфікацыі Васіль Шылёнак і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Іван Грыцкевіч. Канечне, не паскупілася на цёплыя словы і памятны падарунак кіраўніцтва сельгасфіліяла. Механізатар быў проста шчаслівы. І не так важна былі тыя падарункі, як патрэбна ўвага і цёплыя словы. А сказаны яны былі не авансам наперад, а як адзнака добрасумленнай і доўгай працы.
Сваю працоўную біяграфію Уладзімір пачаў у далёкім 1974 годзе. Пасля школы бягомльскі хлопец уладкаваўся на працу ў саўгас. Адразу разам з вопытным механізатарам працаваў на гусенічным трактары “Т-74”. Аралі глебу пазменна. Затым была вучоба ў аўташколе, служба ў арміі і зноў праца ў саўгасе. Пытаюся, чаму не шукаў іншую работу: у Бягомлі ж ёсць лясгас і леспрамгас, тады быў завод “Маналіт”, камунгас і іншыя арганізацыі, дзе, магчыма, больш прэстыжныя і высокааплачваемыя работы. У адказ чую, што зямля магнітам цягнула да сябе. Любіць Уладзімір вырошчваць хлеб, разумее яго каштоўнасць, радуецца, калі бачыць за сабой роўныя пласты сырой зямлі, першыя ўсходы. Цешыцца, калі жне зерневыя. За свае амаль 40 гадоў працы “зацугліў” “Т-74, -40, -25”, “Беларус-50, -52, 80, -82”… Пятнаццаць гадоў працаваў на камбайне “Дон”, дзевяць – на камбайне “Ніва”, пяць гадоў – на “КЗС-10”. Цікавімся, што трэба для таго, каб сумець працаваць на рознай тэхніцы і заўсёды мець станоўчыя вынікі? Механізатар усміхаецца і кажа: “Калі ведаеш адзін трактар, то астатнія ўжо не складана. Урэшце, як у любой справе, трэба мець чуццё, паняцце. Ёсць яно – будуць вынікі. А не — дык шукай другую работу”. “Ну, а поспехі на жніве, – працягвае Батура, – залежаць ад якасна праведзеных папярэдніх работ. Тут галоўнае добра апрацаваць участкі, дагледзець пасевы, не прапусціць момант паспявання. Вось тады і ўраджайнасць будзе, і высокія вынікі ў камбайнераў”.
Толькі на першы погляд здаецца, што, напрыклад, араць усюды аднолькава. Як патлумачыў наш герой, весці ворыва “мінералкі” вельмі складана. Калі звычайна за дзень норма выпрацоўкі даходзіць да 200 працэнтаў, то на балаціне ледзьве выканаеш адну. Зямля наліпае да адвалаў, не адвальваецца, і тады Уладзімір, як гаворыць сам, дасць-дасць скрабком. Значыць, трэба спыніць тэхніку, вылезці з камфортнай кабіны… На гадзіннік глядзець не даводзіцца. Працуе да той пары, пакуль светла, ёсць салярка… Не сакрэт, што жонка іншы раз жартам, а мо і ўсур’ёз назаве яго кватарантам. Не хапае ў механізатара часу, каб аддацца працы на ўласным падворку, хоць у гаспадарцы і карова ёсць, і свінні. Ды і правільна вядзе сябе Батура, бо калі за ўсё хапацца, то нічога не зробіш добра. У яго добра атрымлівацца на асноўнай рабоце, якая нясе прыбытак у сям’ю, душэўную заспакоенасць. Ён узяўся за гуж і не кажа, што не дуж.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: ва ўрочышчы “Мількунь” на ворыве «мінералкі» Уладзімір Батура.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *